Фанаты «Арсенала» заступіліся за беларускага журналіста. Пра лёс Юрыя Ганцарэвіча ім распавяла заўзятарка «Манчэстэр Юнайтэд»
Англійскія «кананіры» даведаліся пра лёс палітзняволенага журналіста Юрыя Ганцарэвіча ад беларускай блогеркі і вядучай ТікТок-канала БАЖ, якая з’яўляецца заўзятаркай іншага брытанскага футбольнага клуба.
Футбольныя фанаты англійскай прэм’ер-лігі жадаюць, каб палітзняволены журналіст з Баранавічаў Юрый Ганцарэвіч заўзеў за любімую каманду на волі.
«Мы спадзяемся на вызваленне Юрыя і яго вяртанне да сваёй працы. Але яшчэ больш мы жадаем, каб ён вярнуўся і падтрымаў «Арсенал» у прэм’ер-лізе», — паведамілі яны на сваім сайце.
Але якім чынам англічане даведаліся пра беларускага палітвязня? Гэтая трагічная гісторыя трохі падобная да казкі.
3 траўня ў Вільні Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) і Саюз журналістаў Літвы (СЖЛ) зладзілі акцыю салідарнасці са зняволенымі беларускімі медыйшчыкамі. Яны фатаграфаваліся з партрэтамі палітвязняў. Зараз за кратамі ў Беларусі знаходзяцца 35 супрацоўнікаў медыя, і рэпарцёр з баранавіцкага выдання Intex-press Юрый Ганцарэвіч — адзін з іх.
Як вядома, Юрый — фанат «Арсенала». На лёс палітзняволенага журналіста і футбольнага фаната звярнула ўвагу блогерка і вядучая ТікТок-канала БАЖ Кацярына Васілёнак, фанатка іншага брытанскага клуба — «Манчэстэр Юнайтэд». Блогерка пажадала, каб «Арсенал» выйграў прэм’ер-лігу, каб пасля вызвалення Юрый Ганцарэвіч змог павіншаваць любімы клуб з перамогай.
Кацярына таксама плануе напісаць ліст асуджанаму калегу, хаця шансы, што пасланне дойдзе да адрасата, блізкія да нуля.
Посмотреть эту публикацию в Instagram
Аказваецца, у Лондане таксама чытаюць беларускую незалежную прэсу. Фанатаў «Арсенала» крануў лёс беларускага палітвязня, гісторыю якога распавялі на сайце ilcalcioalondra.com.
Гісторыя тым больш уражвае, калі ведаць, што ў ранейшым такая падзея выглядала б нерэальнай, бо «Арсенал» і «Манчэстэр Юнайтэд» з’яўляюцца непрымірымі супернікамі на футбольным полі. Хоць абодва клубы часта выступалі ў адным і тым жа дывізіёне англійскага футбола з 1919 года, суперніцтва паміж імі набыло жорсткія формы ў канцы 1990 – пачатку 2000 гадоў, калі абедзве каманды біліся адна з другой за тытулы ў Прэм’ер-лізе і ў Кубку Англіі.
Хто такі Юрый Ганцарэвіч?
Юрый Ганцарэвіч адпрацаваў у рэдакцыі Intex-press трохі больш за год і адказваў за фота- і відэаздымкі. Калегі і сябры згадваюць журналіста як спакойнага і бяскрыўднага чалавека, заўжды гатовага прыйсці на дапамогу. Дарэчы, Юрый закончыў Палескі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Турызм і гасціннасць». Сябры згадваюць, што яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце разам здымалі скетчы, магчыма, гэты занятак у выніку і прывёў Юрыя ў журналістыку.
Вырак у два з паловай гады турмы, якія атрымаў Юрый Ганцарэвіч за здымкі расійскай ваеннай тэхнікі, выклікаў шок у сяброў. На жаль, ліставанне з палітвязнем аднабаковае: вестачкі ад Юрыя амаль не даходзяць.