Новы пратакол склалі на лідскага блогера Дзяніса Рудзевіча
Дзяніс Рудзевіч — блогер з Ліды, адзін з аўтараў канала «Ліда Для Жыцця» — паведаміў, што на яго склалі новы пратакол.
Нагадаем, 19 чэрвеня ў Гродне падчас акцыі “Ланцуг салідарнасці“ Дзяніса Рудзевіча схапілі невядомыя ў цывільным, не прадстаўляючыся, запіхнулі ў аўтобус і даставілі ў РАУС Ленінскага раёна.
Там Дзянісу паведамілі, што ён затрыманы і на яго быў складзены пратакол па частцы 2 артыкула 22.9 КоАП (незаконны выраб і распаўсюд СМІ).
Акрамя таго, у яго было канфіскавана ўсё абсталяванне, а тэлефон разбілі пры затрыманні супрацоўнікі ў цывільным
9 ліпеня 2020 года высветлілася, што адміністрацыйная справа па гэтым пратаколе прыпынена. Але на Дзяніса склалі новы пратакол па артыкуле 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення мерапрыемства).
У панядзелак 13 ліпеня Дзяніс мусіць прыйсці ў РАУС, каб азнаёміцца з пратаколам. Акрамя таго, намеснік начальнік Ленінскага РАУС у тэлефоннай размове паабяцаў, што абсталяванне аддадуць пасля экспертызы тэлефона.