Фрылансераў з Глыбокага пакаралі вялікімі штрафамі за працу без акрэдытацыі МЗС
Cуд Глыбоцкага раёна 11 чэрвеня пакараў журналістаў-фрылансераў Таццяну Смоткіну і Змітра Лупача вялікімі штрафамі за працу без акрэдытацыі беларускага Міністэрства замежных спраў. Суддзя Людміла Вашчанка прызнала журналістаў вінаватымі ў парушэнні артыкула 35 Закона аб СМІ і прызначыла 45 базавых велічыняў штрафу Смоткінай і 35 базавых велічыняў Лупачу.
Журналістаў прыцягнулі да адказнасці паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП. Старшы інспектар па дазваляльнай працы Глыбоцкага РАУС, капітан міліцыі Сяргей Цырбан склаў на незалежную журналістку Таццяну Смоткіну аж чатыры пратаколы, на Змітра Лупача – два.
Падставай адміністрацыйнага пераследу сталі журналісцкія матэрыялы, апублікаваныя на сайтах “Беларускага Радыё Рацыя” і незалежнага тэлеканала “Белсат” пад назвамі “Бязмежжа міліцыянтаў, або за што ламаюць ногі пенсіянерам”, “Чаму міліцыянты збіваюць пенсіянераў?”, “Як гарадская каналізацыя ў Глыбокім стварыла праблемы”, “Юбілейныя сімвалы” ў Глыбокім.
Усе тлумачэнні журналістаў суду пра права на атрыманне, захоўванне і распаўсюд інфармацыі для кожнага грамадзяніна Беларусі да ўвагі прынятыя не былі.
Па словах журналістаў, артыкул 34 Канстытуцыі і Міжнародны пакт аб палітычных і грамадзянскіх правах гарантуюць гэтае права. Але чамусьці і міліцыянты, і суддзі ігнаруюць галоўны дакумент краіны і довады журналістаў прапускаюць “міма вушэй”.
11 чэрвеня адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы Змітра Лупача і ў Пастаўскім райсудзе, але там справу закрылі па прычыне сыйшошага тэрміну прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці.
Нагадаем, сёлета за прафесійную дзейнасць Змітра Лупача судзілі ўжо сем разоў, Таццяну Смоткіну — двойчы.