• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Францішак прасіў, каб тата з намі пайшоў на вуліцу». Севярынец у турме сустрэўся з жонкай і сынам

    25 траўня старшыня аргкамітэту БХД, палітык, публіцыст і сябра ГА "БАЖ" быў асуджаны на 7 гадоў зьняволеньня праз абвінавачаньне ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў.

    Пасьля суду Вользе далі 2 гадзіны на спатканьне з мужам — сустрэчу праз шкло з размовай праз тэлефон. На спатканьне Вольга ўзяла 3‑гадовага сына Францішка, якога Павал ня бачыў з 7 чэрвеня мінулага году, калі яго затрымалі непадалёк ад свайго дома пасьля мітынгу ля Камароўскага рынку.

    Паводле Вольгі Севярынец, яны з мужам не гаварылі аб прысудзе і працэсе, а засяродзіліся на агульных сямейных справах.

    «Францішак ужо добра гаворыць, і яны з Паўлам размаўлялі праз слухаўку. Сын рэагаваў, адказваў, усьміхаўся і потым вельмі прасіў тату, каб ён з намі пайшоў на вуліцу пагуляць. Але неяк яму патлумачылі, што сёньня не атрымаецца», — сумна ўспамінае Вольга.

    Што казаў Павал Францішку, Вольга ня чула, але пра некаторыя рэчы цяпер можа здагадацца.

    «Раптам Францішак з прагулкі прынёс мне кветкі. Пытаюся, хто цябе навучыў, дык ён кажа, што тата. То бок гэта Павал навучыў яго дарыць маме кветкі», — сьмяецца Вольга.

    Паводле Вольгі, наведваньне магілёўскай турмы стала для іх сына і праблемным досьведам.

    «Пачаў гуляць у турму. Да нас заходзіць суседка, дык закрывае за ёй дзьверы і кажа: „Усё, ты у турме“. Ня ведаю, што з гэтым рабіць», — дзеліцца Вольга Севярынец.

    Пра настрой Паўла Вольга кажа гэтак:

    «Ён унутрана сабраны, спакойны. Сказала б, што частка яго ўжо жыве ў турме, мяркую, абдумвае тое, што там будзе. Але застаецца па-ранейшаму духоўна моцным, як крэмень. Перадаваў усім, хто яго падтрымлівае, вялікі дзякуй», — паведаміла Вольга Севярынец пра сустрэчу.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці