• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дзевяць журналістаў з’яўляюцца фігурантамі крымінальных справаў

    ГА “БАЖ” вядома, што шэсць журналістаў з’яўляюцца фігурантамі крымінальнай справы аб масавых беспарадках паводле ч. 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Паводле гэтага арыткула, мінімальнае пакаранне прадугледжвае штраф, а максімальнае — пазбаўленне волі на тры гады.

    Яшчэ трое журналістаў праходзяць падазраванымі па іншых крымінальных справах. Гэта беспрэцэдэнтны маштаб ціску на журналістаў.

    Паводле ч. 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса прад’яўлена абвінавачванне журналісткам “Белсата” Кацярыне Андрэевай і, меркавана, Дар’і Чульцовай. Для Андрэевай абраная мера стрымання: арышт на 2 месяцы (то бок да 20 студзеня 2021 года). Кацярына не прызнае сваю віну і цалкам адмаўляецца ад дачы паказанняў. Па месцы прапіскі Кацярыны, у яе сваякоў, быў праведзены ператрус, але там нічога не знайшлі і не канфіскавалі. Як адзначаецца ў пратаколе, «прыладаў і сродкаў здзяйснення злачынства, прадметаў і дакументаў, якія маюць дачыненне да крымінальнай справы, не выяўлена».

    Журналістак Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову затрымалі 15 лістапада ў Мінску. Іх судзілі быццам бы за парушэнні арт. 23.34 і 23.4 КаАП («удзел у масавых акцыях пратэсту» і «непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі»). Пакаранне кожнай — 7 сутак арышту. Суддзя — Вольга Няборская.

    Але потым стала вядома, што супраць Андрэевай распачатая крымінальная справа. Меркавана, Дар’я Чульцова таксама абвінавачаная. Але яе адвакат даў падпіску аб неразгалошванні і дакладны працэсуальны статус Дар’і пакуль невядомы. Журналісткі знаходзяцца ў ізалятары.

    Чацвёра журналістаў, якія былі затрыманыя падчас вулічных пратэстаў 1 лістапада, былі пакараныя ў межах Адміністрацыйнага кодэкса, а потым сталі падазраванымі ў межах крымінальнай справы  паводле арт. 342 КК РБ («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

    Гэта фатограф «Новага Часу» Дзмітрый Дзмітрыеў, 13 лістапада да яго прыходзілі з вобшукам у межах справы. А перад гэтым Дзмітрый адбыў 10 сутак адміністрацыйнага арышту па абвінавачанні ў парушэнні арт. 23.34 і 23.4 КаАП. Падчас затрымання 1 лістапада на вулічнай акцыі пратэсту, дзе Дзмітрый працаваў фатографам, яго моцна збілі.

    Падазраваным з’яўляецца і журналіст-аператар Зміцер Солтан (Буянаў). Яго затрымалі падчас акцыі 1 лістапада, збілі, забралі камеру і тэлефон. Ён адбыў адміністрацыйны арышт 10 сутак паводле арт. 23.34 і 23.4 КаАП.

    1 лістапада былі затрыманыя ў Мінску журналісты «Белсата» Зміцер Краўчук і Арцём Багаслаўскі. Яны былі аштрафаваныя паводле арт. 23.34 КаАП. Таксама яны ў статусе падазраваных па крымінальнай справе паводле арт. 342 КК РБ.

    Такім чынам на сёння спіс журналістаў, якія праходзяць у межах артыкула 342 Крымінальнага кодэкса — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», такі:

    Кацярына Андрэева  
    Дар’я Чульцова 
    Дзмітрый Дзмітрыеў
    Зміцер Солтан (Буянаў)
    Зміцер Краўчук  
    Арцём Багаслаўскі.

    Журналістка TUT.BY Кацярына Барысевіч застаецца ў СІЗА КДБ да прад’яўлення абвінавачання — як мінімум да 29 лістапада. Кацярына праходзіць падазраванай па ч. 3 арт. 178 КК — раскрыццё ўрачэбнай таямніцы, якое прывяло да цяжкіх наступстваў. Крымінальную справу завяла Генеральная пракуратура.

    Ягор Марціновіч, галоўны рэдактар «Нашай Нівы», цяпер — падазраваны па крымінальнай справе за паклёп (артыкул 188 КК). Справа заведзеная, імаверна, праз апублікаваны на сайце «Нашай Нівы» матэрыял, у якім дыджэй Улад Сакалоўскі сцвярджае, што ў карцары на Акрэсціна яго біў чалавек, падобны да намесніка міністра ўнутраных спраў Барсукова. Барсукоў па справе праходзіць пацярпелым.

    Сакалоўскі цяпер — у Літве. Ён заявіў, што з’ехаў з краіны пасля таго, як яму пагражалі пасля таго інтэрв’ю.

    Юрыст Сяргей Зікрацкі лічыць, што падставы для справы за паклёп тут няма.

    «Па-першае, за паклёп наогул нельга судзіць. Міжнародныя прынцыпы свабоды выказвання меркавання і дзейнасці медыя зыходзяць з таго, што адказнасць за паклёп можа быць толькі грамадзянска-прававая.

    Журналіст Сяргей Сацук з’яўляецца падазраваным па справе аб хабары. У журналіста ўзялі абавязальніцтва аб яўцы (нават не падпіску аб нявыездзе) і вызвалілі. Таксама ў яго ўзятая падпіска аб неразгалошанні матэрыялаў справы. Абвінавачанні Сяргею так і не былі прад’яўленыя.

    Нагадаем, супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта Дзяржкантролю затрымалі галоўнага рэдактара выдання «Ежедневник» Сяргея Сацука 25 сакавіка 2020 года па падазрэнні ў атрыманні хабару. 27 сакавіка яго дапыталі ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў КДК, перавялі ў СІЗА № 1. 31 сакавіка 2020 года Камітэт дзяржкантролю завёў у дачыненні да Сяргея Сацука крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 430 КК РБ («Атрыманне хабару»). На думку следства, Сацук атрымаў у якасці хабару за напісанне артыкула «на канкурэнтаў» 5 тысяч долараў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці