Магілёўскія БАЖаўцы вучыліся працаваць з відэа
У Магілёве адбыўся трэнінг “Асновы відэа- і фотаздымкі”. БАЖаўцы з розных рэгіёнаў Магілёўшчыны вучыліся рабіць якасныя фотаздымкі і здымаць невялікія відэасюжэты на ўласных смартфонах.
У якасці трэнера магілёўцы запрасілі да сябе ў госці вядомага фота- і відэажурналіста, сябра ГА “БАЖ” з Барысава Аляксандра Зянкова. Трэнінг быў разлічаны на людзей, якія толькі пачынаюць сваю працу са смартфонам. Для многіх удзельнікаў трэнінгу прагучала шмат новай інфармацыі пра асаблівасці працы з тэхнікай.
Удзел у трэнінгу прынялі таксама і больш дасведчаныя ў відэаздымках магілёўскія журналісты, якім мадэратар параіў для працы некалькі цікавых праграм. Агульнымі намаганнямі практычна ўсе ўдзельнікі сустрэчы здолелі зняць на ўласных смартфонах невялікія відэасюжэты.
Магілёўскія журналісты напрыканцы мерапрыемства ў адзін голас выказвалі вялікую падзяку Аляксандру Зянкову за даходлівую падачу інфармацыі, што яе змог зразумець нават “чайнік”.
БАЖаўцы Магілёўшчыны выказалі спадзяванне, што Аляксандр Зянкоў зможа правесці для іх яшчэ адзін трэнінг, каб дапамагчы разабрацца з тым, як рабіць мантаж відэа на смартфонах. Да таго ж яго новы візіт у Магілёў дазволіць яшчэ больш умацаваць сяброўскія сувязі паміж Магілёўскай і Барысаўскай суполкамі БАЖ.
Ужо традыцыйна трэнінг у Магілёве праходзіў у гасцінных сценах Грамадскага цэнтра “Кола”. Мерапрыемства было арганізавана Магілёўскай суполкай ГА “БАЖ” сумесна з Выдавецкім цэнтрам Магілёўскай абласной кааліцыі дэмакратычных сіл.