NYT: Супрацоўнікі ФСБ называюць дзяржаўных прапагандыстаў «калегамі»
Супрацоўнікі расійскага дзяржаўнага холдынга ВГТРК транслявалі ў эфіры тэлеканалаў відэазапісы і іншую інфармацыю, якую ім перадавалі, часцяком ананімна, прадстаўнікі ФСБ і Міністэрства абароны РФ. Пра гэта гаворыцца ў артыкуле газеты The New York Times, журналісты якой вывучылі перапіску супрацоўнікаў ВГТРК, рассакрэчаную хакерамі.
У сакавіку група DDoSecrets апублікавала 900 тысяч электронных лістоў супрацоўнікаў ВГТРК. Журналісты NYT прааналізавалі ўсю базу звестак і выявілі 750 гігабайт файлаў, звязаных з падрыхтоўкай да вайны ва Украіне і яе раннім этапам у перыяд са студзеня па сакавік 2022 года.
Журналісты верыфікавалі сапраўднасць файлаў, а таксама вызначылі, што тэмы, якія абмяркоўвалі ў лістах, пасля сапраўды з’яўляліся ў эфіры.
Паводле матэрыялаў, якія вывучыла газета, дзяржаўныя прапагандысты пры асвятленні падзей, якія выклікалі міжнародны рэзананс, кіраваліся непасрэднымі інструкцыямі ФСБ і Міністэрства абароны Расіі.
У першы дзень паўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну — 24 лютага — супрацоўнікі ФСБ накіравалі ў дзяржаўныя СМІ ліст, у якім назвалі адрасатаў «калегамі».
У лісце, у прыватнасці, гаварылася, што ўкраінскія вайскоўцы кідаюць свае пасады.
У сакавіку ФСБ паведаміла рэспандэнтам у дзяржаўным медыяхолдынгу, што на полі бою загінулі двое ўкраінскіх афіцэраў, якія, па заяве расійскай спецслужбы, нібыта забівалі мірных жыхароў і былі тэрарыстамі. ВГТРК прасілі даць гэтую інфармацыю, не згадваючы ФСБ, што супрацоўнікі холдынга і зрабілі.
У сакавіку, паводле звестак NYT, расійскія вайскоўцы ў лісце з пазнакай «Важна!» даслалі відэа з украінскай бежанкай. Жанчына на запісе заявіла, што драмтэатр у Марыупалі, у якім знаходзіліся мірныя грамадзяне, узарвалі ўкраінскія нацыяналісты, а не разбамбілі расійскія вайскоўцы. «Калі ласка, выкарыстоўвайце ў матэрыялах», — гаварылася ў лісце.
Чытайце яшчэ:
Памёр віцебскі журналіст Вадзім Баршчэўскі
Журналіст Дзмітрый Семчанка з‑за кратаў: «Прыемна ўвага, якая надае сэнс маім учынкам»
Еўрапейская федэрацыя журналістаў працягвае патрабаваць вызвалення Ларысы Шчыраковай