• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дынько і Зісер пра Белсат і мову беларускіх мэдыяў

    Як варта ацэньваць зьяўленьне расейскамоўнай праграмы на Белсаце? Хто і як вызначае мову беларускіх мэдыяў? Што павінна і што не павінна дыктаваць дзяржава наконт моўнай палітыкі мэдыяў? Абмяркоўваюць шэф-рэдактар газэты «Наша ніва» Андрэй Дынько і заснавальнік парталу TUT.BY Юры Зісер.

    Дракахруст: Тэлеканал «Белсат», які вяшчае з Польшчы, зьбіраецца адкрыць расейскамоўную праграму. Гэтае рашэньне выклікала гарачую дыскусію. Такую ж дыскусію спарадзіла ў свой час рашэньне адкрыць на «Нямецкай хвалі» беларускую праграму па-расейску. Насамрэч, спрэчкі і тады і зараз былі не адно пра гэтыя канкрэтныя невялікія праекты самі па сабе, а пра прынцыпы. Удзельнікі нашай перадачы — кіраўнікі адных з самых буйных прыватных мэдыя-праектаў у Беларусі. Але напачатку — усё ж пра новую расейскамоўную праграму Белсату. Вашае стаўленьне да гэтай ініцыятывы?

    Дынько: Што да Белсату, то гэта прыклад таго, чым ёсьць дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, дзе вырашальны чыньнік — гэта польскі чыноўнік, які не разумее асаблівасьцяў працэсу. У вас нізкія рэйтынгі? Як павысіць рэйтынгі? Ну давайце па-расейску будзем рабіць. Белсат мае пэўны імідж, пэўную нішу, ну і што там адна расейскамоўная праграма зьменіць? Нічога яна ня зьменіць, гэта абсурд. Тут пытаньне ў фармаце Белсату. Яны рабілі і робяць клясычны тэлеканал у эпоху інтэрнэту, калі аўдыторыя тэлеканалаў і значэньне тэлеканалаў звужаецца. Хай бы яны перайшлі ў YouTube працаваць, рабілі бы там ролікі. На дзьвюх мовах рабіце гэтыя ролікі, агучка і субтытры па-расейску вам павялічаць сабекошт на 5%, але вы будзеце мець дзьве вэрсіі. Але гэтага не робіцца, замест гэтага зьяўляецца рускамоўнае праграма, што па-мойму поўная дурасьць.

    Дракахруст: І Юры, ваша ацэнка. Як вы ставіцеся да зьяўленьня такой праграмы ў межах Белсату?

    90 % насельніцтва Беларусі ўсё ж такі размаўляе па-расейску

    Зісер: Я стаўлюся станоўча, бо больш, чым 90 % насельніцтва Беларусі ўсё ж такі размаўляе па-расейску і зь беларускай мовай пасьля школы асабліва не сустракаліся, і таму Андрэй мае рацыю, што рэйтынгі падымуцца. Але Андрэй таксама мае рацыю ў тым, што там, відаць, няма дакладнай стратэгіі, польскае кіраўніцтва проста не разумее, што тут адбываецца, у іх нейкія свае стэрэатыпы, і яны проста не даюць магчымасьці беларусам рабіць тое, што яны хочуць. Таму посьпех будзе абмежаваны, у гэтым я з Андрэем салідарны.

    Дракахруст: Я не зразумеў, чым абмежаваны посьпех? Але давайце мы пагаворым больш шырока. Андрэй сказаў, што кепска, калі дзяржава вырашае за СМІ. Але пытаньне аб мове вашых выданьняў вырашылі ўсё ж такі вы, а не дзяржава. Вынікі атрымаліся фактычна супрацьлеглыя. Так, на TUT.BY прысутнічаюць элемэнты на беларускай мове, на «Нашай Ніве» — элемэнты на расейскай мове. Але ў прынцыпе для ўсёй беларускай публікі «Наша Ніва» — гэта беларускамоўнае выданьне, а TUT.BY — расейскамоўнае. І калі вы прымалі рашэньне, якім будзе вашае выданьне, чым вы кіраваліся?

    Наша мэта — максымізацыя аўдыторыі

    Зісер: У нас усё вельмі проста. У нас няма аніякай зьнешняй падтрымкі, таму мы павінныя абапірацца толькі на даходы ад рэклямы, таму трэба максымізаваць аўдыторыю. І наша мэта — яе максымізацыя. Паколькі больш 90% аўдыторыі — расейскамоўныя, то мы вымушаныя ў асноўным арыентавацца на расейскамоўную аўдыторыю.

    Дракахруст: Юры, а гэтая лічба — 90 % — яна адкуль вынікае? Паводле перапісу ўсё ж не зусім так, паменш будзе.

    Беларускамоўным інтэрфейсам TUT.BY карыстаецца толькі каля 1,5 % карыстальнікаў

    Зісер: Усё нават горш. Па нашым падлікам беларускамоўным інтэрфейсам TUT.BY карыстаецца толькі каля 1.5% карыстальнікаў. Магчыма, гэта таму, што ёсьць «Наша Ніва», дзе ёсьць толькі беларуская мова. Але мы насамрэч прытрымліваемся Канстытуцыі, дзе прапісанае дзьвюхмоўе. У нас партал дзьвюхмоўны. Ёсьць навіны, якія выходзяць і на расейскай. і на беларускай мовах адначасова. Ёсьць тэксты, якія выходзяць толькі на беларускай мове. Мы ніяк не абмяжоўваем журналістаў у выбары мовы.

    Ну і, канешне, часам плакаць хочацца. Напрыклад, нядаўна быў цудоўны матэрыял, як беларус сустракаўся з чатырма прэзыдэнтамі ЗША і прывёз аднаго зь іх у Менск. 30 траўня быў гэты цудоўны артыкул. На расейскай мове яго б прачытала, напэўна, тысяч сто, а на беларускай яго ўсяго 10 000 чалавек прачытала. Проста крыўдна за працу.

    Дракахруст: Андрэй, і ваш адказ. Калі вы прымалі рашэньне перайсьці ў беларускамоўнае выданьне, чым вы кіраваліся?

    Дынько: Я прыйшоў у «Нашу Ніву», калі яна была ўжо сто гадоў да мяне, таму не мы выбіралі. Наша задача была працягваць традыцыю, толькі што кожнае наступнае пакаленьне рэдактараў «Нашай Нівы» выбірае нейкую сваю стратэгію, канцэпцыю напаўненьня яе зьместам, а ўмова застаецца.

    Дракахруст: Юры ўжо прывёў дадзеныя па наведвальнасьці рускамоўнага тутбая і беларускамоўнага. У апошняга наведвальнасьць значна менш. Але я памятаю нейкі час была публікацыя на «Нашай Ніве» пасьля таго, як у газэты зьявілася расейскамоўная старонка. Паводле гэтых дадзеных атрымлівалася, што беларускамоўную старонку наведвалі значна больш, чым расейскамоўную таго ж самага выданьня. То бок атрымоўваецца, што справа ня толькі ў мове. Калі кіравацца лёгікай спадара Зісера, то павінна было б быць, што нават на «Нашай Ніве» людзі павінныя былі б хапацца за расейскамоўную старонку. Але гэтага не адбываецца. Чаму?

    Калі мы хочам зьмяніць сытуацыю, то мы мусім нешта рабіць для гэтага, яна сама сабой не зьменіцца

    Дынько: Ёсьць два моманты. Па-першае, на TUT.BY стаіць па змаўчаньні расейскамоўны інтэрфэйс. Калі вы паставіце беларускамоўны па змаўчаньні, то людзі будуць карыстацца гэтым беларускамоўным інтэрфэйсам. Калі будуць унутры артыкул па-расейскаму, але калі назвы рубрык, напрыклад, будуць па-беларуску ці нейкія яшчэ тэхнічныя надпісы, людзі будуць гэтым карыстацца.

    Тое самае на Хартыі. Калі па змаўчаньні стаіць расейская мова, яны не будуць нічога зьмяняць спэцыяльна. Гэта як «лёгіка кефіру»: калі чалавек прыходзіць у краму, ён бярэ той кефір, які там ёсьць. Ёсьць «Савушкин продукт», ён бярэ «Савушкин продукт». Няма яго — бярэ «Полацкае малако». Ён не будзе ісьці ў іншую краму, каб купіць іншы кефір. Вельмі мала спажыўцоў, якія пойдуць у іншую краму па іншы кефір.

    Але другі момант у тым, што «Наша Ніва» арыентаваная на тых людзей, якія хочуць чытаць па-беларуску. І тут бяз розьніцы, расейскамоўная вэрсія ці беларускамоўная на НН — яны абедзьве арыентаваныя на тых людзей, якія хочуць чытаць па-беларуску. І таму гэтыя людзі ідуць на «Нашу Ніву».

    Матэрыялы нашай расейскамоўнай вэрсіі перакладзеныя з беларускай мовы, там калькаў шмат, яны зьяўляюцца, бо мы спачатку пішам па-беларуску, а потым ужо перакладаем на расейскую. І гэта пытаньне таго, чаго мы хочам дасягнуць. За апошнія 25 гадоў Беларусь русыфікавалі ўжо амаль цалкам. Цяпер беларуская мова ў Менску, у гарадах практычна нідзе не гучыць па-за межамі кватэраў. Але пытаньне ў тым, ці мы ўспрымаем гэту сытуацыю як нармальную? Калі мы хочам яе зьмяніць, то мы мусім нешта рабіць для гэтага, яна сама сабой не зьменіцца. Мусіць быць дзеяньне — толькі дзеяньне зьмяняе.

    Дракахруст: Вось як раз пытаньне наконт дзеяньняў. Варта сказаць, што ў гісторыі такая моўная сытуацыя зусім не ўнікальная. Напрыклад, у 1918 годзе Чэхаславаччына набыла незалежнасьць, тады прынамсі ў Празе, прынамсі сярод інтэлігенцыі вельмі шмат людзей гаварыла па-нямецку. Вялікі Кафка, які, дарэчы, ведаў чэскую мову, але пісаў толькі па-нямецку. Але калі прыйшла новая ўлада, чэхаславацкая ўлада, друк у гэтай краіне паціху стаў чэскім.

    Іншы прыклад — Ізраіль. На іўрыце пры ўтварэньні гэтай дзяржавы амаль ніхто ўвогуле не гаварыў. Людзі гаварылі на ідзеш, на іншых мовах, але зараз там усё выдаецца на іўрыце, і магчыма гэта было зроблена ў тым ліку і дзеяньнямі дзяржавы. Вось сказала бы вам дзяржава зрабіць старонку беларускай, вы б зрабілі, Юры?

    Каб вы ведалі, як шмат людзей незадаволеныя, калі мы раз на год у дзень роднай мовы ўключаем аўтаматычна для ўсіх беларускамоўны інтэрфэйс

    Зісер: У нас у тэкстах навінаў ёсьць і беларускія кавалкі. Мы ж бярэм тэкст і інтэрвію на тых мовах, на якіх размаўляюць пэрсанажы. Мы нічога не перакладаем, у нас проста няма на гэта часу, бо нікому не патрэбныя ўчорашнія навіны. Я ўжо не кажу пра грошы, часу няма. І дарэчы, раз на год у дзень роднай мовы беларускамоўны інтэрфэйс уключаецца аўтаматычна для ўсіх. І каб вы ведалі, як шмат людзей незадаволеныя.

    Дракахруст: Юры, а калі б дзяржава загадала, што любое выданьне ў Беларусі павінна быць па-беларуску. Ці моцна б гэта зьмяніла вашую аўдыторыю?

    Калыханкі большасьці сучасных беларусаў іх маці сьпявалі па-расейску

    Зісер: Вы ведаеце, людзі сышлі б проста на іншыя рэсурсы. Гэта пытаньне зручнасьці. Так, у мовы шмат функцыяў, але асноўная — гэта камунікацыя. Чалавек любіць чытаць на той мове, якую лічыць матчынай мовай. І калыханкі большасьці сучасных беларусаў іх маці сьпявалі па-расейску. І гэта трэба ўлічваць.

    Мэта такая ёсьць, і мэта вельмі высакародная. Трэба ўкараняць беларускую мову, трэба яе падтрымліваць. І мы таксама гэтым займаемся, былі цэлы год заняткі беларускай мовы. Але мы не можам сабе гэта дазволіць як самамэту. Мы ўсё ж рэсурс навінаў.

    Дракахруст: Андрэй, вы прыгадалі кефір, а я прыгадаў цікавы артыкул, які пэўны час таму апублікаваў вядомы дасьледчык, аўтар тэорыі чорнага лебедзя Насім Талеб. Гэта артыкул пра ролю меншасьцяў. І ён распавядае пра сытуацыю ў Злучаных Штатах, што там ёсьць вельмі невялікая мусульманская меншасьць. Мусульмане спажываюць халяльныя прадукты (асаблівым чынам прыгатаваныя). Мусульман там выразная меншасьць. Але яны вельмі матываваныя, каб прадукты былі толькі халяльныя. А астатнім няма розьніцы.

    І ў выніку дзеяньняў, патрэбаў гэтай матываванай меншасьці халяльнымі зрабіліся ледзь не сто адсоткаў прадуктаў. І вось Талеб распавядае, як меншасьць можа фактычна заваяваць большасьць, можа накінуць большасьці свае каштоўнасьці, бо яна вельмі матываваная, а большасьці па вялікаму рахунку ўсё роўна. Гэтак жа і ў Беларусі — гэтыя 90%, пра якіх кажа спадар Зісер, яны ж усе ведаюць беларускую мову. Дык вось калі гэты мэханізм, апісаны Талебам, працуе, а калі не працуе?

    Зрабіце спачатку, каб генэралы загаварылі па-беларуску, тады і СМІ самі пераарыентуюцца

    Дынько: Па-першае, калі мы закідаем папрокі Тутбаю, то гэта пытаньні не да Зісера, а ў першую чаргу да беларускай дзяржавы. Не прыватнікі, а дзяржава павінная гэта вызначаць, і палітыка мусіць быць комплексная. Нельга сказаць, што СМІ павінны быць па-беларуску, калі ў нас генэралы гавораць па-расейску.

    Зрабіце спачатку, каб генэралы загаварылі па-беларуску, тады і СМІ самі пераарыентуюцца. Тут гаворка не пра загады, а пра палітыку спрыяньня, пра палітыку пазытыўнай дыскрымінацыі. Беларускамоўныя таксама вельмі моцна ўплываюць на грамадзтва, таму што яны актыўныя. Іх можа няшмат, але яны актыўныя, яны пішуць, яны патрабуюць, яны адчуваюць сваё маральнае права. І адчуваюць яны сваё маральнае права, бо яно ў іх ёсьць, бо гэта пытаньне справядлівасьці.

    Калі Юры кажа, што зараз беларускія матулі сьпяваюць дзецям калыханкі па-расейску, а вось яшчэ ў 60–70 гадах сьпявалі па-беларуску. А пасьля таталітарная дзяржава ўзяла і перавяла людзей на іншую мову.

    Ці не дае гэта нам маральнае права прэтэндаваць, каб усё ж такі мы вярнулі, можа ўжо не матчынай, а бабчынай мове, але вярнулі ёй месца, якое яна мела. Бо не павінная мова, на якой тут сотні гадоў гаварылі, не павінная зьнікаць, гэта пытаньне справядлівасьці.

    А па-другое, гэта яшчэ пытаньне нацыянальнай бясьпекі — мова. Рана ці позна той ці іншы кіраўнік Расеі на тым ці іншым гістарычным этапе паспрабуе анэксаваць расейскамоўныя тэрыторыі, што мяжуюць з Расеяй. І каб гэтага не стала, Беларусь павінная гаварыць па-беларуску. Яна і па-расейску, і па-ангельску няхай адначасова гаворыць. Так вось Казахстан, напрыклад, спрабуе зараз зрабіць.

    Але беларуская мова не павінна быць замест іншых моваў, яна павінна быць у дадатак да іншых моваў. Так каталёнцы цяпер робяць. Каталёнскі прыклад нацыянальнага і моўнага адраджэньня — гэта той прыклад, які для мяне ўзор. Беларусь павінна ісьці той самай дарогай. Раз мы будуем дзяржаву, значыць мы будуем, у тым ліку і ў моўным пытаньні.

    Дракахруст: Юры, зараз да вас тое ж пытаньне — пра гэты прыклад Талеба, пра яго аналіз. Ён, канешне, прыгожы, але справа ў тым, што на адзін прыклад, калі меншасьць навязвае свае каштоўнасьці, свае прынцыпы, хіба ня 10 ці 100 адваротных. Беларуская сытуацыя падобная да тую, якую апісаў Талеб? І калі не, то чаму?

    Мова — частка нас

    Зісер: Перайсьці на халяльнае мяса вельмі проста, гэта можна зрабіць за адзін дзень, бо яно нічым не горш за нехаляльнае. А каб зьмяніць мову — патрэбныя дзесяцігодзьдзі, калі не стагодзьдзі. Трэба, каб тры пакаленьні зьмяніліся, каб нашы генэралы загаварылі па-беларуску і пачынаць трэба наўпрост з дзіцячага садку, са школы. Павінна быць комплексная дзяржаўная праграма, і гэта не можа быць зроблена гвалтоўнай зьменай мовы СМІ па нейкім загадзе. Бо мова — частка нас.

    І невыпадкова, што Зянон Пазьняк у 1994 годзе атрымаў усяго некалькі адсоткаў — гэта як раз была тая аўдыторыя, якая была гатова перайсьці на беларускую мову, астатнія былі проста не гатовыя. І я магу прыводзіць шмат прыкладаў, проста не хачу займаць час, як людзі рэагуюць, калі да іх зьвяртаесься па-беларуску.

    Дракахруст: Юры, але тут справа менавіта ў дзеяньнях дзяржавы ці ў нейкіх рынкавых мэханізмах, якія працуюць альбо не працуюць? Бо ў сытуацыі халяля ў ЗША не дзяржава вырашала, а рынкавыя субʼекты, такія як вы, альбо «Наша Ніва», яны проста прымалі такія рашэньні, хаця гэта трэба было толькі некалькі адсоткам іх спажыўцоў.

    Калі б дзяржава загадала нам перайсьці на беларускую, дык дзяржава нас гэтым бы і зьнішчыла б

    Зісер: Калі б дзяржава загадала нам перайсьці на беларускую, дык дзяржава нас гэтым бы і зьнішчыла б. Бо нам дастаткова згубіць некалькі дзесяткаў адсоткаў аўдыторыі, і ніхто не будзе замаўляць у нас рэкляму. Людзі сыдуць на mail.ru замаўляць, на yan­dex, і аўдыторыя пяройдзе да іх. Пры пераходзе на беларускую мову, у нас аўдыторыя ўпадзе ў некалькі разоў. Няхай не ў 10 разоў, не ў 50, але ўпадзе. Мы проста гэтага не можам дазволіць сабе, дзяржава нас тым самым проста закрые.

    Гэта нельга зрабіць у адзін момант, бо гэта зьвязана са звычкамі, якія ўкараніліся ў сьвядомасьці і падсьвядомасьці людзей. Мова ня можа быць зьмененая па загадзе, гэта нонсэнс.

    І калі ўзгадаць Ізраіль, то так — там было ўсё ня проста, размаўлялі на ўсіх мовах. Але калі была шасьцідзённая вайна 1967 году, ў краіне паднялася такая хваля патрыятызму, што людзі самі масава перайшлі на іўрыт. А паглядзім на Ўкраіну 2014 году, дзе ўкраінскую мову ведаюць амаль усе, а для васьмі вобласьцяў на захадзе ўкраінская мова родная. І чамусьці ў іх такога не адбылося — яны працягваюць размаўляць па-расейску, глядзець расейскамоўныя каналы. Нават вайна не выклікала гэтай пераарыентацыі на ўкраінскую мову. То бок нават у лепшых умовах, чым у Беларусі, гэта вельмі складана. Ну і агульнасусьветныя тэндэнцыі — з‑за глябалізацыі колькасьць моваў сьвету памяншаецца, і гэтай тэндэнцыі супрацьстаяць вельмі цяжка.

    Дракахруст: Андрэй, вы ўжо казалі пра расейскую пагрозу, і з вашага пункту гледжаньня штык ідзе за мовай. Але калі мы паглядзім дадзеныя Gemius па беларускай мэдыйнай сытуацыі — што глядзяць, слухаюць, чытаюць, клікаюць беларусы ў інтэрнэце ў масавым маштабе? На першым месцы mail.ru, потым Yan­dex ці VK, трэцяе месца — TUT.BY. Ну вось перавядзем мы TUT.BY на беларускую. І хто тады акажацца на трэцім месцы? Баюся, што нейкае.ru. Дык не адказваецца, што ў масавым маштабе супрацьвага «рускаму сьвету» ў Беларусі — гэта расейскамоўны TUT.BY?

    Заслугу Тутбая нельга недаацаніць у тым, што ён робіць для фармаваньня нацыянальнай сьвядомасьці, палітычнай сьвядомасьці

    Дынько: Я з гэтым не спрачаюся. Заслугу Тутбая нельга недаацаніць у тым, што ён робіць для фармаваньня нацыянальнай сьвядомасьці, палітычнай сьвядомасьці. У гэтым сэнсе Тутбай сваім прафэсіяналізмам, сваёй адданасьцю прафэсіі робіць проста калясальную рэч. Мы маем шмат газэтаў, якія ўжо даўно страцілі ўсялякі ўплыў, а Тутбай робіць нашмат больш за іх, я абсалютна не спрачаюся.

    Але калі мы хочам нешта мяняць, то мы павінны думаць, як мы можам гэта зьмяніць. Зьмяняць можна, дзяржава можа мяняць. Дынько аднаму, Дракахрусту аднаму ці адной тэлепраграме гэта не пад сілу, але калі ёсьць комплексная дзяржаўная палітыка, то гэта цалкам рэальна. Мне здаецца, што часам некаторымі народ успрымаецца, як нейкая тупая маса. Ня трэба яго недаацэньваць. У нашым народзе ёсьць і патрыятызм, і жаданьне больш гаварыць па-беларуску, і сацыёлягі гэта пацьвярджаюць.

    Некалькі разоў было дасьледаванае гэта пытаньне, і больш за 50% кажуць, што яны хацелі бы больш беларускай мовы ў СМІ. Калі Юры кажа, што, калі нам загадаюць перайсьці на беларускую мову, то Тутбай лясне і прайграе і выйграюць mail.ru і Yan­dex. Але вось цяпер ва Ўкраіне закрылі Yan­dex, і што? Выжыла Ўкраіна, не ўпала неба на зямлю, і мясцовыя тамтэйшыя Тутбаі таксама не закрываюцца ад таго, што там ВКонтакте закрылі. Калі мэта ўмацаваньня нашай дзяржавы, нашай супольнасьці, то любыя ўмовы могуць быць добрыя. І мусіць быць мэта.

    Дракахруст: Юры, да формулы Андрэя — калі мы хочам нешта мяняць, то мы мусім мяняць. А што вы гатовы зьмяніць? Вось беларуская мова зараз больш прысутнічае ці менш прысутнічае на партале? І ўвогуле — а на што яна вам на Тутбаі?

    Зісер: У тым ліку для прасоўваньня беларускай мовы, нас гэта таксама хвалюе. І мы ахвотна пішам на беларускай мове. Калі наш аўтар піша на беларускай мове, мы яго так і даем.

    Дракахруст: А ці робіце вы нейкія адмысловыя крокі для таго, каб беларускай мовы было больш, ці вы лічыце, што гэта не трэба? Можа вы лічыце, што трэба нешта зьмяняць, як кажа Андрэй, але не гэта?

    «Наша Ніва» — гэта наш нацыянальны скарб

    Зісер: У нас няма такой задачы. Гэта проста не ўваходзіць у лік нашых прыярытэтных задачаў. То бок яно, зразумела, але мы не можам нічога рабіць, што зьмяншае ахоп нашай аўдыторыі. Гэта наш прынцып. А так мы робім і імпрэзы ў галерэі TUT.BY, і гэтыя курсы моўныя, і пераключаем у дзень мовы інтэрфэйс, і тэксты ёсьць увесь час па-беларуску. Пры гэтым яны ў большай прапорцыі, чым рэальны адсотак беларускамоўнай аўдыторыі.

    І я ў сваю чаргу захапляюся тым, што робіць Андрэй Дынько, дзякуй вам, Андрэй, за добрыя словы. «Наша Ніва» — гэта наш нацыянальны скарб, ён павінна разьвівацца і папулярызаваць беларускую мову. Пераклад, дарэчы, праблему не вырашае, бо беларускамоўнаму чытачу патрэбныя іншыя тэксты, іншыя навіны, можа нават увогуле не навіны.

    Дракахруст: Мяркую, што спрэчкі вакол рашэньня аб стварэньні расейскамоўнай перадачы на Белсаце ў значнай ступені абумоўленыя тым, што размова ідзе пра замежныя, эўрапейскія СМІ для Беларусі. У самой Беларусі апошнім часам зьявіўся шэраг вельмі цікавых мэдыйных праектаў, створаных маладымі людзьмі, «дзецьмі незалежнасьці» — КУКУ, Сіцідог, Большой. І робяцца яны на расейскай мове і ніхто іх асабліва не папракае. Чаму ж замежнікі мусяць рабіць іншы выбар, чым, скажам, беларуска Саша Раманава?

    Я адчуваю маральную і інтэлектуальную блізкасьць з Юрыям Зісерам

    Дынько: Раманава сама заяўляла, што КУКУ робіцца дзеля грошай. А Белсат у сваёй задуме быў дзеля каштоўнасьцяў. І ў гэтым сэнсе глядач можа сказаць — што ж у вас за каштоўнасьці, калі вы за грошы можаце і мову памяняць. Што дасьць гэтая рускамоўная праграма для Белсата? Гэта ні ў сэнсе фінансавым, ні ў сэнсе практычным не дасьць нічога.

    Я кажу — перакладайце свае праграмы паралельна на расейскую мову і выстаўляйце ў YouTube. Гэта вам павялічыць бюджэт на 5% і вы будзеце мець дзьве вэрсіі. Гэта што да Белсату.

    А што агулам да нашай гутаркі, то, Юры, я ў вашай пастаноўцы пытаньняў пабачыў спробу сутыкнуць нас ілбамі з Юрыем Зісерам, а мы ўсё ўпарта не хочам сутыкацца. Таму што я, напрыклад, адчуваю маральную і інтэлектуальную блізкасьць з Юрыям Зісерам. Мала людзей у Беларусі, зь кім я такое адчуваю. І гэта, мне падаецца, важная аснова.

    Вось Зісер — чалавек, які прыехаў у Беларусь ужо ў сталым веку, і ён робіць Тутбай па-расейску, а я раблю «Нашу Ніву» па-беларуску, мы вельмі блізкія, і гэта ёсьць аснова для будучыні. І мы павінны рабіць нейкія наступныя крокі, каб яшчэ больш збліжацца. Толькі гэтыя крокі мусяць быць асьцярожныя.

    Мы ня можам ніякіх загадаў рабіць у гэтай сфэры, мы не можам сказаць, што з заўтрашняга дня мы мяняем мову, гэта ніколі не будзе рэальнасьцю. Але што мы мусім рабіць? Мы мусім мець ясны плян, што заўтра мы зробім маленькі крок, пасьлязаўтра яшчэ адзін, і так у рэшце праз 10 гадоў, праз 20, праз 30 гадоў мы зробім нашую краіну лепшай. Дзякуючы гэтым маленькім крокам, мы станем яшчэ бліжэйшымі, яшчэ больш салідарнымі. Вось так я бачу моўную палітыку, якая павінна быць у нашых СМІ.

    Дракахруст: Юры, ну і ваш крытычны выпад у мой адрас, пра тое, як я вас сутыкаў ілбамі?

    Мне вельмі сымпатычная «Наша ніва», і добра, што ёсьць разнастайнасьць моваў, падыходаў, пазыцыяў

    Зісер: Ня ведаю, па-мойму, усё было добра, і ў асноўным мы згодны з Андрэем па ўсіх пазыцыях. Мне вельмі сымпатычная «Наша ніва», і добра, што ёсьць разнастайнасьць моваў, падыходаў, пазыцыяў. Гэта, уласна, плюралізм у мэдыя. Для краіны гэты вельмі важна і патрэбна. Задача адраджэньня нацыянальнай мовы вельмі важная, і мы ўсе будзем рабіць належны ўнёсак.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці