У Брэсце будуць судзіць блогера Сяргея Пятрухіна, затрыманага напярэдадні ВІДЭА
Затрыманне адбылося днем 30 верасня на вуліцы Энгельса – побач з плошчай Леніна, дзе па нядзелях традыцыйна адбываюцца сустрэчы праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода.
Пасля сустрэчы разам з паплечнікамі Сяргей Пятрухін ужо сыйшоў з плошчы Леніна і накіроўваўся дадому, аднак да яго падбеглі супрацоўнікі АМАП і загадалі зноў ісці на плошчу.
Калі ў суправаджэнні супрацоўнікаў міліцыі Пятрухін вярнуўся на месца сустрэчы, там з’явіўся мікрааўтобус, у які пасадзілі блогера. На пытанне сведкаў здарэння, за што затрымліваюць Сяргея Пятрухіна, адзін з міліцыянтаў адказаў: “За арганізацыю несанкцыянаванага мітынгу”.
Пазней стала вядома, што блогера адвезлі ў Ленінскі РАУС Брэста і ноч ён правядзе ў ізалятары часовага ўтрымання. Суд на Пятрухіным чакаецца 1 кастрычніка.