• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналісту Алесю Сабалеўскаму далі 8 сутак. Ён аб’явіў галадоўку

    Суд Ленінскага раёна Магілёва 1 верасня пакараў карэспандэнта сайта “Магілёўскі рэгіён” Алеся Сабалеўскага арыштам на восем сутак. З моманту абвяшчэння судовага рашэння журналіст на знак нязгоды аб’явіў галадоўку.

    Алесь Сабалеўскі быў затрыманы міліцыяй 30 жніўня падчас выканання прафесійных абавязкаў — у момант, калі вёў анлайн-рэпартаж з пратэстнага шэсця ў горадзе.

    Суддзя Вікторыя Палякова на падставе міліцэйскага пратакола прызнала Сабалеўскага вінаватым у парушэнні ч. 1 арт. 23.34 КаАП. “Вёў анлайн і такім чынам прыняў удзел у несанкцыянаванай акцыі”, — прыйшла да высновы суддзя.

    Судовы працэс пачаўся сёння а 16.15, суддзя зрабіла перапынак на 15 хвілін, каб даць журналісту азнаёміцца з матэрыяламі справы. Бо, паводле яго слоў, да суда яму не паказалі ніякіх дакументаў.

    У часе слухання Алесь Сабалеўскі тлумачыў, што не прымаў удзел у вулічнай акцыі, а асвятляў яе па заданні рэдакцыі. Але суддзя не прыняла яго слоў да ўвагі. Журналіст адразу пасля абвяшчэння судовага рашэння ўзяў галадоўку. Вынікі суда ён лічыць неправавым і разглядае як пераслед за прафесійную дзейнасць. 

    Нагадаем, Алеся Сабалеўскага затрымалі ўвечары ў нядзелю. Амаль суткі нічога не было вядома пра яго месца знаходжання. Толькі позна ўвечары 31 жніўня калегі даведаліся, што Алеся затрымалі міліцыянты і даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці