• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Суды ў Магілёве: караюць «суткамі» журналістаў і простых грамадзян ФОТА

    У Магілёве 11 мая ў раённых судах праходзілі разгляды адміністрацыйных спраў у дачыненні да журналістаў і грамадскіх актывістаў. Людзей абвінавацілі ў парушэнні закона аб масавых мерапрыемствах, пасля таго, як некалькі дзясяткаў магілёўцаў не далі супрацоўнікам міліцыі затрымаць прыхільніка Сяргея Ціханоўскага на Віцебскім праспекце.

    «Пад раздачу” патрапілі таксама і магілёўскія журналісты: Міхась Аршынскі, Аляксандр Буракоў (старэйшы) і Алесь Асіпцоў. Журналісты ніякім чынам у акцыях у падтрымку Сяргея Ціханоўскага не ўдзельнічалі, а проста выконвалі сваю працу, інфармуючы грамадскасць пра падзеі ў Магілёве.

    Нягледзечы на гэта, Міхась Аршынскі быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі ў двары дома ўвечары 7 мая, Аляксандра Буракова праваахоўнікі затрымалі каля будынка суда ў Магілёве 8 мая, а Алесь Асіпцоў знік 9 мая ў Бабруйску пасля акцыі аўтамабілістаў “Антыпарад”. Пазней высветлілася, што ён, як і іншыя журналісты, знаходзіцца ў ІЧУ ў Магілёве.

    З раніцы 11 мая каля будынкаў судоў у Магілёве сабраліся журналісты, праваабаронцы і проста неабыякавыя грамадзяне, якія прыйшлі падтрымаць затрыманых.

    Першымі каля 11-ці раніцы супрацоўнікі міліцыі прывезлі з ІЧУ журналіста Аляксандра Буракова і аднаго з затрыманых за салідарнасць з блогерам Ціханоўскім, Уладзіміра Барэйшу.

    Тэрмін затрымання (72 гадзіны) Буракова ўжо скончыўся, таму супрацоўнікі міліцыі былі вымушаны адпусціць журналіста.

    Амаль адразу ж Буракоў накіраваўся ў пракуратуру, дзе падаў скаргу на супрацоўнікаў міліцыі за незаконнае затрыманне.

    Падчас гутаркі з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ” Аляксандр Буракоў распавёў, што 8 мая адразу пасля затрымання яго прывезлі ў Ленінскі РАУС Магілёва, там ён правёў у “стакане” сем гадзін, з 13 да 20 гадзін. У ІЧУ яго разам з іншымі затрыманымі прывезлі позна ўвечары, і там увесь час журналіст знаходзіўся ў “адзіночцы”.

    “Было вельмі холадна”, — распавёў Аляксандр.

    Па словах Буракова, супрацоўнікі міліцыі паводзілі сябе карэктна і не дапускалі нейкіх абраз на яго адрас.

    Суды над затрыманымі ў Магілёве пачаліся толькі пасля абедзенага перапынку. Разгляд спраў праходзіў у розных судах (Ленінскім і Кастрычніцкім), таму журналісты і праваабаронцы падзяліліся, каб ахапіць судовыя працэсы па-максімуму.

    У Кастрычніцкім райсудзе ў 14.10 суддзя Таццяна Міхайлава пачала разгляд справы відэаператара Міхаіла Аршынскага. Калі Аршынскага даставілі з ІЧУ ў суд, ён выглядаў вельмі стомленым. Практычна ўвесь час у ізалятары часовага ўтрымання Міхаіл нічога не еў. Па словах журналіста, у яго быў моцны псіхалагічны стрэс.

    На пачатку разгляду справы ў судзе Аршынскі звярнуўся да суддзі Міхайлавай з хадайніцтвам прадаставіць яму час, каб знайсці адваката. Паводле журналіста, ён збіраўся заключыць дамову з адным з мінскіх адвакатаў. Таццяна Міхайлава спачатку абвесціла перапынак, а потым праз сакратара судовага пасяджэння агучыла сваё рашэнне: даць Аршынскаму 30 хвілін.

    Зразумела, што за гэты час журналіст адваката знайсці не мог, таму пасля перапынку разгляд справы Аршынскага працягнуўся без абаронцы.

    Паводле слоў праваабаронцы Барыса Бухеля, які прысутнічаў на працэсе, суддзя Міхайлава чамусьці вельмі нервавалася. Ад пачатку было зразумела, што журналіста прызнаюць вінаватым, было не зразумелым толькі, колькі «сутак» ён атрымае.

    У выніку суддзя Таццяна Міхайлава пакарала Міхаіла Аршынскага  10 суткамі арышту «за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве».

    Але гэта яшчэ не ўсе выпрабаванні, якія выпалі на долю Міхаіла на гэтым тыдні. 12 мая, але на гэты раз ужо ў судзе Ленінскага раёна Магілёва, у 16.00 павінен працягнуцца разгляд яшчэ адной справы аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да журналіста.

    Першае слуханне адбылосяся яшчэ 8 мая. Тады суддзя Аксана Ратнікава ў адказ на хадайніцтва Аршынскага пра неабходнасць знайсці адваката для сваёй абароны ў судзе абвесціла перапынак  да 12 мая. За гэты час Аршынскі мусіў быў заключыць дамову з адвакатам.

    Зразумела, што зрабіць гэтага журналіст не змог, бо амаль адразу ж пасля таго, як ён выйшаў ад суддзі, у будынку суда яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі і завезлі ў ІЧУ.

    Разгляд адміністрацыйнай справы журналіста Аляксандр Буракова ў судзе Ленінскага раёна Магілёва 11 мая пасля абеда пачала суддзя Вікторыя Палякова. Буракоў таксама заявіў хадайніцтва пра пошук адваката на пачатку судовага пасяджэння. Суддзя Палякова прадаставіла яму на гэта аж 40 хвілін. А пасля прапанавала дзяржаўнага адваката, ад паслуг якога журналіст адмовіўся.

    Аляксандра Буракова абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 6 мая каля ІЧУ ў Магілёве. Сведкам выступіў супрацоўнік Ленінскага РАУС маёр міліцыі Павел Башарымаў. Паводле пратакола апытання міліцыянера, 6 мая Буракоў прыехаў на сваім аўтамабіле з дзвюма асобамі да ізалятара часовага ўтрымання, дзе цягам «крыху больш за дзве хвіліны» прымаў удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Праўда, пра тое, што гэта  несанкцыянаванае мерапрыемства, ніхто Буракову не паведамляў. Таксама з пратакола невядома, якім яно было — дэманстрацыяй, мітынгам, пікетам ці шэсцем. Насамрэч людзі сабраліся перад ІЧУ, каб высветліць лёс блогера Сяргея Ціханоўскага, які 5 мая прыехаў у Магілёў на сустрэчы са сваімі падпісчыкамі, а потым быў затрыманы.

    Журналіст у сваім выступе ў судзе адзначыў, што ніякага масавага мерапрыемства не было, людзі папросту стаялі на месцы і размаўлялі. Што датычыцца яго, то ён прыехаў на месца падзеі, каб выконваць свае журналістскія і праваабарончыя функцыі.

    Суддзя Вікторыя Палякова паведаміла, што вынесе сваё рашэнне 12 мая а 10.00.

    12 мая ў Магілёве таксама павінны судзіць магілёўскага журналіста, карэспандэнта інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алеся Асіпцова. Пра час пачатку разгляду яго адміністрацыйнай справы пакуль ніякай інфармацыі няма.

    Таксама 11 мая ў магілёўскіх судах былі пакараны арыштамі за сустрэчу з блогерам Ціханоўскім грамадзяне: Уладзімір Барэйша (8 сутак), Мікіта Ігнашын (10 сутак), Барыс Огнеў (7 сутак), Іна Джумава (3 сутак). Актывістка АГП Таццяна Сівачэнка павінна сплаціць 25 базавых велічынь (675 рублёў) штрафу. Яшчэ двух чалавек, Станіслава Паўлінковіча і Стаса Расінскага, суды пакаралі арыштам за змаганне за чысціню магілёўскага навакольнага асяроддзя. Пару разоў яны па прыкладзе брэсцкіх актывістаў выходзілі карміць галубоў.

    Стартовал сбор средств для арестованных журналистов. Присоединяйтесь!

    ГА «БАЖ» патрабуе вызваліць калег і перагледзець адміністрацыйныя справы. ЗАЯВА

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці