Суд па справе Вольгі Калацкай пачнецца заўтра. Перакладчыцы пагражае да 6 гадоў турмы
Працэс над перакладчыцай Вольгай Калацкай распачнецца ў аўторак, 23 сакавіка, а 10:30 у судзе Фрунзенскага раёне Мінска. Суд можа прайсці за адзін дзень. Вользе пагражае да 6 гадоў зняволення.
Перакладчыцу Вольгу Калацкую вінавацяць у злосным хуліганстве (арт. 339 Крымінальнага кодэкса) — нібыта падчас адной з акцый пратэсту Вольга нанесла некалькі ўдараў супрацоўніку СТВ Рыгору Азаронку.
Вольгу Калацкую затрымалі 15 студзеня падчас заняткаў па ангельскай мове. Паводля ч.2 арт. 339 Вользе Калацкай пагражае арышт альбо абмежаванне волі да 3 гадоў, альбо пазбаўленне волі да 6 гадоў.
Вольга Калацкая не з’яўляецца журналісткай, але яе затрыманне выклікала шырокі розгалас у коле беларускай інтэлігенцыі. Спадарыня Вольга шмат працавала з журналістамі — выкладала для іх англійскую мову, рабіла пераклады.
У свой час Вольга пераклала на беларускую мову дзясяткі фільмаў, серыялаў і кніг, у тым ліку Вірджыніі Вулф, Тэнэсі Ўільямса, Уільяма Голдынга, Пола Остэра, Тоні Парсанза, Артура Голдэна, «Гладыятар”, “Шрэк”, “Сямейку Смітаў” ды іншыя.
З патрабаваннем неадкладна вызваліць Вольгу выступіў Амерыканскі ПЭН (PEN America) і вядомая канадская пісьменніца Маргарэт Этвуд.
Да затрымання Вольга Калацкая жыла ў Мінску з 89-гадовай маці, якой патрабуецца дагляд. Цяпер дапамагаць маці адгукнуліся сябры і вучні Вольгі.
На выходных адбылося пасяджэнне Камітэта пісьменніц Міжнароднага ПЭНа (PI WWC), у якім узялі ўдзел намесніца cтаршыні Беларуcкага ПЭН-цэнтра Таццяна Нядбай і сябра Рады Марыя Мартысевіч. У межах канферэнцыі абмяркоўвалася становішча пісьменніц у розных краінах і рызыкі, з якімі яны вымушаныя сутыкацца, таксама гаварылася пра выклікі, якія паўстаюць перад Камітэтам і перад кожнай з жанчын асабіста; узнімалася пытанне пісьменніц у выгнанні і становішча пісьменніц у аўтарытарных краінах.
Падчас пасяджэння былі арганізаваныя так званыя “Пустыя крэслы” (Empty chair), якія пакідаюць свабоднымі для тых прадстаўніц, якія не маюць магчымасці далучыцца да сустрэчы з прычыны зняволення. Такія “крэслы” даюць магчымасць распавесці гісторыі жанчын, якія пакутуюць за сваю грамадзянскую пазыцыю, за тое, што яны актыўна выказваюцца праз сваю творчасць, чым нярэдка вымашаюць улады адчуваць сябе няёмка. Адно з такіх крэслаў была пакінутае за Вольгай Калацкай. Беларускі ПЭН-цэнтр сумесна з Міжнародным ПЭНам ініцыявалі яго з’яўленне, а Марыя Мартысевіч распавяла пра справу Вольгі, нагадаўшы, што ёй зараз як ніколі патрэбная падтрымка.