Фэйсбук заблакаваў старонку беларускага «Спутніка»
Сацыяльная сетка Фэйсбук у адмысловым прэс-рэлізе паведаміла, што блакуе амаль 500 старонак, якія так ці інакш звязаныя з расійскім інфармацыйным агенцтвам «Спутнік».
Стала вядома, што раніцай 17 студзеня была заблакаваная і старонка беларускай рэдакцыі «Спутнік». Прэс-сакратар партала Павел Тухто так тлумачыць сітуацыю:
«Рашэнне адназначна чыста палітычнае, фактычна цэнзура — заблакавана 7 старонак рэдакцый у краінах блізкага замежжа. Рэдакцыі «Спутнік» займаюцца навінамі і робяць гэта добра. І калі блакіроўка — гэта адзіная рэакцыя Facebook на якасную працу СМІ, то пытанняў у нас няма — тут усё відавочна. А вось надзея, што здаровы сэнс пераможа, ёсць. Цяпер калегі вывучаюць сітуацыю. Раней загружаны кантэнт у Facebook і Instagram даступны, старонкі не выдаленыя. Пакуль для прасоўвання мы выкарыстоўваем іншыя сацыяльныя сеткі, — расказаў Павел Тухто.
Ад 2013 года «Спутнік» патраціў на прасоўванне свайго кантэнту ў Фэйсбуку 130 тысяч далараў. Сетка дзейнічала ў Балтыі, Цэнтральнай Азіі, у Закаўказзі, а таксама ў краінах Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, у тым ліку Беларусі. Уладальнікі акаўнтаў і старонак пераважна прадстаўляліся незалежнымі выданнямі або суполкамі на агульныя тэмы кшталту падарожжаў, надвор’я ці палітыкі ў розных краінах, уводзячы карыстальнікаў у падман.
«Спутнік» — гэта навіннае агенцтва, заснаванае прадпрыемствам «Расія сегодня», гендырэктарам якога з’яўляецца прапагандыст Дзмітрый Кісялёў.