• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Прастора “аКсяродак” і “Беларускі гістарычны клуб” — новыя ініцыятывы беларусаў Батумі

    У Батумі 25 верасня адкрылася новая шматфункцыянальная прастора “аКсяродак”. Тут будуць ладзіцца розныя беларускія імпрэзы, заняткі для дзяцей па фізіцы, рукадзеллі, кулінарыі. Раз на два тыдні будуць праходзіць сустрэчы “Беларускага гістарычнага клуба”, які арганізавалі ў Батумі беларускія журналісты.

    Мінчанка Аксана Акуневіч разам з сям’ёй з’ехала ў Батумі ў сакавіку 2022 года. Ад самага пачатку дзяўчына марыла пра прастору, у якой маглі б сустракацца беларусы, якія гэтак жа, як і яна, пераехалі ў Грузію. У Аксаны атрымалася знайсці адпаведны дом у старым горадзе, і ўжо 25 верасня яна адкрыла шматфункцыянальную прастору “аКсяродак”.

    Аксана — магістарка тэхнічных навук, аспірантка педагагічных навук. У Мінску яна вяла курс “Чалавечая фізіка” для розных узростаў. Цяпер магчымасць цікава вывучаць фізіку будзе ў беларусаў Батумі. Вядзецца запіс  у некалькі груп для вучняў рознага ўзросту. І нават для дарослых — “Фізіка пад вінцо”.

    Таксама будуць праводзіцца заняткі для дзяцей па рукадзеллі і кулінарыі.

    Акрамя таго, за пэўную плату можна карыстацца прасторай “аКсяродак” як каворкінгам і калёрнінгам (месцам для сумеснага навучання і развіцця дзяцей).

    Раз на два тыдні ў “аКсяродку” будуць праходзіць сустрэчы “Беларускага гістарычнага клуба”. Яго ў Батумі арганізавалі два беларускія журналісты — Андрэй Мялешка і Ілля (з прычын бяспекі хлопец папрасіў не называць яго прозвішча). Андрэй Мялешка — гісторык паводле адукацыі, Ілля даўно піша гістарычныя артыкулы для СМІ.

    Першая сустрэча гістарычнага клуба была прысвечаная бітве пад Воршай, другая, ужо ў прасторы “аКсяродак” — падзеям 17 верасня 1939 года.

    “Ідэя гэтага клуба нарадзілася ў нас з Іллёй, бо мы хацелі гістарычную навуку даваць простымі словамі без акадэмізму, — распавёў Андрэй Мялешка. — Летась гістарычныя сустрэчы ў Батумі беларусы ладзілі разам з украінцамі, але той хлопец цяпер займаецца іншымі справамі. Яшчэ такі момант — тыя сустрэчы былі акадэмічнага фармату, і людзі хутка стаміліся ад гэтага. У нас жа будзе дыскусійны, размоўны клуб”.

    Андрэй і Ілля плануюць запрашаць на сустрэчы клуба польскіх і ўкраінскіх гісторыкаў, якія будуць прыязджаць у Батумскі ўніверсітэт ім Ш. Руставелі.

    Журналіст выказвае спадзяванне, што сёлета ў лістападзе ў Батумі завітаюць таксама беларускія гісторыкі.

    Наведваць сустрэчы гістарычнага клуба Андрэй запрашае не толькі беларусаў, але і ўкраінцаў, і грузінаў.

    Тэмы для дыскусій будуць абірацца паводле “Гістарычнага календара на штодзень”, складзенага беларускім журналістам Уладзімірам Хільмановічам з Гародні. Усе сустрэчы — бясплатныя, аднак арганізатары будуць удзячныя за данаты, якія пойдуць на дапамогу ў аплаце арэнды прасторы “аКсяродак”, падкрэслівае Андрэй Мялешка.

    “Мы з Іллёй за свае лекцыі грошы не просім, — кажа журналіст. — Не мае значэння таксама, як шмат людзей будзе прыходзіць на сустрэчы. Для мяне найперш важна перадаць свае веды. Пра гісторыю Беларусі мы можам распавядаць і двум-тром асобам, бо мы хочам падзяліцца ведамі з тымі, каму гэта цікава і патрэбна”.

    Чытайце яшчэ:

    Трымаюцца бадзёра, не губляюць надзеі: сабралі навіны ад калег-палітвязняў

    «Пакаянныя» відэа: што яны парушаюць і як уздзейнічаюць на чалавека

    “Блакіроўка Telegram-каналаў — удушэнне свабоды слова”. Мінінфарм заклапаціўся сваімі “рупарамі”

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці