Еўрапейская федэрацыя журналістаў сыходзіць з сацсеткі X
Арганізацыя мяркуе, што па этычных прычынах не можа больш прысутнічаць у сацыяльнай сетцы, якую яе ўладальнік ператварыў ў машыну дэзынфармацыі і прапаганды.
Еўрапейская федэрацыя журналістаў (EFJ) сыйдзе з Х да 20 студзеня 2025 года. У гэты дзень адбудзецца інаўгурацыя 47-га прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Уладальнік сацсеткі Х Ілан Маск прызначаны сукіраўніком новага Дэпартамента эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання ў адміністрацыі Трампа, паведамляе сайт EFJ.
Следам за вядомымі еўрапейскімі медыямі (The Guardian, Dagens Nyheter, La Vanguardia, Ouest-France, Sud-Ouest), журналісцкімі саюзамі (Саюз нямецкіх журналістаў), EFJ лічыць, што этычныя прычыны не дазваляюць далей карыстацца сацсеткай.
EFJ раней адзначала, што змова паміж Трампам і самым багатым чалавекам у свеце Іланам Маскам, нясуць пагрозу дэмакратыі і свабодзе выказвання думак. Адразу пасля перамогі Трампа Ілан Маск, які фінансаваў ягоную выбарчую кампанію, заявіў, што традыцыйныя СМІ памерлі, што «большасць традыцыйных СМІ няспынна хлусілі грамадскасці».
«Мы не можам працягваць удзельнічаць ў падпітцы сацыяльнай сеткі чалавека, які абвяшчае смерць СМІ і, адпаведна, журналістаў, — заявіла прэзідэнтка EFJ Мая Север. – Сацыяльная сетка X стала пераважным вектарам для тэорый змоў, расізма, ультраправых ідэй і жанчынанянавісніцкай рыторыкі. X — гэта платформа, якая больш зусім не служыць грамадскім інтарэсам, а канкрэтным ідэалагічным і фінансавым інтарэсам ейнага ўладальніка і ягоных палітычных саюзнікаў».
Раней арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» (RSF) абвінаваціла кампанію Ілана Маска ў распаўсюдзе дэзінфармацыі і падала позву ў французскі суд. Справа тычыцца фэйкавага роліка пра нібыта апублікаваную «Рэпарцёрамі без межаў» справаздачу, якая «фіксуе» распаўсюджванне нацызма ва Украіне.
Дарэчы, у лістападзе намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі наведаў Злучаныя штаты Амерыкі ў межах міжнароднай адукацыйнай паграмы Кангрэса ЗША. Візіт супаў з прэзідэнцкімі выбарамі ў гэтай краіне. Журанліст паспрабаваў разабрацца, ці сапраўды перамога Трампа — гэта вынік зменаў у медыяспажыванні?