• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Прысуд Паўлу Мажэйку застаўся без зменаў. Днямі яго этапуюць у калонію

    Вярхоўны суд Беларусі сёння, 17 кастрычніка, разгледзеў апеляцыйныя скаргі гродзенскага журналіста Паўла Мажэйкі і адвакаткі Юліі Юргілевіч, асуджаных да зняволення па абвінавачанні ў «спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці». Абодвух сёлета 26 ліпеня Гродзенскі абласны суд прыгаварыў да 6 гадоў калоніі, прычым Паўла — ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Гэты вырак Вярхоўны суд пакінуў у сіле.

    Скаргі Паўла Мажэйкі і Юліі Юргілевіч разглядаў старшыня судовай калегіі Вярхоўнага суда Павел Каршуновіч.

    Слуханне адбывалася ў закрытым рэжыме, на абвяшчэнне выраку пусцілі сваякоў. 

    Жонка Паўла Мажэйкі Ірына Чарняўка разам з дзецьмі на сёння знаходзіцца па-за межамі Беларусі. Паводле слоў Ірыны, ні яна, ні Павел не спадзяваліся на тое, што Вярхоўны суд адменіць рашэнне суда першай інстанцыі ці зменіць яго ў лепшы бок: 

    «Я сачу за падобнымі працэсамі ў дачыненні да медыйшчыкаў і бачу, што спадзявацца няма на што. Тое самае і Павел: у лістах ён пісаў, што гатовы да пацвярджэння прысуду і да таго, што яго неўзабаве этапуюць на месца адбыцця пакарання. Дзе яно будзе, мы не ведаем, але да пачатку лістапада ён, хутчэй за ўсё, трапіць у іншае месца».

    Уступленне прысуду ў законную сілу і змена ўмоў утрымання мае істотнае значэнне, падкрэслівае Ірына. Прыкладам, у калонію яму можна будзе дасылаць толькі адну пасылку на год вагой да 50 кілаграмаў, а раней, падчас следства і чакання рашэння Вярхоўнага суда, ён мог атрымліваць штомесяц перадачы вагой да 30 кілаграмаў. 

    Кажа, што Павел і Юлія істотна схуднелі, але не выглядалі зламанымі падчас пасяджэння ў Вярхоўным судзе. 

    «Мяне заўсёды ўражвае, што кожны ліст ад Паўла з‑за кратаў вельмі аптымістычны. Ён піша ў асноўным пра свой побыт: што чытае, пра што разважае. Прыдумляе для сына крыжаванкі і судоку, яму і дачцэ піша асобныя лісты, укладаючы іх у агульны канверт з лістамі да іншых сваякоў. Дагэтуль перапіска была больш-менш рэгулярнай, што будзе пасля пераводу ў калонію, прадказваць цяжка», — кажа жонка. 

    Апошні раз яна бачыла Паўла праз Zoom літаральна за паўгадзіны да затрымання. Гэта здарылася 30 жніўня 2022 года, калі сям’я журналіста ўжо была ў замежжы. Паўла Мажэйку затрымалі па вяртанні ў Беларусь. Пасля затрымання ў ягонай кватэры і ў кватэры ягоных бацькоў сілавікі правялі ператрусы.

    У чым журналіста вінавацілі, доўгі час не было вядома, бо адвакат знаходзіўся пад падпіскай аб неразгалошванні. Тое, што яму інкрымінавалі «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса), стала вядома толькі ў сакавіку 2023 года. 

    Паводле следства, адвакатка Юлія Юргілевіч расказала ў тэлефоннай размове Паўлу пра сваё звальненне з адвакатуры і пра прысуд мастаку Алесю Пушкіну, а Павел нібыта перадаў гэтую інфармацыю тэлеканалу «Белсат». Спосаб, час і датычных да гэтага іншых асоб следства не высветліла. Павел Мажэйка і Юлія Юргілевіч сваёй віны не прызналі. У судзе Мажэйка адказваў на пытанні выбарачна, ягоны бацька адмовіўся сведчыць супраць сына. 

    Справу журналіста і адвакаткі ў Гродзенскім абласным судзе разбіраў суддзя Максім Філатаў, які і раней выносіў жорсткія прысуды па палітычных справах. Старшыня судовай калегіі Вярхоўнага суда Павел Каршуновіч сёння падтрымаў вырак.

    Павел Мажэйка — вядомы гродзенскі журналіст. Ён быў карэспандэнтам адной з першых незалежных газет «Пагоня», рэдактарам газеты «Дзень», супрацоўнічаў з інфармацыйным агенцтвам БелаПАН, тэлевізійнай кампаніяй TVP (Польшча), друкаваўся ў польскіх і амерыканскіх выданнях. Ганаровы сябра пісьменніцкіх суполак беларускага і брытанскага ПЭН-цэнтраў. Паводле адукацыі Павел — выкладчык гісторыі і культаралагічных дысцыплін, скончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Апрача журналістыкі, ён шмат займаўся грамадскай дзейнасцю, быў прэс-сакратаром Аляксандра Мілінкевіча, кандыдата ў прэзідэнты на выбарах-2006.

    Разам з сябрамі Павел стварыў у Гродне «Цэнтр гарадскога жыцця» — альтэрнатыўную, дэмакратычную, беларускую пляцоўку, дзе адбывалася мноства імпрэзаў, канцэртаў, выставаў.

    Спадар Мажэйка — адзін з першых палітвязняў Беларусі: у 2002 годзе яго асудзілі на 2 гады «хіміі» за «паклёп» на прэзідэнта. Тады пакаранне адбываў у Жлобіне ў папраўчай установе адкрытага тыпу, працаваў на пілараме. Па амністыі тэрмін скарацілі на год. Пасля апошняга затрымання беларуская праваабарончая супольнасць зноў прызнала яго палітычным вязнем. Адпаведная заява была прынятая 20 верасня 2022 года.

    Сёлета 25 траўня Паўлу Мажэйку споўнілася 45 гадоў, гэты юбілей ён сустрэў за кратамі. 

    Чытайце яшчэ:

    Как себе помочь при травме свидетеля в журналистике? Рекомендации психолога

    Стала вядома, за што палітвязень Ігар Лосік трапіў у ПКТ, дзе знаходзіцца паўгода

    Траціна асуджаных журналістаў у Беларусі – супрацоўнікі «Белсату». За кратамі – 13 супрацоўнікаў

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці