• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Мінінфарм не лічыць пазаштатнікаў журналістамі

    Магілёўскі журналіст Уладзімір Лапцэвіч 26 верасня атрымаў пастанову ўпраўлення Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці, у якой старшы следчы Ігар Рыбакоў у чарговы раз адмовіўся распачынаць крымінальную справу супраць чыноўніка і міліцыянта за перашкоду прафесійнай журналісцкай дзейнасці.

    Гэтым разам следчы аргументуе, што карэспандэнт БелаПАН Лапцэвіч наогул не з’яўляўся журналістам.

    Больш за два гады журналіст спрабуе прыцягнуць да адказнасці супрацоўніка Ленінскага РАУС Сяргея Калеснікава і работніка адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва Канстанціна Кісцянёва да крымінальнай адказнасці за перавышэнне службовых паўнамоцтваў і злоўжыванне ўладай. 29 красавіка 2017 года гэтыя службовыя асобы перашкодзілі  Уладзіміру Лапцэвічу выконваць прафесійныя абавязкі, забараніўшы прысутнічаць на сходзе чальцоў гаражнага кааператыва “Спутник-2008”.

    Дзякуючы настойлівасці Лапцэвіча пастановы супрацоўнікаў Следчага камітэта аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмяняліся ўжо каля паўтара дзясятка разоў — або судом, або пракуратурай ці кіраўніцтвам Следчага камітэта. Аднак зараз супрацоўнікі СК вынайшлі новую тактыку, як нарэшце спыніць настойлівага журналіста.

    У апошняй пастанове аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць чыноўніка і міліцыянта маёр юстыцыі Рыбакоў даводзіць, што

    Уладзімір Лапцэвіч, які на той момант працаваў карэспандэнтам інфармацыйнага агенцтва БелаПАН па Магілёўскай вобласці і меў адпавядаючае заканадаўству пасведчанне журналіста, наогул не з’яўляецца журналістам. Следчы спасылаецца на тлумачэнне Міністэрства інфармацыі, што “аўтарская дамова не можа быць дакументам, які пацвярджае наяўнасць працоўных адносін паміж Лапцэвічам і ЗАТ “БелаПАН”.

    Паміж Лапцэвічам і ЗАТ “БелаПАН” на ажыццяўленне дзейнасці ў якасці карэспандэнта інфармацыйнага агенцтва была заключана менавіта аўтарская дамова.

    Следчы таксама спасылаецца на адказ Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь, паводле якога “аўтарская дамова не можа пацвярджаць наяўнасць працоўных адносін. Аўтарская дамова рэгулюе грамадзянска-прававыя адносіны, звязаныя з выкарыстаннем аб’ектаў аўтарскага права”.

    Уладзімір Лапцэвіч не здзіўлены, што ўпраўленне СК па Магілёўскай вобласці выкарыстоўвае ўсе магчымыя метады, каб не прыцягваць да адказнасці чыноўніка і супрацоўніка міліцыі. Журналіста абурае практыка выкарыстання падвойных стандартаў з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў і Міністэрства інфармацыі.

    У чэрвені 2017 года Уладзіміра Лапцэвіча прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за супрацоўніцтва з газетай беларусаў Польшчы “Ніва”. Тады суддзя Ленінскага раёна Магілёва Алена Літвіна аштрафавала журналіста на 45 базавых велічынь за парушэнне ч. 2 арт 22.9 КаАП РБ (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродку масавай інфармацыі). Падставай сталі сем публікацый Лапцэвіча ў “Ніве”.

    Журналіст перадаў суду даведку ад рэдактара “Нівы”, у якой сцвярджалася, што ніякіх працоўных адносін паміж газетай і журналістам няма. У даведцы падкрэслівалася, што вырабам прадукцыі СМІ займалася рэдакцыя выдання, а не Уладзімір Лапцэвіч. Нягледзячы на гэта тады журналіста прызналі вінаватым. Суд палічыў, што наяўнасць працоўных адносін паміж “Нівай” і Лапцэвічам пацвярджаецца копіямі дэкларацый з падаткавай інспекцыі.

    “Калі беларускім уладам трэба пакараць журналістаў-фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ, то ні міліцыю, ні суды не бянтэжыць адсутнасць у гэтых журналістаў пацверджаных дакументамі працоўных адносін.

    Але калі пазаштатны журналіст, інфармацыйныя матэрыялы якога гадамі публікуюцца ў нацыянальным СМІ, які мае журналістскае пасведчанне і сплачвае падаткі з ганарараў, патрабуе прыцягнуць да адказнасці вінаватых, што заміналі яму працаваць, то тут улады кажуць — вы не маеце працоўных адносін з гэтым СМІ, значыць, вы не журналіст. Яскравы прыклад падвойных стандартаў”, — зазначыў Уладзімір Лапцэвіч падчас гутаркі з карэспандэнтам Службы маніторынгу ГА “БАЖ”.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці