• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Магілёве абмеркавалі новы закон “Аб персанальных дадзеных”

    У Магілёве адбыўся круглы стол “Права на інфармацыю і межы прыватнасці”, падчас якога мясцовыя бажаўцы разам з грамадскімі актывістамі абмеркавалі прыняты Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні закон “Аб персанальных дадзеных”.

    Удзельнічалі ў сустрэчы, якая праходзіла ў гасцінных сценах Грамадскага цэнтра “Кола”, два з  паловай дзясяткі журналістаў і грамадскіх актывістаў з розных рэгіёнаў Магілёўшчыны.

    У госці да магілёўцаў таксама завіталі намеснікі старшыні ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Алег Агееў і Аліна Суравец, а таксама юрыст Алег Мацкевіч.

    На пачатку круглага стала з кароткім уступным словам выступіў Алег Агееў. Ён прапанаваў удзельнікам мерапрыемства абмеркаваць, што новага пасля прыняцця прынясе для журналістаў і для простых грамадзян закон “Аб персанальных дадзеных”, і як гэта можа адбіцца на працы тых, хто збірае інфармацыю. Алег Агееў адзначыў, што круглы стол у Магілёве распачынае шэраг мерапрыемаў па абмеркаванні гэтага закона, якія Беларуская асацыяцыя журналістаў плануе правесці ў розных рэгіёнах Беларусі.

    Юрыст Алег Мацкевіч распавёў, што новага для грамадзян краіны нясе закон “Аб персанальных дадзеных”, наколькі ён важны для грамадства і як яго прыняцце адаб’ецца на працы журналістаў і СМІ.

    У сваёй прэзентацыі Мацкевіч адзначыў, што 13 чэрвеня 2019 года Палата прадстаўнікоў прыняла закон “Аб персанальных дадзеных” у першым чытанні. Ужо ў хуткім часе адбудзецца другое чытанне законапраекта, пасля чаго ён будзе зацверджаны ў Савеце Рэспублікі і падпісаны прэзідэнтам. Праз год пасля гэтага палажэнні новага закона ўступяць у сілу.

    Падобныя нарматыўныя прававыя акты ўжо дзейнічаць у больш, чым 40 краінах свету. На дадзены момант у заканадаўстве Беларусі паняцце “персанальныя дадзеныя” выкарыстоўваецца, але, тым не менш, на думку спецыялістаў, яно не адпавядае сучасным прававым падыходам і патрабаванням.

    Беларусь — адна з апошніх краін Еўропы, якая прымае закон, што рэгулюе выкарыстанне персанальных дадзеных.

    Закон «Аб персанальных дадзеных», які разглядаецца зараз у Беларусі, закліканы забяспечыць абарону правоў і свабод грамадзян пры зборы, апрацоўцы, распаўсюдзе або прадастаўленні іх персанальных дадзеных. Алег Мацкевіч падрабязна распавёў пра ўсе навелы новага заканадаўчага акта, асобна надаўшы ўвагу таму, якія дыскусійныя пытанні ўзнікаюць падчас яго абмеркавання. На думку Мацкевіча, прыняцце закона «Аб персанальных дадзеных» — гэта вялікі крок наперад для беларускага грамадства.

    Пасля сканчэння прэзентацыі Алег Мацкевіч разам з Алегам Агеевым адказалі на шматлікія пытанні, якія ўзніклі ва ўдзельнікаў сустрэчы наконт канкрэтных палажэнняў новага нарматыўнага акта.

    У другой частцы круглага стала, на якой у якасці мадэратара выступаў Алег Агееў, удзельнікі дыскутавалі наконт таго, наколькі добра, што такі закон з’явіўся ў Беларусі і што новага патрэбна будзе ўлічваць у сваёй працы журналістам. Дыскусію атрымалася вострай і змястоўнай, свае меркаванні імкнуліся выказаць практычна ўсе ўдзельнікі сустрэчы. Сваімі думкамі наконт новага закона падзяліліся Пётр Мігурскі, Валерый Каранкевіч, Барыс Вырвіч, Міхась Аршынскі, Зміцер Антончык, Алесь Сабалеўскі, Яўген Глушкоў, Юрый Плоткін, Аляксандр Буракоў (малодшы), Алег Мацкевіч і іншыя.

    Намесніца старшыні ГА “БАЖ” Аліна Суравец у адказ на пытанні ўдзельнікаў круглага стала запэўніла, што тыя персанальныя дадзеныя, якія збірае БАЖ пра сваіх сябраў, знаходзяццца ў надзейных руках. Яны добра абароненыя і ніколі не будуць даступныя нейкім іншым асобам.

    Вынікі дыскусіі падвёў Алег Агееў. Ён адзначыў, што прыняцце закона “Аб персанальных дадзеных” будзе насіць станоўчы характар. Закон будзе бараніць нас, грамадзяне атрымаюць усебаковую ахову сваіх персанальных дадзеных. Разам з тым новы закон адаб’ецца на працы журналістаў, асабліва журналістаў-фрылансераў, і на працы рэдакцый СМІ, якія працуюць з персанальнымі дадзенымі, ды наогул на аператарах персанальных дадзеных.

    Таксама Агееў выказаў занепакоенасць, што дзяржава можа выкарыстаць у цэлым добры закон у сваіх мэтах, калі ён будзе выкарыстоўвацца не па прызначэнні. Таксама вельмі важна, які дзяржаўны орган будзе адказваць за абарону персанальных дадзеных, каб закон запрацаваў у поўным аб’ёме.

    Удзельнікі круглага стала ў Магілёве падзякавалі мадэратарам за вельмі цікавае мерапрыемства і запрасілі іх часцей наведваць горад. Згодна агульнаму меркаваннню, сустрэча атрымалася вельмі карыснай для яе ўдзельнікаў, яны атрымалі шмат патрэбнай інфармацыі.

    Пасля невялікага перапынку ў той жа дзень, 26 чэрвеня, адбыўся сход сябраў Магілёўскай суполкі ГА “БАЖ”. Намеснікі старшыні арганізацыі Аліна Суравец і Алег Агееў распавялі магілёўцам пра адукацыйную праграму і кампаніі, якія ладзіць ГА “БАЖ”, і заклікалі іх да актыўнага ўдзелу ў гэтых мерапрыемствах. Прадстаўнікі кіраўніцтва БАЖ выслухалі прапановы сябраў арганізацыі з Магілёўшчыны, што патрэбна для актывізацыі яе дзейнасці ў рэгіёне. Свае прапановы выказалі старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, журналісты з Хоцімска і са Шклова Валерый Каранкевіч і Пётр Мігурскі, галоўны рэдактар “Магілёўскага выбару” Зміцер Салаўёў і інш.

    Старшыня Магілёўскай суполкі БАЖ Барыс Вырвіч праінфармаваў сябраў суполкі пра запланаваныя на бліжэйшы час мерапрыемствы ў Магілёве і рэгіёнах. Адбылася дыскусія наконт таго, якія яшчэ імпрэзы неабходна правесці бажаўцам Магілёўшчыны, і што патрэбна зрабіць для паляпшэння дзейнасці незалежных СМІ ў рэгіёне. Было вырашана, што канкрэтныя планы правядзення мерапрыемстваў будуць распрацаваныя іх ініцыятарамі ў бліжэйшы час, пасля чаго Праўленне БАЖ разгледзіць магчымасці па іх ажыццяўленні.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці