• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    ЕФЖ заклікае Савет ААН па правах чалавека стварыць механізм прыцягнення да адказнасці па Беларусі

    Апошнімі тыднямі сітуацыя ў галіне правоў чалавека ў Беларусі працягвае пагаршацца. Еўрапейская федэрацыя журналістаў (ЕФЖ) лічыць , што гэта пагаршэнне мусіць разглядацца ў кантэксце сур'ёзных сістэмных парушэнняў правоў чалавека, што ўчынілі ўлады напярэдадні і пасля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 г., за якія яны так і не панеслі адказнасці.  ЕФЖ далучаецца да Amnesty International, Міжнароднай федэрацыі па правах чалавека і Артыкула 19 і патрабуе дзеянняў ад Савета ААН па правах чалавека па стварэнні новага механізму садзейнічання працэсу прыцягнення да адказнасці за парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.

    Падзеі апошніх тыдняў паказваюць, што сітуацыя ў Беларусі значна абвастрылася. Сярод іх — ператрусы і затрыманні ў некаторых з найбольш паважаных незалежных грамадскіх арганізацый краіны. 16 лютага 2021 года адбыліся ператрусы у офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), беларускага члена ЕФЖ, а таксама на двух мінскіх і магілёўскім офісах Праваабарончага цэнтра «Вясна».  Акрамя гэтага, былі праведзеныя вобшукі ў офісе незалежнага беларускага радыё і прафсаюза работнікаў электроннай прамысловасці РЭП.

    Акрамя таго, улады правялі ператрусы ў дамах і офісах больш за 40 праваабаронцаў , журналістаў і іх сваякоў у Магілёве, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Мазыры, Рэчыцы, Баранавічах і іншых гарадах. Паведамляецца, што да некаторых асобаў міліцыя ўжывала празмерную сілу, а таксама канфіскавала тэлефоны, кампутары, грошы, крэдытныя карткі і нават дзіцячыя планшэты і дзіцячыя грошы. У большасці з гэтых выпадкаў, міліцэйскія рэйды і ператрусы былі праведзены ў рамках расследавання крымінальнай справы, у якой улады неправамерна прыраўноўваюць законную працу журналістаў і праваабаронцаў да фінансавання масавых беспарадкаў.

    Напрацягу некалькіх апошніх тыдняў адбылася шырокамаштабная атака на журналістаў. 18 лютага дзве журналісткі, Кацярына Андрэева Бахвалава і Дар’я Чульцова, былі прысуджаныя да двух гадоў пазбаўлення волі толькі за дакументаванне мірных дэманстрацый у лістападзе. 2 сакавіка журналістка TUT.BY Кацярына Барысевіч атрымала шэсць месяцаў турэмнага зняволення і штраф, пасля таго, як абвергла афіцыйныя заявы ўладаў аб нецвярозасці загінулага пратэстоўшчыка Рамана Бандарэнкі.

    Нядаўні даклад Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет гаворыць пра «крызіс правоў чалавека беспрэцэдэнтнага маштабу ў Беларусі». «Журналісты рэгулярна затрымліваліся падчас пратэстаў, нават пры дакладным абазначэнні сябе як журналістаў прэс-картамі, без уліку іх абароненасці міжнародным правам у галіне правоў чалавека для выканання сваіх прафесійных абавязкаў па асвятленні падзей падчас сходаў. З 9 жніўня па 20 снежня, было затрымана 384 журналістаў, 80 былі асуджаныя да адміністрацыйнага арышту, некаторыя аштрафаваныя, а 62 паведамлялі пра ўжыванне гвалту і пабоі. Некаторыя журналісты былі змешчаныя ў СІЗА па ўзбуджаных крымінальных справах, у тым ліку журналістка TUT.BY Кацярына Барысевіч, нібыта за разгалошванне канфідэнцыйнай медыцынскай дакументацыі пры падрыхтоўцы артыкула пра Рамана Бандарэнку. Неаднаразова паведамлялася пра адкліканне ўладамі акрэдытацыі для журналістаў, у тым ліку замежных СМІ, некаторыя з якіх былі арыштаваныя і дэпартаваныя з Беларусі пасля выбараў».

    Мішэль Бачэлет заклікае ўрад Беларусі «неадкладна і безумоўна вызваліць усіх, хто быў незаконна або адвольна затрыманы за мірнае ажыццяўленне свабоды выказвання, асацыяцыі і мірных сходаў або сваёй прафесійнай дзейнасці, у тым ліку праваабаронцаў, журналістаў і адвакатаў, а таксама спыніць і адмяніць любыя адміністрацыйныя або крымінальныя справы і рашэнні па ім супраць асоб, што ажыццяўлялі свае правы чалавека, у тым ліку права на свабоду слова і мірных сходаў».

    Што да свабоды слова і выказвання меркаванняў, Вярхоўны камісар рэкамендуе ўраду:

    • Перагледзець Закон аб сродках масавай інфармацыі, каб прывесці яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі, у прыватнасці:

    • (i) Ануляваць абавязковую акрэдытацыю ў якасці ўмовы для ажыццяўлення прафесійнай дзейнасці журналіста сеткавых або традыцыйных СМІ;

    • (іі) замяніць дазваляльную працэдуру рэгістрацыі СМІ на простую, празрыстую і недыскрымінацыйную паведамляльную сістэму пад кіраваннем незалежнага органа;

    • (ііі) Прывесці рэгуляванне і абмежаванні Інтэрнэта ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі, надаючы права абмежавання або блакавання вэб-сайтаў выключна судовым органам, пры забеспячэнні ўсіх неабходных гарантый і магчымасці абскарджання;

    • Цалкам дэкрыміналізаваць дыфамацыю і ўстрымацца ад выкарыстання законаў супраць экстрэмізму для падаўлення свабоды выказвання меркаванняў.

    «Міжнародная супольнасць не можа бяздзейна назіраць адмову ад дыялогу і ўзмацненне рэпрэсій рэжымам спадара Лукашэнкі, — кажа Прэзідэнт ЕФЖ Могенс Бліхер Б’еррэгард. — Каб спыніць працяглыя парушэнні правоў чалавека і свабоды прэсы патрэбная новая дыпламатычная зброя».

    Спецыяльны дакладчык ААН па Беларусі, Анаіс Марын, па- ранейшаму не мае магчымасці непасрэдна ўзаемадзейнічаць з уладамі ці наведаць краіну. Гэты мандат па-ранейшаму з’яўляецца важным механізмам для доўгатэрміновага маніторынгу сітуацыі ў Беларусі. Тым не менш, Савет па правах чалавека павінен дзейнічаць больш эфектыўна ў адказ на цяперашні крызіс, у прыватнасці, для забеспячэння прыцягнення вінаватых да адказнасці. Таму вельмі важна, каб Савет па правах чалавека, як галоўны сусветны орган па правах чалавека, заняў актыўную роль у садзейнічанні працэсу ўсталявання адказнасці з дапамогай стварэння новага механізму, які можа прывесці да выяўлення вінаватых і прыцягнення іх да адказнасці. Гэты механізм павінен мець наступныя складнікі:

    • Паўнамоцтвы па зборы, захаванні і аналізе парушэнняў правоў чалавека, а таксама, дзе магчыма, для вызначэння адказных за іх;
    • Паўнамоцтвы па кіраванні і стварэнні рэкамендацый па доступе да правасуддзя і адказнасці за парушэнні правоў чалавека;
    • Ўзаемадапаўняльнасць з існуючымі рэгіянальнымі і грамадскімі ініцыятывамі па дакументацыі парушэнняў.

    ЕФЖ далучаецца да гэтага патрабавання. Заява таксама падпісаная Amnesty Inter­na­tion­al, Артыкулам 19, Беларускім Домам правоў чалавека імя Барыса Звозскава, CIVICUS: Сусветны альянс за грамадзянскі ўдзел, Civ­il Rights Defend­ers, FIDH — Міжнароднай федэрацыяй па правах чалавека, Фондам Дамоў правоў чалавека, Human Rights Watch, Інстытутам правоў чалавека Міжнароднай асацыяцыі юрыстаў (IBAHRI), Міжнародная камісіяй юрыстаў (ICJ ), RAZAM.CH (Швейцарска-беларуская асацыяцыя), і Сусветнай арганізацыяй супраць катаванняў (OMCT).

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці