У апошні дзень 2021 года заблакаваны брэсцкі інфармацыйны сайт “Першы Рэгіён”
Праблемы з доступам на сайт з’явіліся ўвечары 31 снежня 2021 года. Спачатку блакаванне адбывалася толькі праз інтэрнэт ад дзяржаўнага правайдэра “Белтэлекам” і мабільнага аператара Life, а пазней абмежавалі доступ да рэсурсу і астатнія правайдэры.
У рэдакцыі “Першага Рэгіёна” пакуль не ведаюць, чаму адбываецца блакаваннне, бо ніякіх паведамленняў не атрымлівалі. Зайсці на інтэрнэт-старонку зараз магчыма толькі з дапамогай VPN.
Сайт “Першы Рэгіён” асвятляе падзеі ў Брэсцкай вобласці, а рэдакцыя інтэрнэт-рэсурсу (ПВГУП “Медыя-Ганцавічы”) таксама з’яўляецца выдаўцом рэгіянальнай газеты “Ганцавіцкі час”. З 1 студзеня 2022 года Брэсцкая друкарня адмовілася працягваць дамову на друк гэтай газеты, іншыя друкарні ў Беларусі таксама не пажадалі гэта рабіць.
Акрамя таго, драгічынскага карэспандэнта інтэрнет-партала “Першы Рэгіён” Сяргея Гардзіевіча ў жніўні 2021 года суд Іванаўскага раёна асудзіў на 1,5 гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ва ўмовах агульнага рэжыму паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса (188, 368 і 369) — за абразу Аляксандра Лукашэнкі, за абразу супрацоўніка міліцыі і за паклёп у дачыненні да супрацоўніка міліцыі. Гаворка ідзе пра каментары ў сацыяльных сетках. Журналіст у судзе сваю віну не прызнаў. Праваабарончыя арганізацыі прызналі Сяргея Гардзіевіча палітычным вязнем.