Трох брэсцкіх журналістаў выклікаюць у міліцыю ў нядзелю
Пра гэта стала вядома сёння, калі журналісты знаходзіліся каля будынка Ленінскага райаддзела міліцыі Брэста. Яны чакалі, каб зрабіць рэпартаж пра вызваленне з ізалятара часовага ўтрымання апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча, які адбываў адміністрацыйны арышт.
Убачыўшы Яўгена Скрабца, Алеся Ляўчука і Мілану Харытонаву, супрацоўнікі міліцыі вырашылі адразу каля РАУС уручыць ім позвы. Яўген Скрабец атрымаў яе адразу, а Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава з’ехалі дадому, куды пазней прыехалі і міліцыянты.
З позваў вынікае, што журналістаў-фрылансераў выклікаюць у якасці асобаў, у дачыненні да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс. У нядзелю 21 кастрычніка ім належыць з’явіцца ў міліцыю. У позве на імя Яўгена Скрабца не пазначаны час, калі трэба быць у міліцэйскім аддзяленні, а вось Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава мусяць зрабіць гэта а 12-ай гадзіне.
Між тым, менавіта па нядзелях апоўдні на плошчы Леніна ў Брэсце ўжо некалькі месяцаў збіраюцца праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода – “пакарміць” галубоў.
Апошнім часам падчас гэтых сустрэч адбываліся прэвентыўныя затрыманні ўдзельнікаў, а супрацоўнікі міліцыі пільна сочаць за журналістамі, якія авятляюць нядзельныя падзеі на плошчы. Верагодна, што гэтым разам праваахоўнікі хочуць прадухіліць з’яўленне там прадстаўнікоў СМІ, каб пазбегнуць грамадскага рэзанансу пра акцыі пратэсту.