Супраць Кіркевіча і Дзянісава распачалі адміністрацыйны пераслед
У дачыненні да журналістаў-фрылансераў Алеся Дзянісава і Алеся Кіркевіча праваахоўныя органы Беларусі распачалі новы адміністрацыйны пераслед. На Алеся Кіркевіча складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні паводле ч. 2. арт. 22.9 КаАП РБ (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі).
Нагодай для чарговага пераследу стаў відэарэпартаж тэлеканала «Белсат» пра намер гродзенскіх гісторыкаў і актывістаў адкрыць для беларусаў і замежнікаў гарадскія сутарэнні Гродна, некаторыя з якіх датуюцца яшчэ часамі Сярэднявечча, апроч гэтага паспрыяць стварэнню ў іх кавярань і музеяў. Тэлеканал «Белсат» паказаў рэпартаж 7 снежня 2018 г., яго аўтарам пазначаны Алесь Залеўскі.
Паводле Алеся Кіркевіча, 10 студзеня 2019 года да яго ў кватэру прыйшоў старэйшы інспэктар адзела аховы правапарадку і прафілактыкі АУС адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна капітан міліцыі Вадзім Налівайка, які склаў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.
“У пратаколе я падпісаў, што азнаёміўся са сваімі правамі і абавязкамі, таксама падпісаў, што атрымаў копію пратакола. Ад якіх-кольвек тлумачэнняў адмовіўся. Уся працэдура доўжылася літаральна хвілін сем”, — удакладніў Алесь Кіркевіч.
У справе таксама фігуруе журналіст, адзін з лідараў музычнага гурта Dzieciuki Алесь Дзянісаў. 10 студзеня ўвечары яму патэлефанаваў намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі АУС адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна Аляксей Вайцешка і запатрабаваў прыйсці ў раённае аддзяленне міліцыі для складання пратакола. Алеся Дзянісава падазраюць, што падчас стварэння рэпартаж пра гродзенскія сутарэнні ён нібыта здзяйсняў апэратарскую здымку.
“Па тэлефоне Аляксей Вайцешка сказаў, што ў дачыненні да мяне распачатая адміністрацыйная справа за незаконны выраб інфармацыйнай прадукцыі. Запрашаў прыйсці для складанання пратакола, але я папярэдзіў яго, што з асабістых прычын прыйсці не змагу”, – распавёў Алесь Дзянісаў у гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ”.
На думку Алеся Кіркевіча, гэтая справа – суцэльнае глупства: “Журналістаў трэба судзіць не за супрацу з тым ці іншым СМІ, але за здзейснены імі паклёп альбо за ўчыненую шкоду сваёй дзяржаве. Калі ты робіш пазітыўны матэрыял пра турыстычны патэнцыял свайго горада, калі ўвесь час улады кажуць пра развіццё турызму, а ў выніку мы маем падобныя дзеянні, то гэта глупства, нават шкодніцтва”.
У межах справы таксама ўжо былі апытаныя гродзенскі медыяактывіст Руслан Кулевіч і гісторык Ян Лялевіч, якія фігуравалі ў рэпартажы.
Пераслед журналістаў у горадзе над Нёманам адбываецца сістэматычна. У большасці выпадкаў іх абвінавачваюць паводле артыкула 22.9 КаАП. На працягу апошніх гадоў вялікімі адміністрацыйнымі штрафамі былі пакараныя Андрэй Мялешка, Алесь Дзянісаў, Павел Мажэйка. Таксама раней прыцягваўся да адказнасці і быў пакараны Алесь Кіркевіч.