«Потым прылятае ракета, і раптам усё скончана». Фатограф Аляксандр Васюковіч — пра працу падчас вайны
Аляксандр Васюковіч — адзін з самых вядомых беларускіх фатографаў маладога пакалення. Яго здымкі з’яўляліся ў шматлікіх міжнародных выданнях. Ён дакументуе падзеі ва Украіне з пачатку Еўрамайдана, у тым ліку — і вайну з Расеяй з 2014 года.
Аляксандра арыштавалі на радзіме ў кастрычніку 2023 года, афіцыйна — за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе, але яму ўдалося збегчы ў Польшчу, дзе фатограф зараз жыве. Dekoder пагутарыў з Аляксандрам пра працу падчас вайны і публікуе падборку яго здымкаў з Украіны.
— Вы былі на Майдане ў 2013 годзе, фатаграфавалі падзеі, што там адбываліся. Чаму ўзнікла рашэнне зноў ехаць з Беларусі ва Украіну?
— Я тады толькі пачынаў сваю кар’еру фатографа, але ўжо меў досвед здымкаў на пратэстах пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 году ў Беларусі, якія скончыліся жорсткім разгонам пратэстоўцаў, і шмат для каго, у тым ліку кандыдатаў у прэзідэнты, турэмнымі тэрмінамі.
Пра першы Майдан я толькі чуў, і калі пачаўся другі, то вырашыў, што трэба ехаць.
Я быў зачараваны тым, як украінцы змагаюцца за сваю свабоду, як людзі гатовыя ахвяраваць жыццём за свае ідэі. Я бачыў, як у ўкраінцаў атрымалася перамагчы, і гэта было тое, што я хацеў бы бачыць у сябе на радзіме.
Пасля пачатку вайны на ўсходзе краіны я хацеў здымаць людзей, якія не баяліся нават ваяваць. І я паехаў здымаць добраахвотнікаў, якія з Майдану на хвалі адчування перамогі пайшлі на вайну, каб таксама перамагаць. Апынуўшыся там, я зразумеў, што на вайне ўсё гэта нашмат складаней.
Тая паездка стала асновай вельмі асабістага і балючага для мяне праекту «Фота на памяць», які я рабіў з мэтай нагадаць пра каштоўнасць чалавечага жыцця. Смерці людзей, якія яшчэ некалькі імгненняў таму былі побач жывымі, вельмі мяне закранулі, я дасылаў шмат фота сваякам і гутарыў з імі пасля смерці іх блізкіх. Гэтая вайна стала і крыху маёй, хоць я і быў іншаземцам. Напэўна таму я ўжо не змог не працягнуць здымаць у 2022‑м.
— Фатаграфіі ў гэтай падборцы ў асноўным адносяцца да першага года расійскага ўварвання. Па якіх крытэрыях вы адбіралі здымкі?
— Ёсць тры галоўныя прычыны, па якім фотаздымкі — у асноўным з першага году. Гэта інтэнсіўнасць таго, што адбывалася, адсутнасць такой колькасці перашкод і рэгуляцый, каб некуды патрапіць, і змяненне майго ўспрымання ўсяго, што адбываецца.
У пачатку вайны было значна лягчэй трапіць некуды, каб паздымаць, усім было проста не да цябе, ты мог спакойна быць недзе, назіраць за тым, што адбываецца. Былі вызваленыя тэрыторыі, на якія ты мог патрапіць і задакументаваць наступствы вайсковых дзей, пагутарыць з людзьмі, паспець убачыць усё да таго, як там паспелі прыбраць.
Калі ўсе прызвычаіліся да вайны, то з’явілася шмат рэгуляванняў — як, куды і калі ехаць. У другі мой прыезд я ўжо не мог паехаць усюды, куды захачу: у большую частку месцаў трэба было ехаць з прэс-афіцэрам, а іх было не шмат, і трэба было чакаць у чарзе.
Я быў абмежаваны ў часе і перасоўваўся на матацыкле, бо гэта адзіны транспарт, што ў мяне ёсць, а трэба было вярнуцца да снегу. Я сканцэнтраваўся на Бахмуце: мяне ўразіла, як людзі жывуць паміж двума пазіцыямі, над іх галовамі цэлымі днямі лётаюць снарады з абодвух бакоў, часам яны не далятаюць і падаюць на вузкую палоску паміж франтамі. А людзі там жывуць і чакаюць, калі ўжо ўсё гэта скончыцца.
У свой трэці прыезд у канцы верасня 2023 году я разумеў, што хачу здымаць, як жывуць мірныя людзі ў прыфрантавых гарадах. Але з доступам стала вельмі складана, амаль нікуды нельга было прыехаць і правесці час з цывільнымі без суправаджэння, якога заўсёды на ўсіх не хапала, ды і чакаць ад людзей адкрытасці, калі побач з табой вайсковы, не даводзіцца. Адзіным месцам, дзе я змог спакойна рабіць, што хацеў, стаў горад Сіверск.
«Я снимаю, чтобы передать свою ненависть к войне». Интервью украинского фотографа Максима Дондюка
— Якімі вы пабачылі ўкраінцаў падчас вайны?
— Калі ў першы мой прыезд людзі былі вельмі мабілізаваныя і ваяўнічыя, то з кожным новым прыездам станавіліся ўсё больш стомленыя, амаль усе казалі «Хутчэй бы гэта скончылася».
Мне было цяжка ўсвядоміць, як гэта адчуваецца: у цябе ёсць дом, тваё звычайнае жыццё, нейкія рэчы… А потым прылятае ракета, і раптам усё скончана, у цябе больш нічога няма, трэба бегчы, пакінуўшы ўсё.
Я крыху лепей гэта адчуў, калі мне самому давялося з’ехаць з дому без магчымасці вярнуцца назад у бліжэйшы час.
Не ўсе могуць і хочуць эвакуявацца, у сваёй трэцяй паездцы я сустрэў і пагутарыў з многімі людзьмі, якія заставаліся жыць у сваім горадзе, Сіверске, які зусім побач з фронтам, і жылі 1,5 гады ў падвалах на той момант. На пытанне чаму яны застаюцца яны адказвалі, што на заходняй Украіне яны не патрэбныя, што там смяюцца з таго, як яны гавораць, што там іх не бяруць на працу, а тут ёсць дзе жыць, хоць яны маглі памерці ў любы момант.
— Як успрынялі вас, беларуса, улічваючы, што расейскае войска выкарыстала беларускую тэрыторыю для нападу на Ўкраіну?
— Да пачатку вайны я адчуваў сябе ва Украіне як дома, гэта была першая замежная краіна, у якую я паехаў, першыя мае замежныя сябры былі ўкраінцамі. Перад самым пачаткам вялікай вайны мы з дзяўчынай збіраліся туды да сяброў.
Пасля пачатку поўнамаштабна ўварвання я адразу пачаў шукаць магчымасць атрымаць акрэдытацыю і паехаць здымаць. Шмат хто адмаўляўся даслаць маю заяўку, таму што ў мяне беларускі пашпарт. Калегі казалі, што акрэдытацыю я не атрымаю, а калі і атрымаю, то на месцы мне не дадуць працаваць і могуць збіць. Калі я знайшоў, хто мне зробіць акрэдытацыю, і даслаў заяўку на яе атрыманне, я прыгатаваўся да доўгай праверкі і магчымай адмовы, але ўжо праз тры дні яна была гатовая.
У першую паездку я ездзіў са сваёй украінскай сяброўкай, і асабліва тлумачыць, хто я такі, не даводзілася. Другі раз я вырашыў, што паеду сам, на сваім матацыкле з беларускімі нумарамі.
Я чытаў, што пішуць пра беларусаў у інтэрнэце і вельмі хваляваўся, як я буду тлумачыць, навошта я тут. Часам думаў, што мне будуць пляваць у спіну, а ноччу пракалываць калёсы. Але, на вялікае шчасце, у жыцці ўсё апынулася зусім не так: людзям хутчэй было прыемна бачыць беларуса, які здымае на ўкраінскім баку, ім было цікава, хто я такі і якія ў нас там настроі. Мне падавалася, што людзі разумелі, што калі я тут, то са мной усё ок.
— У канцы 2023 года вас арыштавалі ў Беларусі пасля вяртання з Украіны. Чаму вы наогул вярнуліся?
— Я жыў у Беларусі і вяртаўся туды, таму што я люблю гэтую краіну, таму што там у мяне пажылыя бацькі, бабуля, якой зараз 99 гадоў. Таму што я хацеў быць там і здымаць, калі нешта пачне мяняцца.
Пасля маёй трэцяй паездкі на мяжы мной зацікавілася КДБ. Яны шмат распытвалі пра маю працу ва Украіне, асабліва іх здзіўляла, як я мог трапіць у такія месцы, як Буча, без сяброў ва ўкраінскай арміі. Яны не хацелі верыць, што такое магчыма. Пасля допыту мяне адпусцілі, наступныя некалькі дзён за мной сачылі, а праз два тыдні — забралі.
Салідарнасць, якая ратуе ад куляў: як жывуць і працуюць калегі ў прыфрантавым Харкаве?
У мяне правялі ператрус, забралі камп’ютар, дыскі, нататкі. Праз 10 дзён мне выставілі абвінавачанне ва ўдзеле ў пратэстах па артыкуле 342 ч.1 крымінальнага кодэксу: «Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаюцца з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый, або актыўны ўдзел у такіх дзеяннях».
Абвінавачанне грунтавалася на тым, што я стаяў на дарозе, калі рабіў здымкі, і тым самым блакаваў яе. Тое, што я працаваў як журналіст, нікога не хвалявала.
Безмоўна, мае паездкі ва Украіну сталі каталізатарам майго затрымання. Нават у гугле можна знайсці, што я супрацоўнічаў амаль з кожным незалежным медыя, якія зараз прызнаныя «экстрэмісцкімі». Супрацоўніцтва з імі зараз караецца турэмным тэрмінам да шасці гадоў.
— Як вам удалося ўцячы ў Польшчу?
Пасля затрымання я правёў амаль тры месяцы ў СІЗА, пасля быў асуджаны на тры гады абмежавання волі. Гэта азначае, што я не мог бы выходзіць з дому нікуды, акрамя афіцыйнай працы, не мог бы хадзіць у бары, забаўляльныя мерапрыемствы. Нават наведаць бацькоў і бабулю! Пасля 19 гадзін забаронена выходзіць з дому, у любы час могуць прыйсці з міліцыі і праверыць, дома ты ці не, ці ты цвярозы.
Я зразумеў, што больш не змагу рабіць нічога з таго, што лічу важным. Да таго ж існавала вялікая рызыка, што на мяне могуць завесці новую крымінальную справу. Я вырашыў з’ехаць, хоць да апошняга і не хацеў гэтага рабіць. Але я разумеў, што калі застануся, то з вялікай верагоднасцю траплю ў калонію.
Я звярнуўся ў службу эвакуацыі фонду BY_SOL, які дапамагае з’ехаць з Беларусі, нават калі ў цябе забарона на выезд. Я не магу распавесці падрабязнасці, каб не скампраметаваць гэты шлях для іншых.
Фатаграфіi: Аляксандр Васюковіч
Фотарэдактарка: Эндзи Хеллер
Інтэрв’ю: Iнго Петц