Дапамогу для фотажурналіста TUT.BY сабралі на працягу дня
Цягам содняў беларусы сабралі 2 400 еўра для былога кіраўніка фотаслужбы TUT.BY, вынікае са звестак на сайце Фонду салідарнасці BYSOL.
На раніцу 23 кастрычніка сабрана 2 544 еўра — гэта нават больш неабходнай сумы. Інфармацыя пра збор пачала распаўсюджвацца 22 кастрычніка.
BYSOL адкрыў ананімны збор у падтрымку журналіста, бо ён страціў працу ў СМІ і апынуўся ў цяжкіх жыццёвых абставінах. Сям’і патрэбныя грошы, каб пратрымацца да першага заробку калегі, які ён мусіць атрымаць на новым месцы працы — заводзе пральных машын.
Журналіст, для якога адкрылі ананімны збор, з 2014 года ўзначальваў фотаслужбу TUT.BY — да моманту, калі рэжым раздушыў галоўныя СМІ краіны. У 2021 годзе ён пераехаў у Кіеў і працягнуў займацца журналістыкай. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны разам з сям’ёй выехаў у Польшчу, а адтуль у Германію.
Улетку праз цяжкасці з фінансаваннем незалежных беларускіх медыяў былы кіраўнік фотаслужбы TUT.BY застаўся без працы. Да верасня зберажэнні сям’і скончыліся. Калега уладкаваўся на завод, але першы заробак атрымае толькі праз месяц.
Журналіст кажа, што будзе імкнуцца вярнуць у фонды ўсе грошы, адпраўленыя яму праз ахвяраванні, як толькі пачне зарабляць.