• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Віцебскія журналісты здымаюць дакументальную стужку пра чарнобыльцаў-ліквідатараў

    Ідэя зняць фільм з’явілася падчас працы над матэрыяламі “чарнобыльскай” тэматыкі.

    “Калі год таму «Зялёны партал» пачаў праект «Чарнобыль у асобах» і даручыў кожнаму рэгіёну адшукаць тых, хто мінімізіраваў наступствы на ЧАЭС, я пазнаёмілася з Анатолем Гнеўкам. Для мяне стала адкрыццём, што героі-ліквідатары жывуць побач. Бо пра іх у горадзе няма ніякіх сведчанняў: няма музею, няма дошкі гонару, у рэшце рэшт няма іх саміх на гарадскіх мітынгах, у школах, на знакавых мерапрыемствах. Але гэтым людзям ёсць што сказаць! Значыць, мы мусім даць ім магчымасць выказацца. Распавесці тую праўду, якую нехта лічыць за лепшае схаваць або забыць… Прайшоў год, ідэя фільма саспела канчаткова. За гэты час склалася і творчая група, гатовая ажыццявіць задуманае”, — распавяла журналістка, галоўная ініцыятарка праекту Вікторыя Дашкевіч.

    Першыя здымкі прайшлі напярэдадні сёлетніх 31‑х угодкаў Чарнобыльскай трагедыі. Галоўнымі героямі дакументальнай кінастужкі сталі былыя вайскоўцы Анатоль Гнеўка і Сяргей Іконнікаў, якіх накіравалі ліквідаваць наступствы аварыі. Фільм ствараецца паводле іх успамінаў, прычым у якасці экспертаў да стварэння стужкі далучыліся і іншыя віцебскія ліквідатары. Асабліва актыўна — пасля таго, як БАЖаўцы запрасілі іх на прэс-клуб, каб паразмаўляць пра тое, ці актуальная сёння для СМІ “Чарнобыльская тэма”.

    Ідэя стварыць фільм пра віцебскіх ліквідатараў знайшла шмат прыхільнікаў, гатовых дапамагчы ў гэтай справе, адзначае суаўтарка сцэнарыя, кіраўніца Віцебскай філіі ГА “БАЖ” Алена Сцяпанава:

    — Шчыра сказаць я такога проста не чакала. Варта было запытацца ў сацыяльных сетках, дзе можна знайсці, прыкладам, вайсковую форму 1980‑х, як тут жа адгукнуліся некалькі мясцовых калекцыянераў. А калі мы паведамілі, што шукаем гэта для фільма, і што гэта за фільм, то атрымалі адразу некалькі дзясяткаў допісаў ад ахвотных здымацца! Прычым да нас звярталіся людзі не толькі з Віцебшчыны, а і з іншых рэгіёнаў. Некалькі чалавек даслалі ўласныя ўспаміны. Стваральніца “Музею Заронаўскага краю”, настаўніца-краязнаўца Людміла Нікіціна істотна дапамагла з рэквізітам: дазволіла скарыстацца не толькі вайсковай формай, але падабрала для здымак экспанаты, якія дапамагалі ствараць тагачасны антураж. Пра нашу ініцыятыву распавялі незалежныя СМІ.

    Такім чынам, праца над нашай ідэяй адыграла вельмі значную ролю яшчэ і ў тым сэнсе, што жыхары рэгіёна больш даведаліся пра Беларускую асацыяцыю журналістаў. Гэта важна, бо маштабныя супольныя справы надаюць аўтарытэту грамадскай арганізацыі, спрыяюць росту павагі да журналістаў, інтарэсу да гэтай прафесіі.

    Фільм, у якога пакуль няма назвы, будзе ўяўляць сабою мікс з успамінаў ліквідатараў і мастацкай рэканструкцыі тагачасных падзеяў. Гледачы ўбачаць і двух герояў сталага веку, і двух персанажаў якія ўвасабляюць іх маладымі. У ролі Анатоля Гнеўкі, які ў 1987‑м годзе кіраваў штабам ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, зняўся БАЖавец Ігар Мацвееў. Для ўдзелу ў фільме ён без аніводнай кроплі сумневаў пагадзіўся пагаліць бараду, бо стваральнікі фільма найперш шукалі знешняга падабенства з героямі. А на ролю маладога Сяргея Іконнікава запрасілі віцебскага актывіста Алега Квяцінскага. Цікава, што сапраўдныя героі фільма яшчэ не бачылі сваіх “двайнікоў”, і “вяртанне ў маладосць” іх чакае падчас прэм’еры.

    “Масоўку” сыгралі віцебскія журналісты. У якасці аператара сваю кандыдатуру адразу ж прапанаваў Вячаслаў Лазараў, а дапамагалі яму падчас здымак усе разам. Любы з журналістаў-“актораў”, не заняты ў эпізодзе, быў гатовы і мэблю перасоўваць, і асвятленне ладзіць, і сябра грыміраваць…

    Цяпер здымачны перыяд скончаны, наперадзе — агучванне і мантаж фільма. Усе працы выконваюцца на добраахвотных пачатках. Але гэта не мусіць адбіцца на якасці, бо робіцца ад чыстага сэрца.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці