Facebook пазначыў 65 000 жыхароў Расеі як «зацікаўленых у дзяржаўнай здрадзе»
Альгарытмы кампаніі Facebook, якія ў аўтаматычным рэжыме аналізуюць актыўнасьць карыстальнікаў і на падставе гэтых дадзеных складаюць іх дэталёвыя профілі, якія потым могуць быць выкарыстаныя для рэклямнага таргэтаваньня, адзначылі ў якасьці зацікаўленьня 65 тысяч расейцаў «здраду радзіме», піша The Guardian.
Пасьля таго як пра гэта даведаліся журналісты Дацкай вяшчальнай карпарацыі і The Guardian, сацсетка прыбрала альгарытм. «Мы ўключылі „здраду радзіме“ ў сьпіс інтарэсаў, таму што гэта гістарычна значнае паняцьце. З улікам таго, што паводле сучаснага заканадаўства гэта злачынства, мы выдалілі яго са сьпісу», — заявіў прадстаўнік кампаніі.
Убачыць карыстальнікаў, якія цікавяцца здрадай радзіме, звычайныя грамадзяне не маглі. Доступ да такой інфармацыі быў толькі ў рэклямадаўцаў. Рэклямныя кампаніі маглі атрымаць IP-адрасы такіх карыстальнікаў.
«Наша мэта ў тым, каб карыстальнікі бачылі рэкляму, якая ім цікавая і можа быць карыснай», — адзначылі ў Facebook.
Гэта ня першы выпадак, калі альгарытмы Facebook, што аналізуюць профілі карыстальнікаў, спрабуюць вызначыць іх палітычныя погляды, арыентацыю, інтарэсы. Атрыманыя дадзеныя даваліся рэклямадаўцам. Раней брытанская аналітычная кампанія Cambridge Analytica атрымала дадзеныя аб палітычных перавагах мільёнаў амэрыканскіх грамадзян. Facebook абвінавацілі ва ўмяшаньні ў асабістае жыцьцё і нізкую ступень абароны пэрсанальных дадзеных карыстальнікаў.