• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Еўрапейская федэрацыя журналістаў заклікала спыніць ціск на журналістаў «Белсата»

    «Рэструктурызацыя «Белсата» не павінна выкарыстоўвацца як нагода для неабгрунтаваных санкцый і запужвання журналістаў», — лічыць генеральны сакратар EFJ Рыкарда Гуцьерэс.

    Генсек EFJ Рыкарда Гуцьерэс. Фота: Face­book

    «Гэты невыносны ціск мусіць неадкладна спыніцца. Мы заклікаем польскія ўлады і новае кіраўніцтва «Белсата» ўстрымацца ад рэпрэсій супраць журналістаў, якія проста выконваюць сваю працу, і захаваць незалежнасць і аўтаномію «Белсата», нягледзячы на рэзкае скарачэнне яго магчымасцяў», — канстатуе Рыкарда Гуцьерэс.

    15 лістапада рэдакцыя «Белсата» разам з выканаўцам абавязкаў дырэктара даведалася пра прызначэнне новай кіраўніцыАліны Коўшык, якая прыйшла з Офіса Святланы Ціханоўскай. Выканаўца абавязкаў дырэктара «Белсата» Аляксей Дзікавіцкі фактычна адразу падаў кіраўніцтву Польскага тэлебачання (TVP) заяву аб звальненні на ўласнае жаданне ад 22 лістапада. Хаця меў заставацца на пасадзе да 3 снежня. Звольніўся 27 лістапада.

    Пасля інтэрв’ю з новым новым галоўным рэдактарам кіраўнік беларускай рэдакцыі «Белсата» Ігар Кулей быў звольнены са сваёй пасады, а журналіст Сяргей Падсасонны, які задаваў пытанні, атрымаў наганяй, нагадвае сайт ЕФЖ.

    «З гадавым бюджэтам, скарочаным да 4,2 млн еўра, канал «Белсат» сутыкаецца з сітуацыяй фактычнай ліквідацыі», — лічыць Іяланта Хайдаш, прэзідэнт Польскай асацыяцыі журналістаў (SDP). 3 снежня ў адмысловай заяве SDP заклікала TVP «прыняць неадкладныя меры па падтрымцы працы «Белсата».

    Таварыства Польшчы журналістаў (другі польскі філіял EFJ) бліжэйшым часам сустрэнецца з дырэктарам TVP World Міхалам Бранятоўскім, каб высветліць далейшы лёс «Белсата».

    Хроніка падзеяў

    Новы ўрад Польшчы, сфармаваны па выніках парламенцкіх выбараў, у канцы 2023 года распачаў працэдуру рэарганізацыі грамадскіх СМІ. 

    Новы стары ньюсрум «Белсата». Фота: са старонкі Аляксея Дзікавіцкага ў Face­book

    9 лютага каманда «Белсата» ў адкрытым лісце да міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага заклікала захаваць тэлеканал у цяперашнім выглядзе. Пад тэкстам падпісаліся 170 журналістаў і супрацоўнікаў «Белсата».

    На пачатку сакавіка стала вядома, што новы ўрад Польшчы істотна скарачае бюджэт тэлеканала «Белсат». У сакавіку 2024 года ў адстаўку адпраўлена дырэктарка «Белсата» Агнешка Рамашэўская-Гузы, якая кіравала тэлеканалам 18 гадоў. Выканаўцам абавязкаў дырэктара тэлеканала прызначаны Аляксей Дзікавіцкі. Адразу пасля прызначэння новы кіраўнік распавёў пра планы тэлеканала.

    У канцы траўня з‑за абмежаваных фінансавых магчымасцяў «Белсат» пераехаў на старое месца, з якога пачынаўся тэлеканал. 4 ліпеня кіраўнік TVP World Міхал Бранятоўскі абнародаваў праект рэформы тэлебачання, пад які патрапіць і «Белсат».

    8 ліпеня ліквідатар TVP накіраваў у пракуратуру паведамленне пра фінансавыя парушэнні, невыкананне службовых абавязкаў і злоўжыванне паўнамоцтвамі папярэднім кіраўніцтвам тэлеканала «Белсат», у тым ліку былой дырэктаркай і галоўнай рэдактаркай Агнешкай Рамашэўскай—Гузы.

    Спачатку дзейны выканаўца абавязкаў дырэктара «Белсата» Аляксей Дзікавіцкі пракаментаваў гэтае паведамленне. А следам супрацоўнікі тэлеканала звярнуліся да кіраўніцтва Польшчы з просьбай захаваць «Белсат».

    23 ліпеня «Белсат» паведаміў, што пераводзіць свой сайт на «мінімальны рэжым працы».

    15 лістапада галоўным рэдактарам «Белсата» прызначаная Аліна Коўшык, выканаўца абавязкаў кіраўніка Аляксей Дзікавіцкі звольніўся.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці