Незалежны беларускі фестываль фатаграфіі PhotoArtDoc аб’явіў пераможцаў. Пра што распавядаюць праекты фіналістаў?
28 кастрычніка сталі вядомыя імёны шасці пераможцаў Незалежнага беларускага фестывалю фатаграфіі PhotoArtDoc — праекта Беларускай незалежнай асацыяцыі фатографаў.
У закрытай намінацыі, у якой удзельнічалі праекты беларускіх аўтараў, найлепшымі работамі былі прызнаны: «Скарб» Жаны Шніпельсон (Jana Shnipelson) — праект, у якім фатографка праз канцэпцыю рэчаў распавядае гісторыі беларусаў у вымушанай эміграцыі. Тэрапеўтычны і візуальна вынаходлівы «Юбілей» аўтаркі Cottonyevil — серыя расстаўляе кропкі над «і» ў складаных стасунках з сябрам і каханкам. І яшчэ адзін публічны пераможца — Таццяна Чыпсанава і яе праект In My Shoes, у якім фатографка даследуе стасункі са сваёй 17-гадовай дачкой. «Гэта аповед пра змены, сталенне і сувязі паміж пакаленнямі», — дзеліцца аўтарка.
Але таксама на фестывалі была і адкрытая намінацыя, дзе спаборнічалі фатографы без прывязкі да тэрыторыі. Яна прынесла перамогу: Maria Vittoria Desiato з Італіі і яе серыі «Алтары Ўяўлення 2021–2024», дуэту Караліна Дутка і Валянцін Сідзенка з Малдовы і іх праекту «Нічыйнае вяселле», а таксама Наташы Лазінскай з Расіі і яе серыі «Месца сілы».
Заўважым, што ў адкрытай намінацыі аўтары таксама працуюць з тэмай эміграцыі — той жа праект «Алтары Ўяўлення 2021–2024» Maria Vittoria Desiato — пасля пераезду ў Нідэрланды мастачка занялася стварэннем уяўнай галандскай сям’і, абапіраючыся на архіўныя фота невядомых людзей.
«Месца сілы» Наташы Лазінскай распавядае пра расійскую вёску Акунёва, у якой побач з сібірскімі жыхарамі зараз жывуць прыхільнікі Крышны, Шывы, праваслаўныя хрысціяне, славянскія язычнікі, эзатэрыкі. Прызнанне Акунёва месцам сілы пачалося яшчэ ў 1990‑я, — зараз у сібірскай вёсцы саіснуюць побач прадстаўнікі самых розных абшчын і вучэнняў.
Аднак найбольш звяртае на сябе ўвагу у гэтай тройцы эксцэнтрычная работа Караліны Дутка і Валянціна Сідзенкі з Малдовы «Нічыйнае вяселле» — серыя прысвечана вайне ва Украіне. Абраўшы форму казкі, мастакі выяўляюць вычварэнскую сутнасць вайны, спалучаючы перфарматыўную фатаграфію (фатаграфію, якая фіксуе перфаматыўнае дзеянне) і практыкі калажу. Працуючы з міфамі і архетыпамі, Караліна і Валянцін ствараюць змрочны свет залюстроўя — поўны гратэску, гумару, абсурду і жаху.
Нагадаем, што фестываль PhotoArtDoc, які ладзіць створаная ў верасні 2023 года Беларуская незалежная фатаграфічная асацыяцыя, складаецца з дзвюх частак: адукацыйнай і конкурснай.
Першая катэгорыя ўзяла старт у красавіку гэтага года, і ў яе межах беларускія фатографы разам з ментарамі цягам некалькіх месяцаў працавалі для персанальнымі праектамі. У выніку на суд журы, у які ўвайшлі беларускія куратары, мастацтвазнаўцы, журналісты, былі прадстаўлены 22 праекты. У публічны спіс пераможцаў трапілі тры серыі.
Што датычыцца адкрытай намінацыі, то яна мела на ўвазе ўдзел у конкурсе праектаў фатографаў з розных куткоў свету. Аўтарам, якія працуюць у арт- і дакументальнай фатаграфіі, была прапанаваная тэма для выказвання — «Сваё месца». Як вынік у адкрытай катэгорыі арганізатары атрымалі 230 заявак ад аўтараў з 40 краін, што вымусіла сябраў журы ладзіць адбор у некалькі этапаў. У склад журы гэтай намінацыі ўвайшлі: Артур Бондар (Украіна/Нямеччына), Сяргей Гудзілін (Беларусь/Літва), Майра Дударава (Латвія), Кацярына Кузьмічова (Беларусь/Польшча) і Таццяна (Беларусь/Германія).
Як распавядаў раней Reform.news куратар фестывалю Сяргей Міхаленка, у планах каманды далей — арганізацыя выставы ўдзельнікаў фэсту, прасоўванне праектаў, створаных у межах адукацыйна-ментарскай праграмы, іншыя актыўнасці.
Паглядзець цалкам праекты-пераможцы фестывалю PhotoArtDoc можна тут.