• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    ЕФЖ: З красавіка 2016 года ў Еўропе загінулі 3 журналісты, 160 — знаходзяцца ў турмах

    18 – 19 траўня ў Бухарэсце, Румынія, адбыўся штогадовы з’езд Еўрапейскай федэрацыі журналістаў (ЕФЖ). У сустрэчы ўдзельнічалі каля 70 дэлегатаў і гасцей з 30 краін Еўропы. Арганізатарам выступала румынская філія ЕФЖ FAIR MediaSind.

    Асноўнай тэмай з’езду было пытанне ціску на журналістаў у Еўропе.

    На адкрыцці пасяджэння выступіў прэзідэнт ЕФЖ Могенс Бліхер Б’еррэгард, акцэнтаваўшы ўвагу на асноўных праблемах, такіх як бяспека журналістаў, канфлікт паміж СМІ і палітыкамі, выбудоўванне грамадскага дыялогу і пошук інавацый у бізнэс-мадэлях для медыяў.

    Паводле статыстыкі ЕФЖ, ад апошняга агульнага з’езду арганізацыі (красавік 2016 года) у Еўропе загінулі тры журналісты (ва Украіне, Турцыі і Расіі); 160 журналістаў знаходзяцца ў турмах (з іх 145 — у Турцыі).

    Патрык Пеннінкс, кіраўнік аддзела Савета Еўропы па пытаннях інфармацыйнага грамадства, прэзентаваў даследаванне па пагрозах, з якімі сутыкаюцца журналісты. Даследаванне праводзілася з красавіка па ліпень 2016 года праз ананімнае анлайн-анкетаванне. Рэспандэнтамі былі 940 журналістаў з 47 краін-сябраў ЕС і Беларусі. Паводле вынікаў даследавання, 69 % рэспандэнтаў сутыкаліся з фізічнымі замахамі, разам з пагрозамі, запалохваннем, паклёпніцтвам і абразамі. Другім самым распаўсюджаным спосабам умяшальніцтва ў працу журналістаў аказалася запалохванне ў Інтэрнэце (кібербулінг), у тым ліку публічныя абвінавачванні і паклёпніцкія кампаніі; з такім сутыкаліся 53 % рэспандэнтаў. Трэцім тыповым умяшальніцтвам названы ціск ад груп інтарэсаў (50 %), якія ўключалі ў сябе такія формы пераследу, як пагрозы фізічнага гвалту (46 %), пагрозы ад палітычных груп (43 %), мэтанакіраванае назіранне (39 %) і запалохванне паліцыяй (35 %).

    Даследаванне праведзена з мэтай стварыць базу дадзеных, заснаваных на сведчаннях для далейшых дэбатаў па тым, як супрацьдзейнічаць выклікам у журналісцкай прафесіі. Падчас прэзентацыі была падкрэслена роля ЕФЖ у абароне правоў журналістаў у Еўропе. ЕФЖ з’яўляецца асноўным партнёрам у праекце Савета Еўропе “Платформа абароны журналістаў і бяспека журналістаў”, і ў некаторых іншых ініцыятывах.

    Рэзалюцыі і заявы, прынятыя падчас з’езду, даступныя па спасылцы (па-англійску).

    Нагадаем, ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» з’яўляецца поўным сябрам Еўрапейскай федэрацыі журналістаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці