• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дзмітры Плакс: Беларускія справы ў Швецыі сталі менш гучнымі, але не менш важнымі

    У фэсце «Вершы на асфальце» імя Міхася Стральцова ў Вільні бярэ ўдзел і шведская дэлегацыя, у складзе якой пісьменнік, перакладчык, рэжысёр Дзмітры Плакс.

    У размове з Budzma.org Дзмітры Плакс зазначае, што не прадстаўляе на фэсце нейкіх новых сваіх праектаў.

    — На Стральцоўскім фэсце будзе ганаровая госця, кіраўнічка Шведскага саюзу пісьменнікаў Грэтэ Ротбёль (Grethe Rot­tböll). Я калісьці перакладаў яе дзіцячую кніжку, думаю, у Вільні нешта з яе будзе чытацца.

    — Вы — адзін са стваральнікаў беларускай суполкі ў Швецыі, з 90‑х гадоў маеце досвед жыцця ў гэтай краіне. Беларусь — гэта ўжо вядомая шведам краіна, цікавая ім краіна?

    — У Швецыі была вялікая медыяцікавасць да Беларусі, калі былі пратэсты ў 2020 годзе. Але што тычыцца кніжнага рынку, то вялікіх зменаў не адбылося, на жаль. Што праўда, выйшла анталогія беларускай літаратуры, даволі грунтоўная. Выйшла некалькі кніжак. Напрыклад, кніга Юліі Цімафеевай «Мінскі дзённік» (пад назвай «Dagar i Belarus» — «Дні ў Беларусі»), зборнік Барыса Пятровіча «Фрэскі», гэтыя фрэскі ў Беларусі не былі апублікаваныя па вядомых абставінах і прычынах. Яшчэ я ведаю, што ў хуткім часе выйдзе кніга Максіма Знака «Зэкамерон», якая толькі вось нядаўна пабачыла свет у Нямеччыне. Яшчэ адзначу выхад кнігі Вальжыны Морт. То-бок нейкія такія зрухі ёсць апошнім часам, але такога вось масавага пералому не бачу. Ну але ёсць цікавасць у іншых галінах, таму хто як можа прасоўваць беларускую справу, то гэта робіць.

    — У якіх галінах?

    — Я працую тэатральным рэжысёрам і паставіў апошнім часам дзве п’есы беларускіх аўтараў, Першай была п’еса Андрэя Курэйчыка, па-беларуску яе назва гучыць «Пакрыўджаныя Беларусь (-ія)». Цікавасць была вялікая. Першая пастаноўка была яшчэ ў часе пандэміі, па тагачасных правілах можна было толькі 50 чалавек у залю пускаць. Але яна была знятая на відэа і апублікаваная на сайце тэатра, дзе атрымала вельмі шмат праглядаў. На тэатральным паказе прысутнічала тагачасная міністарка замежных спраў Швецыі, ды ўвогуле шмат каго было з палітычнага істэблішмэнту Швецыі. Гэтая п’еса пабудаваная часткова на вербаціме, на даслоўных нейкіх выказваннях з боку беларускіх уладаў, з боку так званых «сілавікоў» і гэтак далей. Яна вельмі разышлася па свеце, на маю думку, зрабіла вельмі добрую працу.

    Другую п’есу напісаў Дзмітры Строцаў на замову Каралеўскага драматычнага тэатра, яна пабудаваная на ягонай кніжцы, на паэтычнай хроніцы «Беларусь перакуленая». Кніга, дарэчы, таксама выйшла тут, у Швецыі. Што праўда, з паказамі не ўсё запланаванае атрымалася. Была ідэя паказаць гэтую пастаноўку ў Стакгольме, а потым прывезці ў Гётэборг і Мальмё — каб прайшла ў трох найбуйнейшых гарадах Швецыі. У Гётэборгу мы яе паказалі, а вось у Мальмё я ўжо захварэў на кавід. І па тагачасных правілах прыйшлося ўсё адмяніць.

    Але ўсё ж зазначу, што медыяцікавасць да Беларусі ў Швецыі падае. Канечне, калі параўнаць з тым, што было год пяць таму, то беларускага тут стала нашмат больш. Але зараз Беларусь у медыйнай прасторы Швецыі не існуе ўвогуле. Часткова, думаю, таму, што ідзе вайна ва Украіне. А часткова проста таму, што няма інфармацыі з Беларусі, няма карэспандэнтаў замежных у Беларусі. Насамрэч, не толькі таму, што становімся як бы нецікавымі. Я тут бачу пэўную праблему беларускай інфармацыйнай прасторы і нават беларускай дыяспары, якая ў апошнія гады павялічылася ў разы, ці нават у дзясяткі разоў, але інфармацыйная прастора засталася ці то беларускай, ці то рускамоўнай. Амаль нічога не распаўсюджваецца, скажам, па-англійску. Прынамсі, не бачу такога. Чакаць жа, што замежныя журналісты вывучаць беларускую мову і будуць сачыць за тым, што адбываецца ў беларускай інфармацыйнай прасторы, не выпадае. Гэта таксама ёсць, як мне здаецца.

    — Дзмітры, ці вырашылася сітуацыя з вашай жонкай Лізай Аляксандравай-Зорынай, на выездзе якой з краіны настойвалі шведскія іміграцыйныя ўлады па прычыне яе расійскага пашпарту?

    — Жонка атрымала ў выніку двухгадовы від на жыхарства. Якраз у сакавіку выходзіць яе першая кніга па-шведску, якая пабудавана цалкам на шведскім матэрыяле. У Расіі выхад гэтай кнігі не плануецца, ды гэта і немагчыма зараз для яе.

    — То калі гэтая бюракратычная праблема знятая, можна і вярнуцца да творчасці?

    — Што да творчых планаў… Спрабую працаваць. Апошнім часам — з вядомых прычынаў — раблю шмат украінскіх рэчаў. Стаўлю ўкраінскіх аўтараў і перакладаю з украінскай. Сітуацыя тут такая ж прыкладна, як і з беларускай мовай — перакладчыкаў на шведскую вельмі мала. Пра Беларусь таксама стараюся не забываць, і, канечне, што магу, раблю. Але зараз беларуская суполка тут шмат вельмі робіць — дыяспара павялічылася вельмі моцна ў апошнія гады. Яны адкрылі тут філіял народнай амбасады, Святлана Ціханоўская пару разоў ужо была тут, іншыя палітыкі, то-бок тут ужо робяцца справы не толькі ў культурным асяродку.

    У Швецыі ўсё ж з’явілася і салідарнасць з беларускімі дэмакратычнымі сіламі зусім іншага ўзроўню, чым было да падзей 2020 года. Ёсць усведамленне таго, што Беларусь, фактычна, сёння акупаваная Расіяй. Гэта ёсць, але ёсць і складанасці. Як вядома, афіцыйны Мінск — саюзнік Расіі ў вайне супраць Украіны. І калі вы не вельмі ўсведамляеце рэальнае становішча спраў у беларускім грамадстве, то для вас, грамадзяніна ці грамадзянкі Швецыі, Беларусь — гэта дзяржава-суагрэсар і толькі. На жаль, гэта таксама ёсць.

    Суполка беларусаў Швецыі — калісьці я быў адным з яе пачынальнікаў — налічвала дзесьці сяброў пятнаццаць. Зараз яна непараўнальна вырасла, і актыўнасць вялікая, і робяць шмат важных справаў, у тым ліку распаўсюджваюць інфармацыю. І ёсць яшчэ, канечне, праваабарончыя арганізацыі, якія пра Беларусь не забываюцца, «Öst­grup­pen» і іншыя — робяць свае інфармацыйныя бюлетэні, ладзяць імпрэзы. Так што робіцца, нешта робіцца, скажам так. Можа і добра, што прыйшоў час малых справаў, што яны не такія і гучныя, бо справы, якія робяцца па-за публічнай увагай, могуць быць не менш важнымі.

    Чытайце яшчэ: 

    “Я не пераборлівы”. На “казённых харчах” у калоніі Андрэй Кузнечык заўважна схуднеў

    “Внимательно читайте договор!” Особенности авторского права в Литве

    “Зараз ёсць імкненне і жаданне. Больш нічога”. Гутарка з блогерам Аляксандрам Кабанавым

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці