Двойчы “экстрэмісты”. МУС абвясціла Беларускую Раду культуры “фармаваннем”
Сайт і сацыяльныя сеткі Беларускай Рады культуры прызналі “экстрэмісцкімі матэрыяламі”. Адпаведнае рашэнне прыняў 31 жніўня суд Партызанскага раёна Мінска. Цяпер распаўсюд ці захаванне інфармацыі з каналаў, звязаных з ініцыятывай, цягне для спажыўцоў адміністрацыйную адказнасць.
У рэспубліканскім спісе “эктрэмісцкіх матэрыялаў”, які даручана сістэматызаваць і абнаўляць Міністэрству інфармацыі, “папаўненне” яшчэ не адлюстравана. Зрэшты, як паказвае практыка, прычына замаруджвання зусім не ў спробе ведамства ў разабрацца ў дэталях, а найперш у неразваротлівасці дзяржаўных установаў.
Варта нагадаць, што яшчэ раней, на пачатку чэрвеня гэтага году, Міністэрства ўнутраных спраў прызнала Беларускую Раду культуры, а таксама яе сайт з усімі сацсеткамі, «экстрэмісцкім фармаваннем». Такім чынам ініцыятыва стала двойчы “адзначанай” цяперашнім рэпрэсіўным рэжымам.
Сілавікі прынцыповую розніцу паміж двума “экстрэмісцкімі” катэгорыямі тлумачаць наступным чынам: для прызнання інфармацыйнай прадукцыі “экстрэмісцкімі матэрыяламі” неабходна рашэнне суда, пасля чаго парушальнікам (чытачам, падпісантам, распаўсюднікам, захавальнікам) пагражае адміністрацыйная адказнасць. Для прызнання груп грамадзян “экстрэмісцкімі фармаваннямі” дастаткова самастойнага рашэння МУС ці КДБ з аўтаматычнай крымінальнай адказнасцю для ўдзельнікаў “злачыннай групоўкі”.
Заснавальнік і кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін нагадвае, што гэта першая культурніцкая арганізацыя, якая атрымала статус «экстрэмісцкага фармавання», “матэрыялы” ідуць ужо ў нагрузку. Але замест чаканай дэмаралізацыі, на якую разлічвалі цэрберы ад улады, ініцыятыва яшчэ з большым імпэтам будзе працаваць дзеля развіцця беларускай культуры.
«Усё гэта азначае, што ўзяты намі курс правільны, ён цалкам супярэчыць цяперашняй акупацыйнай палітыцы ў сферы культуры, якая палягае ў татальным кантролі, ідэалагічным абслугоўванні, русіфікацыі і мілітарызацыі на фоне штодзённых рэпрэсій. У сувязі з такім статусам працаваць на тэрыторыі Беларусі відавочна складаней. Таму са свайго боку надалей будзем клапаціцца пра бяспеку нашых людзей, дапамагаць тым, хто мае ў патрэбу, спрыяць у рэалізацыі класных творчых ідэй», — адзначыў Сяргей Будкін.
Агулам «экстрэмісцкімі фармаваннямі» ў Беларусі прызнаныя ўжо звыш 80 абʼяднанняў, фондаў, телеграм-каналаў і СМІ (апошняй пад №84 пакуль што значыцца “Хартыя-97”).
Сам спіс у адкрытым доступе ёсць на сайце МУС.
Прысваенне такога статуса адвольнае і не мае нейкай сістэмнасці. Па-сутнасці, каб яго атрымаць, дастаткова проста не ўпісвацца ў ідэалогію рэжыму і быць актыўным у сваёй галіне.
Што да колькасці носьбітаў “экстрэмісцкіх матэрыялаў”, дык яна яшчэ большая — меней чым за год татальнай зачысткі інфапрасторы далёка перасягнула сотню. А калі адкінуць посттраўматычны 2020‑ы, дык агулам “чорны спіс” перавышае 1000 пазіцый.
Беларуская Рада культуры аформілася ў пачатку 2021 года на падмурку Беларускага фонду культурнай салідарнасці, які, у сваю чаргу, на хвалі мірных пратэстаў у Беларусі паўстаў у Вільні ў кастрычніку 2020-га. Ад пачатку арганізацыяй і планаваннем займаўся журналіст, крытык, заснавальнік папулярнага праекту “Тузін гітоў” Сяргей Будкін.
Паводле статутных дакументаў, дзейнасць Рады скіравана на захаванне беларускай культуры (падтрымку артыстаў, выканаўцаў, мастакоў, арт-мэнэджэраў), развіццё новых крэатыўных праектаў, аб’яднанне культурніцкай супольнасці і прамоцыю айчыннай культуры ў свеце, а фармаванне грамадскага ўплыву на развіццё культуры ў будучыні.
Міжнародныя кампаніі ладзяцца пры падтрымцы Офіса Святланы Ціханоўскай, Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Каардынацыйнага Савета, іншых грамадскіх ініцыятыў і арганізацый. Ад часу заснавання інстытуцыю падтрымліваюць ключавыя фігуры беларускай культуры і прадстаўнікі дыяспары, да імпрэзаў і акцый далучаюцца і замежныя артысты і арт-актывісты.
Дзякуючы намаганням Рады летась рэалізаваныя звыш 80 творчых праектаў, а рознабаковую дапамогу атрымалі больш за 700 дзеячаў культуры. Акрамя таго, сабраны звесткі пра рэпрэсіі датычна амаль тысячы прадстаўнікоў галіны. Прыкладна 70 чалавек, звязаных з культурай, цяпер знаходзяцца за кратамі паводле палітычна матываваных абвінавачванняў.
У камандзе Беларускай Рады культуры працуюць каля трох дзясяткаў чалавек, 15 экспертаў уваходзяць у Назіральную Раду. Сярод іх — вядомыя беларускія артысты, рэжысёры, мастакі, даследчыкі, арт-мэнэджары, гісторыкі, выкладчыкі, чые прозвішчы дзеля іх бяспекі не называюцца.
Заснавальнікам і кіраўніком Беларускай Рады культуры з’яўляецца Сяргей Будкін, выканаўчы дырэктар — Аляксандр Чахоўскі, за стратэгічнае развіццё адказвае Мікалай Халезін.
Чытайце яшчэ:
«Раблю праграмы пра беларусаў у каўказскім рэгіёне»: радыйшчык Андрэй Мялешка пра працу і жыццё пасля экстранага пераезду ў Грузію
Доступ да сайту незалежнай газеты “Вячэрні Бабруйск” заблакаваны
Суд по «делу БелаПАН» возобновится 12 сентября