• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Фотаздымкі віцебскіх журналістаў з’явіліся на міліцэйскіх стэндах «Увага, вышук!»

    Фотаздымкі віцебскіх журналістаў Алены Шабуні, Аляксандра Корнышава і праваабаронцы Паўла Левінава з’явіліся на стэндах у пераліку асоб, якія знаходзяцца ў вышуку «за здзяйсненне злачынстваў».

    Фотаздымкі віцебскіх журналістаў з'явіліся на міліцэйскіх стэндах «Увага, вышук!»

    Фота: БАЖ

    Здымак журналісткі Алены Шабуні размешчаны адразу на двух стэндах — каля райаддзелаў міліцыі Чыгуначнага і Першамайскага раёнаў Віцебска.

    У першым выпадку фотаздымак дапаўняе толькі дата нараджэння журналісткі, у другім тлумачэнне больш разгорнутае.

    З яго вынікае, што Алену Шабуню вінавацяць паводле артыкула 361 Крымінальнага кодэкса — «Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь».

    На стэндзе каля Першамайскага РАУС Віцебска вывешаны і фотаздымак віцебскага праваабаронцы Паўла Левінава, які неаднойчы дапамагаў незалежным журналістам юрыдычнымі парадамі. Мяркуючы па подпісе да фотаздымка, Левінава вінавацяць паводле часткі 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак).

    Фотаздымак рэдактара інтэрнэт-выдання «Витебский Курьер news» Аляксандра Корнышава размешчаны на адпаведным стэндзе каля райаддзела міліцыі Чыгуначнага раёна. Пад выявай таксама толькі пашпартныя звесткі журналіста.

    Аднак можна меркаваць, што крымінальная справа супраць яго заведзена за датычнысць да «экстрэмісцкай» дзейнасці: 10 траўня 2024 года «экстрэмісцкім фармаваннем» была абвешчана  кааліцыя «Еўрапейскі выбар», і ў пераліку асобаў, якія ў яе ўваходзяць, фігуравала і прозвішча Аляксандра Корнышава. Таксама ён паведамляў, што ў ягоных бацькоў неаднаразова праводзіліся ператрусы, падчас якіх прадстаўнікі сілавых структур цікавіліся ягонай рэдактарскай дзейнасцю і падрабязнасцямі інтэрв’ю, якое летась выйшла на тэлеканале «Белсат».

    Алена Шабуня, Павел Левінаў і Аляксандр Корнышаў пасля пратэсных паствыбарчых падзей 2020 года вымушана пакінулі Беларусь праз палітычны пераслед і ціск з боку ўладаў за прафесійную дзейнасць. Летась стала вядома, што ўсе трое трапілі ў міждзяржаўную базу вышуку, агульную для Беларусі і Расіі.

    Ужо падчас знаходжання ў замежжы супраць Алены Шабуні і Аляксандра Корнышава заводзілі адміністрацыйныя справы. Алену Шабуню асудзілі да штрафу паводле часткі 1 артыкула 24.23 КаАП — за фотаздымак у сацыяльнай сетцы Face­book, размяшчэнне якога суд Першамайскага раёна Віцебска прызнаў «несанкцыянаваным пікетаваннем». Таксама яе прызналі вінаватай і паводле часткі 2 артыкула 19.11 КаАП — за падпіску ў сацсетках на рэсурс, прызнаны ў Беларусі «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй».

    Паводле гэтага ж адміністрацыйнага артыкула быў прызнаны вінаватым і Аляксандр Корнышаў. Яго аштрафавалі за рэпосты са свайго ж выдання. «Витебский Курьер news» быў уключаны ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў у студзені 2022 года.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці