• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дзесяць “сутак” за працу. Бабруйскі суд: журналіст не мае права асвятляць несанкцыянаваную акцыю

    Суд Бабруйскага раёна і горада Бабруйска пастанавіў, што Сяржук Лацінскі — журналіст і назіральнік БХК, сваёй прысутнасцю на акцыі “жывы ланцуг” 19 чэрвеня парушыў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

    Пакаранне — дзесяць сутак арышту паводле арт. 23.34 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

    Пазней стала вядома, што прыкладна апалове дзявятай увечары Сяргея Лацiнскага адпусцiлi дадому з высокай тэмпературай, пакаранне ён будзе адбываць пазней.

    Разам з Сержуком 22 чэрвеня ў Бабруйску судзілі яшчэ дваіх затрыманых. Яны таксама атрымалі па дзесяць сутак зняволення. Справы разглядала суддзя Таццяна Тарабуева.

    Адвакатаў у абвінавачаных не было.

    Сяржука Лацінскага затрымалі разам з жонкай, Алесяй Лацінскай, сябрам ГА “БАЖ”, журналісткай мясцовага партала bobr.by. Яна асвятляла акцыю па заданні рэдакцыі, але гэта не было нейкім важкім аргументам для супрацоўнікаў АМАПу.

    Алеся распавяла, што ў УУС Бабруйскага гарвыканкама, куды іх даставілі пасля затрымання, падчас дагляду яе прымусілі цалкам распрануцца.

    “Мяне адвялі ў пакой асабістага дагляду. Там са мной былі дзве жанчыны-міліцыянткі. Яны загадалі зняць сарафан, станік, і нават майткі, — распавяла Алеся. — Некалькі секунд глядзелі на мяне, потым сказалі апранацца. Перад гэтым папярэдзілі, што любая нязгода з загадамі будзе трактавацца як непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі”.

    Алеся была адзінай, каго даглядалі так “старанна”.

    “Мяркую, што гэта было зроблена, каб паказаць мне маё месца, прынізіць, і каб запужаць іншых жанчын, маўляў, вось што з вамі можа быць, калі затрымаюць на пікеце”, — лічыць журналістка.

    Алесю адпусцілі пасля складання пратакола апытання.

    “Міліцыянт не дазволіў мне ні з кім паразмаўляць, вывеў на вуліцу, і сказаў — ідзі займайся дзіцём”, — кажа Алеся. (У сям’і Лацінскіх пяцігадовы сын.)

    Сяржука Лацінскага пакінулі за кратамі да сённяшняга суда. Ягонае хадайніцтва пра тое, каб жонка была прадстаўніком у судзе, суддзя адхіліла, маўляў, у Алесі няма юрыдычнай адукацыі.

    Алеся Лацінская выступала на судзе па адміністрацыйнай справе мужа ў якасці сведкі.

    “Суддзя ўвогуле не слухала ніякіх маіх аргументаў, яе не цікавіла, што Сяржук быў на акцыі як  журналіст і адначасова як назіральнік ад БХК, зарэгістраваны ў выбарчай камісіі Ленінскага раёна г. Бабруйска, — распавяла журналістка. —

    Суддзя казала, што ніводзін журналіст не мае права асвятляць несанкцыянаваную акцыю”.

    Увечары 19 чэрвеня ў Бабруйску быў затрыманы яшчэ адзін журналіст — Дзяніс Носаў з мясцовай газеты “Вечерний Бобруйск”. Ён пад’ехаў да будынка УУС, каб падтрымаць затрыманых, але, нікога там не пабачыўшы, сышоў.

    “Ішоў па вуліцы, спыніўся на хвіліну ля прыпынка павітаць знаёмага, што ехаў насустрач. Наляцелі два амапаўцы: “Вас предупреждали, расходимся”. І хоць я й тлумачыў, што іду да хаты, вось ужо пераход — усё роўна забралі”, — распавёў Дзяніс пра сваё затрыманне.

    Яго адпусцілі пасля складання пратакола апытання.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці