Віцебскія бажаўцы пасадзілі кветкі на “Алеі вольнай прэсы” (ФОТА)
Алея была закладзена мінулай восенню падчас кампаніі “Станем за журналістыку”. А ўчора, у Міжнародны дзень свабоды прэсы, журналісты яе добраўпарадкавалі.
Адзначаць дзень свабоды прэсы даводзіцца сімвалічна – марамі пра лепшую будучыню беларускай журналістыкі, якой сёння, на жаль, існаваць нялёгка. Няпроста атрымаць інфармацыю, прабіцца і праз адмовы чыноўнікаў размаўляць па вострых пытаннях, і праз чалавечы страх распавесці пра свае праблемы шчыра і адкрыта.
Таму маладзенькія клёны і бярозкі, пасаджаныя 5 лістапада мінулага году, – гэта увасабленне спадзеваў на тое, што журналістыка ў Беларусі ўсё-ткі стане свабоднай, які і мае быць.
БАЖаўцы прыбралі смецьце каля дрэўцаў, падкапалі і палілі кожнае з іх, і пасадзілі кветкі маргарыткі і цюльпаны…
Калі ўвосень жыхары бліжэйшых дамоў глядзелі на журналістаў з рыдлёўкамі недаверліва і нават падазрона, то зараз іхнае з’яўленне сустрэлі вясёлымі усмешкамі – пазналі.
Дарэчы, усе саджанцы добра прыжыліся: і “Дрэва незалежнай прэсы”, і “Дрэва ў гонар бясстрашных распаўсюднікаў вольных СМІ”, і “Дрэва салідарнасці журналістаў”, і іншыя 🙂
Напрыканцы імправізаванага “суботніка” журналісты наладзілі жартоўную фотасесію ў “карпаратыўных” шапачках, ці то “жабачках” – адмыслова пашытых для ўдзелу ў розных імпрэзах.
А калі нехта скажа, што ўсё гэта надта несур’ёзна для міжнароднага свята, то віцябляне гатовы паспрачацца: галоўнае ж – што свята.
Віцебская суполка сябраў ГА “БАЖ” ад усяго сэрца віншуе сяброў і калег з Сусветным днём свабоды прэсы!
Абмяркоўвайце ў каментах!
ГА “БАЖ” павіншавала дзяржаўныя міністэрствы з Сусветным днём свабоды прэсы