Суд у Калінкавічах пакараў Ларысу Шчыракову буйным штрафам за асвятленне галадоўкі ўдзельніц руху «Маці 328»
Cуд Калінкавіцкага раёна 28 траўня пакараў незалежную журналістку з Гомеля Ларысу Шчыракову буйным штрафам паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП.
Пастанову на штраф у памеры 40 базавых велічыняў (980 рублёў) вынесла суддзя Святлана Кугейка. Яна прызнала журналістку вінаватай у незаконным вырабе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для польскага тэлеканала “Белсат”. Хоць Шчыракова стрыміла падзеі, звязаныя з галадоўкай шасцёх маці на вуліцы Катоўскага ў Калінкавічах, на сваю старонку ў Facebook, адкуль зацікаўленыя медыярэсурсы і бралі відэаінфармацыю.
У суд Шчыракова прыйшла з марлевай павязкай на вуснах. Зняла яе перад тым, як даваць тлумачэнні. Журналістка заявіла, што не давярае беларускаму правасуддзю ў палітычных справах, якой, на яе думку, з’яўляецца і асвятленне галадоўкі «Маці 328». Патлумачыла, што як грамадзянка яна мае права збіраць і распаўсюджваць інфармацыю – ніякага дазволу ні ад кога на гэта не патрэбна.
“Пераследамі і штрафамі міліцыя і суды хочуць заткнуць рот незалежным журналістам, каб яны не асвятлялі надзённыя праблемы людзей. Ніхто з афіцыйных СМІ за два тыдні галадоўкі мацярок, чые дзеці асуджаныя на вялікія тэрміны за спажыванне наркотыкаў, так і не наведаў галадоўніц, не выслухаў іх”, — кажа Шчыракова.
Падтрымаць незалежную журналістку ў судзе прыехалі каля двух дзясяткаў гараджан, у тым ліку і самі галадоўніцы — Алена Казакова з Калінкавіч і Святлана Багдановіч з Мазыра.
“У галаве не ўкладваецца, за што такія вар’яцкія штрафы? Што журналістка расказала праўду пра нас? Што нас нарэшце пачулі ўлады і няхай хоць і невялікі, але зрух адбыўся ў справе перагляду заканадаўства і, спадзяюся, практыкі прымянення крымінальнага артыкула 328 пра незаконны абарот наркатычных рэчываў”, — заўважае Алена Казакова, якая прадаставіла сваю кватэру для пратэстнай галадоўкі.
Накладзены раённым судом штраф Ларыса Шчыракова мае абскардзіць у Гомельскім абласным судзе.
Фота: Facebook Ларысы Шчыраковай