Дырэктар магілёўскай школы адмовіўся размаўляць з журналістамі, спаслаўшыся на неабходнасць дазволу з боку кіраўніцтва
Дырэктар магілёўскай сярэдняй школы № 9 Аляксандр Сёмачкін адмовіўся размаўляць з журналістамі, спаслаўшыся на тое, што яму для гэтага патрэбны дазвол упраўлення адукацыі.
28 жніўня бацькі дзесяцікласнікаў з СШ № 9 Магілёва разам з журналістамі вырашылі пагутарыць з дырэктарам школы Аляксандрам Сёмачкіным. Падставай стала тое, што, паводле бацькоў, ён прымушае іх забраць дакументы дзяцей са школы. Нібыта адпаведнае рашэнне было прынятае ў сувязі з тым, што навучаць дзесяцікласнікаў эканамічна нявыгадна з‑за іх невялікай колькасці.
Па словах журналіста магілёўскага сайта mspring.online Аляксандра Буракова (малодшага), журналісты разам з бацькамі чакалі дырэктара каля школы. Убачыць Аляксандра Сёмачкіна атрымалася, калі ён выйшаў да свайго аўтамабіля на паркоўцы.
Аляксандр Сёмачкін адразу адмовіўся размаўляць з журналістамі, — распавёў Аляксандр Буракоў у гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ”:
— Ён сказаў, што “без дазволу ніякай размовы са СМІ не будзе. Тэлефануйце майму непасрэднаму начальству, пытайцеся ў іх дазволу”. Калі я паспрабаваў патлумачыць дырэктару, што няма ніякіх нарматыўных актаў, якія б патрабалі дазволу для размовы з журналістамі, спадар Сёмачкін са мной не пагадзіўся. Аднак, так і не змог назваць закон, які забараняў яму адказваць на нашыя пытанні.
Акрамя Аляксандра Буракова, пагутарыць з дырэктарам магілёўскай школы № 9 спрабавалі карэспандэнты інфармацыйнага агентва БелаПАН і tut.by.
Пасля публікацый у СМІ пра тое, што кіраўніцтва школы адмаўляецца набіраць вучняў у дзясяты клас, яе 29 жніўня наведалі чыноўнікі з гарадскога і абласнога ўпраўленняў адукацыі. Паводле бацькоў, прыязджаў у школу і старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц, інфармуе радыё “Свабода” https://www.svaboda.org/a/30135193.html.
29 жніўня бацькам дзесяцікласнікаў, у якіх адмаўляліся прымаць заявы альбо настойліва прасілі забраць дакументы са школы, пачалі тэлефанаваць прадстаўнікі адміністрацыі навучальнай установы і запрашаць на школьную лінейку. На думку бацькоў, без розгаласу ў СМІ дамагчыся захавання класа ў школе № 9 Магілёва ім не ўдалося б.