• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    На волю выйшаў аўтар YouTube-канала «Слуцк для жизни» Уладзімір Няронскі

    Затрыманы на пачатку мая 2020 года ў Магілёве разам з чальцамі каманды Краіна для жыцця” блогер Уладзімір Няронскі выйшаў на волю пасля адбыцця прызначанага тэрміну пакарання, паведамляюць праваабаронцы “Вясны”.

    Адразу пасля старту электаральнай кампаніі-2020 заснавальнік YouTube-канала “Слуцк для жизни” далучыўся да каманды блогера Сяргея Ціханоўскага. Аднак ужо адзін з першых агітацыйных дэсантаў скончыўся для яго затрыманнем — актывісту прызначылі 10 сутак адміністрацыйнага арышту за “арганізацыю несанкцыянаванага мітынгу з публічным абмеркаваннем улады”. Так суд класіфікавалі сустрэчу жыхароў Магілёва з паплечнікамі патэнцыйнага прэтэндэнта ў кандыдаты на вышэйшую пасаду Сяргея Ціханоўскага.

    Пасля гэтага случака яшчэ некалькі разоў перазатрымлівалі, агулам на “адміністратыўках” ён правёў 40 сутак — у ізалятары Слуцкага РАУС, жодзінскай следчай турме № 8, ізалятары Лагойскага РАУС. 17 чэрвеня 2020-га блогера перавезлі ў СІЗА №1 Мінска. Уласна кажучы, усе драматычныя падзеі, звязаныя з прэзыдэнцкімі выбарамі, ён прапусціў.

    Праваабарончая супольнасць прызнала Уладзіміра Няронскага палітвязнем, а яго пераслед — палітычна матываваным.  

    Працэс супраць блогера пачаўся толькі 12 студзеня 2021 года ў судзе Лагойскага раёна. Яго абвінавацілі па ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і арт. 369 (знявага прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса.  

    У выніку двухтыднёвага разбіральніцтва суддзя Лагойскага раёна Аляксандр Рыбакоў прызнаў Уладзіміра Няронскага вінаватым у “злачынствах”. Маўляў, у відэароліках публічна заклікаў да ўдзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах у Бабруйску, Брэсце, Магілёве, Мазыры, Слуцку, а заклікі да дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, рабіў нібыта “ў змове” з блогерам Сяргеем Ціханоўскім (стварыў яму акаўнт) і палітыкам Міколам Статкевічам (тэлефон быў у нататніку). Таксама яго прызналі вінаватым у публічнай абразе на сваім YouTube-канале старшыні Слуцкага райвыканкама Андрэя Янчэўскага.

    Сукупнае пакаранне вылілася ў 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Да таго аналагічны тэрмін пазбаўлення волі папрасіў і дзяржаўны абвінаваўца Аляксандр Ляўковіч. Гэта быў першы вырак у так званай “справе Ціханоўскага”. 

    Сам Уладзімір Няронскі пагадзіўся, што сапраўды публікаваў ролікі, у якіх эмацыйна выказваўся наконт палітычнай і эканамічнай сітуацыі ў краіне, але ніякай “змовы” ні з кім не было. Што да абразы слуцкага чыноўніка, блогер прызнаў віну ў поўным аб’ёме і нават сказаў, што гатовы публічна прынесці прабачэнні. Аднак суд гэтыя акалічнасці праігнараваў.

    6 красавіка таго ж года Мінскі абласны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу на прысуд Уладзіміра Няронскага. Асуджаны аўтар YouTube-канала “Слуцк для жизни” ў працэсе не ўдзельнічаў, хоць адпаведнае хадайніцтва было заяўлена.

    Адвакат Антон Гашынскі прасіў адмяніць рашэнне суда Лагойскага раёна і накіраваць справу на новы разгляд. Як адзначыў юрыст, відэаролікі на канале “Слуцк для жизни” з’явіліся задоўга да пратэсных акцый 2020-га, таму абвінавачанне неабгрунтаванае ў дастатковай форме. Паводле абаронцы, блогерства было самастойнай дзейнасцю Уладзіміра Няронскага і ніхто, уключна з Сяргеем Ціханоўскім ці Мікалаем Статкевічам, не мог ім кіраваць апрыёры.

    Аднак судовая калегія пакінула скаргу без задавальнення, а прысуд — без зменаў. Прызначаны тэрмін Уладзімір Няронскі адбываў у магілёўскай калоніі № 15. Агулам – 2 гады і 8 месяцаў з улікам тэрміну па формуле “адзін дзень за паўтара” ў СІЗА.  

    Чытайце яшчэ:

    «Сьнілася мне, што я вярнуўся дадому». Пра што піша з‑за кратаў журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык

    У Беластоку прайшла акцыя ў падтрымку Анджэя Пачобута

    Беларусские пропагандисты и провластные Telegram-каналы целый день «атакуют» Почобута

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці