• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    ГА «БАЖ» звярнулася ў МУС: спыніць ціск на журналістку Арыну Маліноўскую

    ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» звярнулася ў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі з нагоды ціску на родных вядучай тэлеканала «Белсат» Арыны Маліноўскай.

    19 траўня ў эфір выйшла чарговае выданне праграмы «Шчыра кажучы», дзе былыя міліцыянты і вайскоўцы распавядалі пра сваю працу. На наступны дзень пасля выхаду перадачы стала вядома пра затрыманне гасцей выдання — былых сілавікоў Дзмітрыя Кулакоўскага і Ягора Емельянава.

    21 траўня супрацоўнікі міліцыі прыйшлі ў студыю, дзе звычайна запісваліся інтэрв’ю для праграмы, але ў той дзень Арыны Маліноўскай там не было. Увечары таго ж дня сілавікі спрабавалі трапіць у кватэру, дзе жыла Маліноўская. У ноч на 22 траўня журналістка пакінула тэрыторыю Беларусі.

    24 траўня да журналісткі Арыны Маліноўскай, якая знаходзіцца за мяжой, патэлефанаваў муж яе сястры, Валянцін Кучарэнка, і паведаміў, што яго затрымалі, даставілі ў ЦІП Мінгарвыканкама і не вызваляць адтуль, пакуль Арына Маліноўская не з’явіцца ў міліцыю.

    Потым тэлефонную трубку ўзяў чалавек, які прадставіўся супрацоўнікам МУС. Ён пагражаў, што на Акрэсціна забяруць таксама бабулю і дзядулю Маліноўскай. У той дзень было яшчэ 2 званкі з Telegram мужа сястры Арыны, адзін з іх яна запісала, запіс размешчаны на сэрвісе Youtube.

    25 траўня Валянцін Кучарэнка ў прысутнасці сілавікоў зноў тэлефанаваў журналістцы ў Telegram. Толькі ўвечары таго дня стала вядома, што маладога чалавека нарэшце вызвалілі.

    ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» просіць правесці праверку прыведзеных вышэй звестак і спыніць ціск на журналістку Арыну Маліноўскую і яе родных.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці