У Мінску названыя лаўрэаты журналісцкай прэміі імя Аляксея Караля (шмат фота)
Прэмія была заснаваная на знак павагі і пашаны да галоўнага рэдактара газеты «Новы Час» Аляксея Караля, які пайшоў з жыцця ад цяжкай хваробы. Сёлета працы маладых журналістаў ацэньвалі ў трох намінацыях. Цырымонія адбывалася 29 траўня — у дзень народзінаў Аляксея Караля.
Галоўны рэдактар «Новага Часу» Аксана Колб распавяла, што ідэя прэміі паўстала з ініцыятывы Ірыны Віданавай — дачкі Аляксея Караля. Ён заўсёды хацеў бачыць больш маладых людзей у рэдакцыі, больш тэкстаў маладых аўтараў у газеце.
Матэрыялы ацэньваліся ў трох намінацыях:
• найлепшы грамадска-палітычны матэрыял
• найлепшы сацыяльна-эканамічны матэрыял
• найлепшы культурна-гістарычны матэрыял.
Паводле кожнай намінацыі прысуджаліся дзве прэміі. Усе тэксты можна знайсці на сайце ў асобным раздзеле.
«Цяжка паверыць, што два гады таму менавіта ў бацькаў Дзень народзінаў мы даведаліся, што дыягназ лятальны. Так атрымалася, што прачытала гэты ліст я, але, апрануўшы ўсмешку і сукенку, я пайшла віншаваць яго са святам, каб нічога не выдавала, што чакае наперадзе. Мы памятаем, што ён цудоўна выглядаў і не збіраўся нікуды сыходзіць. І ўвесь гэты час у нас у сям’і ёсць адчуванне, што ён побач», — сказала Ірына Віданава падчас цырымоніі ўзнагароджвання.
Пераможцамі вызначаныя:
1‑я намінацыя
Алесь Кіркевіч, артыкул пра справу мытніка-патрыёта Юркойця «Справа «касінера ў пагонах», альбо Як знішчаюць патрыётаў».
«Грамадска-палітычны жанр быў найбольш любімы ў бацькі і гэта найбольш складаны жанр. Я цяпер у яго архівах, запісах знаходжу нататкі да некаторых артыкулаў, бачна, што ён выношваў іх гадамі», — адзначыла Віданава, уручаючы дыплом пераможцу Кіркевічу.
Мікалай Дзядок, з тэкстам «Дармаедскія» пратэсты і перспектыва Майдану».
2‑я намінацыя
— Вікторыя Чаплева, тэкст «Нібыта і не было гэтай катастрофы…».
«Я вельмі шчаслівая, што атрымала гэтую прэмію, што супрацоўнічаю з «Новым Часам», і што прыйшла ў газету, калі працаваў Аляксей Сцяпанавіч. Я прыйшла ў газету, калі рабіла першыя крокі ў журналістыцы, і ён мяне скіраваў, паказаў што ёсць журналістыкай», — сказала Вікторыя Чаплева, прымаючы дыплом пераможцы конкурсу.
Уладзіслаў Рубанаў, тэкст «Букет кветак замест дзіцяці з сіндромам Даўна».
3‑я намінацыя
Алена Ляшкевіч з тэкстам «Засцянковая Атлантыда Фларыяна Чарнышэвіча».
Дыяна Пінчук, тэкст «Вогненная вёска» Алеся Адамовіча.
«Найлепшы матэрыял па выніках галасавання чытачоў «Новага Часу»: Алесь Кіркевіч і Вікторыя Чаплева.
«Мы думаем, што ў наступным годзе ў прэміі з’явіцца чацвёртая намінацыя «За літаратурна-крытычны матэрыл». Такім чынам мы зможам падтрымаць нашых маладых аўтараў», — абвесціў старшыня ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» Барыс Пятровіч.