• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У гадавіну забойства журналісткі Веранікі Чаркасавай сябры БАЖ наведалі магілу калегі

    Сёлета 20 кастрычніка споўнілася 15 гадоў, як была забітая беларуская журналістка Вераніка Чаркасава. Забойца так і не быў знойдзены, а следства па факце забойства — прыпыненае. 

    У гадавіну смерці Веранікі сябры і калегі наведалі яе магілу.

    Рэдактар інтэрнэт-газеты «Салідарнасць» (з гэтым выданнем супрацоўнічала Вераніка) Аляксандр Старыкевіч заўважыў, што публікацыі Чаркасавай нават праз столькі гадоў актуальныя. Хаця жыццёвы час тэкстаў цяпер — некалькі гадзін.

    Сябры і калегі згадалі Вераніку, прынеслі кветкі да яе магілы. Прагучалі словы, што моц чалавека ў памяці, якую ён пакідае пасля сябе, і ў салідарнасці, еднасці яго блізкіх.

    Вераніка пахавана побач з бацькам, журналістам Анатолем Чаркасавым, і айчымам Уладзімірам Мялешкам.

    Журналістку недзяржаўнай газеты «Салідарнасць» Вераніку Чаркасаву знайшлі забітай 20 кастрычніка 2004 года ў яе кватэры ў Мінску.

    Ніякія матэрыяльныя каштоўнасці з кватэры не зніклі — знайшліся, аднак, сляды крыві ў тэлефонным нататніку журналісткі. Асноўнай версіяй было вызначана забойства на побытавай глебе. Адзінымі падазраванымі, якія дапытываліся крымінальным вышукам у сувязі з забойствам, аказаліся члены сям’і Чаркасавай — сын журналісткі Антон Філімонаў і яе айчым Уладзімір Мялешка, якія знайшлі цела. Пазней падазрэнні з іх былі знятыя.

    Між тым, у выніку журналісцкага расследавання, праведзенага калегамі Веранікі Чаркасавай, была здабытая інфармацыя, якая дае падставы меркаваць, што забойства журналісткі здзейсніў прафесійны кілер, які інсцэніраваў забойства на побытавай глебе. Магчымымі матывамі забойства, паводле калег, магла стаць збіраная Веранікай інфармацыя пра «Інфабанк», які абвінавачвалі ў адмыванні грошай для продажу зброі Іраку. Гэтую ж версію разглядае ў сваім фільме і кінадакументаліст Леанід Міндлін.

    Нягледзячы на пытанні, якія ставяць перад следчымі органамі калегі журналісткі, ніякіх зрухаў у раскрыцці гэтай справы няма. Зняты дакументальны фільм, праведзена журналісцкае расследаванне, выпушчана і перавыдадзена кніга найлепшых публікацый Веранікі “Красным по белому”, калегі перыядычна нагадваюць пра гэтую нераскрытую справу ў сваіх публікацыях, публічных зваротах да следчых органаў і на вечарынах памяці.

    Падрабязнасці справы

    Журналісцкае расследаванне Сяргея Сацука

    Памяти Вероники: «А что, если родина тоже попытается полюбить нас?»

    «В другой стране за это меня б давно убили»

    Ліст да забітай сястры

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці