• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вайна скончыцца. Калі-небудзь. У нашых фэйсбучных баталіях. Барыс Гарэцкі пра ўражанні ад паездкі ў Кіеў

    Якой мы ўбачылі Украіну праз 1,5 года пасля пачатку поўнамаштабнага нападу. Піша Барыс Гарэцкі.

    Кастрычніцкі вечар. Міжнародны аўтобус рухаецца на захад: Жытомір, Роўна, Львоў. Публіка ў аўтобусе розная, але звыклая да такога транспарту. Маці з дзецьмі да Варшавы. Чацвёра літоўскіх валанцёраў да Вільні. Некалькі мужыкоў-дальнабояў да Каўнаса. З дзясятак вайскоўцаў розных радоў — пераважна да Львова.

    І мы, беларускія журналісты.

    Наперадзе 26 гадзін дарогі. Ззаду — Львоў і Кіеў і шматлікія сустрэчы з калегамі. У нейкі момант я нават адчуў, што выконваю ролю псіхолага — проста слухаю людзей пра набалелае і стараюся не перабіваць.

    Мяжа

    Львоў першы горад, у які звычайна прыязджаюць замежнікі з Захаду. Часта ў мяне пытаюцца, як з уездам для беларусаў ва Украіну. І складана, і проста.

    Мы — журналісты, для нас ёсць асобны парадак. Загадзя ты звяртаешся па афіцыйную акрэдытацыю. Калі тваё выданне рэальнае і ты сапраўды журналіст, хутчэй за ўсё, акрэдытацыю табе дадуць.

    На мяжы цябе чакае зняццё з аўтобуса і допыт. Але з нашымі беларускімі допытамі гэта цяжка параўнаць. Нас вельмі ветліва просяць выйсці з аўтобуса з рэчамі і чакаць кіраўніка.

    Магчыма, нам пашанцавала, але за год з маёй апошняй паездкі стаўленне да журналіста з Беларусі яшчэ больш змянілася ў лепшы бок.

    Ветлівы і бадзёры для 8 гадзін раніцы ў нядзелю кіраўнік падраздзялення дапытвае нас, правярае прэс-карты, запісвае на відэа — і будзьце здаровыя! Чакайце любы наступны аўтобус і стартуйце далей.

    У нас усё сапраўднае. Рушым далей.

    Львоў

    Сустракае сонцам і шматлюдным вакзалам. У нядзелю супадаюць два святы, важныя для ўкраінцаў — Успенне Божае Маці і Дзень абаронца і абаронцы Украіны. Менавіта так, абавязкова з жаночай формай.

    Кантраст. Навучальныя ўстановы з вокнамі на цокальных паверхах, закладзенымі мяхамі з пяском. І звычайная агромністая колькасць людзей на цэнтральных вуліцах і бульварах.

    Наш любімы Львоў. Крамы, крамкі, вулічныя музыкі, кавярні. Ніколі б не сказаў, што ідзе вайна.

    З іншага боку — закрытыя ад абстрэлаў помнікі, вітражы. І заўважная колькасць маладых мужчын без канечнасцяў. Галіччына — калыска ўкраінскіх патрыётаў, якія ва ўсе часы ірвуцца першымі ў бой.

    Кожны дзень на цэнтральнай плошчы Львова адбываецца развітанне з забітымі на вайне землякамі. Кожны дзень.

    Кіеў

    У Кіеў едзем чыгункай. Цягнік «Інтэрсіці +» часам ляціць хутчэй за 150 кіламетраў у гадзіну… На адной з прамежкавых станцый на супрацьлеглым пуці заўважаю цыстэрны са знаёмым лагатыпам «БЧ».

    Трафейныя. Змяшаныя пачуцці. Адчуваеш нейкую часцінку радзімы ў іх. Дзіўна, што пасля нацыяналізацыі ўкраінцы не зафарбавалі на вагонах беларускія лагатыпы.

    Кіеў сустракае ноччу і прыемнай цеплынёю паветра. Таксістамі. Таўкатнёю ля метро і доўгім эскалатарам станцыі «Вакзальная». Тут я ўсё ведаю. Адчуваю сябе нібы ў Менску на вакзале. У Кіеве ў нас вялікая праграма.

    Хрэшчытык

    Бесарабка. Майдан. Усё такое ж самае, як і раней. Не адчуваецца практычна ніякіх адценняў вайны. Хіба толькі тое, што ўсе гітарныя вулічныя выступы сканчаюцца строга а 22:00.

    Пазней проста людзі не паспеюць раз’ехацца.

    А за дзясятак хвілін да каменданцкай гадзіны (яна трывае з 0:00 да 5:00) горад практычна вымірае. Роўна апоўначы патрульны экіпаж выязджае на цэнтр праезджай часткі Хрэшчытака і спыняе ўсе машыны для праверкі. І так да раніцы.

    Стомленасць

    Паўтара года Украіна ў поўнамаштабнай вайне. Раніцай 24 лютага мой даўні сябра-ўкраінец сабраў рэчы і добраахвотна накіраваўся ў ваенкамат. З таго часу ён — і агромністая колькасць іншых такіх хлопцаў! — ваюе.

    У кагосьці ёсць ратацыя, у кагосьці — няма. Хтосьці далей ад «нуля» і працуе на пастаўках і рамонце тэхнікі, хтосьці на «нулі» — у мокрых халодных акопах пад пастаяннымі абстрэламі.

    У войску ўсе. Студэнты і выкладчыкі, журналісты і выдаўцы, медыкі, ІТ-шнікі, настаўнікі, бухгалтары, прадпрымальнікі і дырэктары. Дома іх чакаюць знерваваныя сем’і. Часам днямі і нават тыднямі без сувязі з роднымі.

    Вайна

    У цэнтры Кіева на Майдане Незалежнасці на пачатку вайны ўзнік стыхійны мемарыял. Тут лунаюць тысячы маленькіх сцяжкоў як памяць пра загінулых на вайне мужчын і жанчын. Ад вельмі сталых вайскоўцаў да хлопцаў 2000‑х гадоў нараджэння. Вусцішнае адчуванне.

    На сцяжку імя хлопца 2005 года нараджэння.

    Гэтага не кажуць у тэлемарафоне, але вайскоўцы не хаваюць — узбраення і боепрыпасаў абмежавана. Усе бачаць, што Захад з розных прычын не спяшаецца дапамагаць Украіне перамагчы цяпер.

    Дзесяць ці дваццаць новых танчыкаў не могуць сур’ёзна змяніць сітуацыю на фронце ў тысячу кіламетраў. А пасля атакі ХАМАС ёсць рызыка, што ўсё яшчэ больш запаволіцца.

    Да вайны звыкаешся і не звыкаешся. На вуліцах Кіева па-ранейшаму гандлююць сувенірамі, кавай і стужачкамі колераў украінскага сцяга. Але днём і ноччу на ўсходзе, на вайне з безчалавечным агрэсарам гінуць і гінуць хлопцы і дзяўчаты.

    Наш візіт у Кіеў супаў з жахлівым расійскім абстрэлам вёскі Граза, дзе ў адзін момант за памінальным сталом расійскай ракетай былі забітыя больш за 50 чалавек. І з пачаткам чарговай расійскай атакі пад Аўдзееўкай, дзе ў 20 кіламетрах ад Данецка замацаваліся ўкраінскія войскі і трымаюць абарону сваёй краіны ў жорсткіх баях.

    Штодзённа губляючы людзей. Не абстрактных нейкіх «людзей», а канкрэтных вось гэтых хлопцаў і дзяўчат, нечых сыноў, бацькоў, братоў… Вось так жыве сёння Украіна.

    Полк Каліноўскага з кіеўскай калакольні

    Амаль ва ўсіх украінцаў, з кім сустракаюся падчас паездкі, запытваю, што яны думаюць пра беларусаў.

    «Валанцёры». «Журналісты». «Палітзняволеныя». І канешне, «Полк Каліноўскага». «Полк» гучыць і ад таксіста, які вязе мяне на кіеўскую Шуляўку. І ад старшыні Саюза журналістаў Украіны. І ад знаёмага дэпутата Вярхоўнай Рады.

    Апошні год у нашай цывільнай прэсе часта гучаць пэўныя абвінавачанні на адрас палка. Маўляў, «не так патрацілі грошы», «скралі нешта», «не з тымі сябруюць». Ананімныя добразычліўцы запусцілі нават некалькі тэлеграм-каналаў, дзе выкрываюць полк у розных парушэннях ці зашкварах.

    З «кіеўскай калакольні» полк і вайна выглядаюць крыху па-іншаму. З беларусаў украінцы сёння збольшага ведаюць Лукашэнку і Полк Каліноўскага.

    Для іх каліноўцы — адно з двух галоўных абліччаў нашай нацыі для цэлага народа. Увасабленне мяне, цябе, майго кіраўніка Андрэя Бастунца і нават тых беларусаў, для каго «не ўсё так адназначна». Праз іх выбар, смеласць, баявыя заданні і іх страты ўкраінцы ацэньваюць нас.

    Гэта ва Украіне.

    Ну а ў нашай мірнай эмігранцкай тусовачцы мы ўжо можам дазволіць сабе іншы фокус. Без абстрэлаў і паветраных трывог у цеплыні Вільні ці Варшавы паразважаць пра тыя ці іншыя маральныя пытанні ў палку.

    Але сярод украінцаў сёння пра такое разважаць мала хто будзе. Вайна. Яна вельмі моцна змяняе сіта тэмаў.

    Калі ўсё скончыцца?

    Вайсковыя вельмі не любяць гэтага пытання. Бо вось ужо паўтара года яны ваююць, але перамагчы сённяшнімі сіламі выглядае маларэальным. Перамога Украіны залежыць ад многіх фактараў. Ад Еўропы. Ад ЗША.

    Ад асобна ўзятых Польшчы, Літвы, Нямеччыны.

    Ад кожнага з нас асабіста. Ад нашай падтрымкі. І ад нашага ладу мыслення. Ад таго, на чый млын мы льем ваду.

    А мы з калегай працягваем рухацца на захад і дзякуем нашым партнёрам і ахвярадаўцам на Patre­on, дзякуючы якім наша паездка стала рэальнасцю.

    Нашы матэрыялы з Украіны:

    Як рабіць тэлебачанне падчас вайны? Прыклад украінскага рэсурсу Espreso. ВІДЭА

    Як працуе офіс «Белсата» ў Кіеве? БАЖ на Хрэшчатыку. ВІДЭА

    «Адзін заробак дзеляць на чатырох журналістаў». Як выжывае медыясектар Украіны — кіраўнік Саюза журналістаў. ВІДЭА

    Фіксер у ваенным рэпартажы. Што самае страшнае і найбольш цікавае для замежных журналістаў на вайне — гутарка са Змітром Галко. ВІДЭА

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці