Галоўная праблема – грошы. Беларуская Рада культуры падвяла вынікі 2024 года
З якімі вынікамі і выклікамі беларуская культура развітваецца з 2024 годам і сустракае 2025 год? Гэтым пытанням былі прысвечаныя Круглы стол «Вынікі 2024 года ў беларускай культуры: тэндэнцыі, адкрыцці, чаканні», які прайшоў у Вільні 18 снежня, а таксама грунтоўнае даследаванне Рады культуры «Поле незалежнай беларускай культуры 2024: актары, выклікі, будучыня». «Белсат» распавядае пра галоўныя тэзісы.
Скарачэнне фінансавання, усё большы разрыў паміж дзеячамі ў Беларусі і за мяжой, у той жа час – ажыўленне культурнага жыцця ўнутры краіны.
«Пра палову таго, што робіцца, не можам распавядаць»
Галоўны вынік 2024 года – тое, што з беларускай культурай усё ў парадку, наколькі гэта можа быць, мяркуе кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін.
«Яе не замяцеш пад плінтус, не забароніш, таму я б глядзеў аптымістычна. Мне не блізкая рыторыка, што ўсё кепска, усе дэматываваныя і ўсё разбурана. Хоць ёсць абставіны, якія не радуюць, але шмат станоўчага», – кажа Будкін.
Галоўная праблема, з якой цяпер даводзіцца змагацца беларускай незалежнай культуры як унутры Беларусі, так і ў выгнанні – пошук сродкаў на падтрымку беларускіх творцаў у сітуацыі адсутнасці дзяржаўнага бюджэту на хаця б мінімальнае фінансаванне культурніцкіх ініцыятываў і інстытутаў.
Але нават у такіх абмежаваных умовах Беларуская рада культуры імкнецца спрыяць з’яўленню новых ідэяў, супольнасцяў, пашырэнню кантактаў паміж беларускімі творцамі і дапамагаць ім у складаных сітуацыях.
Шмат працы сёлета было зроблена для развіцця культуры ўнутры Беларусі. Праца з дзеячамі, якія застаюцца на радзіме, застаецца прыярытэтнай для Рады культуры.
«Але прыкладна палову таго, што робіцца, мы не можам ні расказваць, ні паказваць з меркаванняў бяспекі», – зазначае Сяргей Будкін.
Што было зроблена (з таго, пра што можна казаць)
З замежных праектаў, рэалізаваных у 2024 годзе, кіраўнік Рады культуры вылучыў «Беларускія магістраты» і «Клуб беларускіх мецэнатаў» як прыклады мадэляў фінансавання культурніцкіх ініцыятываў з боку прыватных донараў – бізнесаў; «Культурны код» – кам’юніці, якое звазвае людзей з ІТ-індустрыі і беларускіх творцаў, праект «Васьміног», які даў жыццё шматлікім адукацыйным ініцыятывам; кірунак экстраннай дапамогі творцам; а таксама ArtPowerBelarus – флагманскі праект Беларускай рады культуры, рэалізаваны разам з Дацкім інстытутам культуры, які сканчаецца ў лютым 2025 года.
У рамках ArtPowerBelarus былі падтрыманыя шматлікія праекты ў розных сферах:
• тэатр: 13 праектаў, з якіх самыя заўважныя – спектакль «Зэкамерон», пастаўлены «купалаўцамі», «Мая мама ў турме» – пастаноўка і відэаверсія, «Сумны суп» тэатру «Прыехалі»;
• кіно: 14 праектаў, самыя яскравыя з іх – відэацыкл Максіма Жбанкова, прысвечаны 100-годдзю беларускага кіно, дакументальны фільм пра Уладзіміра Цэслера, серыя паказаў кінаклубу «Кінакола» у Варшаве, онлайн-кінатэатр «Водбліск», дзе можна паглядзець пэўныя фільмы беларускіх рэжысёраў;
• музыка: 18 праектаў, самыя цікавыя, на думку кіраўніка Рады культуры – запіс альбому «Пазначаныя жоўтым», прысвечанага палітвязням, канцэрт беларускага гурту з Партугаліі «Мова дрэва» у Варшаве;
• літаратура: 20 праектаў, сярод якіх самыя гучныя – кніга «Зэлменяне» Майсея Кульбака – непадцэнзурнае выданне, упершыню па-беларуску, прэзентацыя кнігі Вольгі Вялічкі «Мая мама ў турме», літаратурны ютуб-канал Андрэя Хадановіча, турнэ выдаўцоў па краінах Балтыі і Польшчы;
• мастацтва: 16 праектаў. Як самы заўважны Сяргей Будкін вылучыў праект, прысвечаны Алесю Пушкіну ў Музеі Вольнай Беларусі і сайт-каталог з творамі мастака;
• фальклор і захаванне спадчыны: 11 праектаў і самы буйны з іх – арганізацыя беларускага Купалля ў Даніі.
У Беларусі – ажыўленне, у эміграцыі — стагнацыя
У наступным годзе ArtPowerBelarus працягнецца. Па словах Сяргея Будкіна, Еўракамісія зацікаўленая ў працягу праекту. Увесну будзе больш інфармацыі.
Рада культуры падлічыла колькасць незалежных арганізацыяў, што працуюць у сферы культуры ў Беларусі і за мяжой: атрымалася 266 (летась у адкрытых крыніцах былі звесткі пра 170).
Гэтая колькасць, аднак, далёкая ад 100 % ахопу ўсіх ініцыятываў і арганізацыяў, так ці інакш звязаных з культурай, гаворыцца ў даследаванні стану культуры па выніка года, падрыхтаваным Радай культуры. Сярод новых ініцыятываў і арганізацыяў нямала тых, што дзейнічаюць у Беларусі. Як правіла, гэта камерцыйныя і паўкамерцыйныя ці цалкам валанцёрскія онлайн-праекты (блогі, падкасты і г. д.). Таксама ёсць выпадкі рэгістрацыі новых незалежных культурніцкіх установаў.
Рада культуры вылучае некалькі тэндэнцыяў у сферы беларускай культуры, якія сталі відавочнымі сёлета:
• паступовае змяншэнне колькасці зліквідаваных грамадскіх арганізацыяў, што мелі дачыненне да культуры. Паводле праваабаронцаў, да сярэдзіны 2023 года каля 220 арганізацыяў былі зліквідаваныя ўладамі, за апошні ж год гэты паказнік павялічыўся ўсяго на 19 арганізацыяў. Гэта кажа пра зачышчанае поле і сітуацыю, блізкую да вычарпанасці такога метаду ціску як ліквідацыя.
• з’яўленне новых культурніцкіх установаў ды ініцыятываў за межамі Беларусі і ў цэлым станоўчая дынаміка: праектаў, што афіцыйна спынілі існаванне, значна менш, чым тых, што з’явіліся цягам апошняга году. Аднак шмат якія ініцыятывы на паўзе, амаль не вядуць дзейнасці альбо зрэдку рэалізуюць культурніцкую актыўнасць.
• У Беларусі назіраецца рост і развіццё медыяпраектаў, падкастаў, выпуску адзення і мерчу, звязанага з традыцыйнаю культураю, спадчынай і беларускаю моваю. Таксама даволі дынамічна ў Беларусі развіваецца сфера музыкі: за апошні год з’явілася мноства новых моладзевых гуртоў розных жанраў, многія з якіх выбралі для сябе творчасць на беларускай мове.
• У эміграцыі агульная сітуацыя часта вызначаецца экспертамі як стагнацыя: колькасць масавых культурніцкіх імпрэзаў і вытворчасць культурніцкага прадукту ў параўнанні з 2020 – 2021 гадамі знізілася, як і цікавасць беларускіх дыяспараў да культурніцкіх івэнтаў. Найгорш сітуацыя адчуваецца ў сферах кіно і тэатру, найлепш – у кнігавыдавецкай справе.
Ад культурніцкага супраціву да забаўляльных праектаў
Паводле Рады культуры, тыя звесткі з Беларусі, якія даходзяць да замежжа, сведчаць пра асцярожна-пазітыўныя змены: паступова адыходзячы ад усіх шокаў апошніх гадоў, культурніцкія дзеячы, якія канчаткова для сябе пастанавілі заставацца і намацваць шляхі публічнай культурніцкай дзейнасці ў Беларусі, групуюцца паводле інтарэсаў, аднаўляюць тусоўкі і кам’юніці.
Пры гэтым разрыў паміж тымі, хто застаўся, і тымі, хто з’ехаў, адзначаецца экспертамі як галоўная лінія падзелу, а ў будучыні ён можа толькі паглыбіцца і стаць фатальным. Кантакт паміж дзвюма часткамі беларускай культуры – унутры Беларусі і ў эміграцыі – захоўваецца на ўзроўні асабістых стасункаў.
Што яшчэ характэрна для беларускай культуры:
• Паступовы адыход ад тэмаў палітыкі і пратэстаў 2020 года і ад траўматычных падзеяў апошніх гадоў. Гучаць меркаванні пра вычарпанасць гэтай тэмы, падзенне цікавасці да яе ў беларускай і замежнай аўдыторыяў, неабходнасць выйсці з каляіны ахвяры і шукаць новыя сюжэты ды ідэйную аснову творчасці.
• Спад аўтарскай актыўнасці, стварэння ўнікальных мастацкіх твораў. Часткова такая сітуацыя звязаная з ідэйным вакуумам, што з’явіўся на фоне вычарпання палітычнай тэмы.
• Расчараванне ў інстытутах і структурах, дэклараваныя мэты якіх часта не адпавядалі іх рэальным магчымасцям.
• Пераарыентацыя на замежнага спажыўца ў дзеячоў у эміграцыі. Сярод арганізацыяў, што бралі ўдзел у онлайн-апытанні і ў 2023, і ў 2024 гадах, толькі крыху больш за палову (60 %) адзначаюць Беларусь у якасці асноўнай тэрыторыі, на якую скіраваная іх дзейнасць.
• Паступовае скарачэнне фінансавай дапамогі, скіраванай на беларускую грамадзянскую супольнасць. У Беларусі, пачынаючы з 2020 – 2021 гадоў, легальная магчымасць скарыстацца замежнай грантавай дапамогай была цалкам перакрытая, і гэты драйвер развіцця незалежнага культурнага поля страціў сваю актуальнасць. Актары за мяжою прыйшлі да ўсведамлення вычарпанасці такой мадэлі. Грамадскія культурніцкія арганізацыі задумваюцца над наданнем камерцыйных паслугаў.
• Спад цікавасці да дзейнасці беларускіх культурніцкіх дзеячоў. Гэта адбываецца праз згасанне эфекту 2020 года і дэпалітызацыю беларускай дыяспары, а таксама праз асіміляцыйныя працэсы ў дыяспарах: людзі асвойваюцца ў замежжы, вывучаюць мовы і пачынаюць карыстацца мясцовай (небеларускай) культурніцкай інфраструктурай.
• Пераход ад культурніцкага супраціву да забаўляльнай сферы. Рэпрэсіі супраць творчай эліты, цэнзура і кантроль з боку дзяржавы пазбавілі незалежную культуру магчымасці выходзіць за межы арганізацыі вольнага часу рабочых. Таму шмат у чым той культурны пад’ём унутры Беларусі, што можна назіраць апошнім часам, мае выразны забаўляльны характар (майстар-класы, лекцыі пра класікаў сусветнага жывапісу, канцэрты класічнай музыкі і г. д.). У эміграцыі таксама бачная падобная тэндэнцыя, але там асноўныя прычыны пераходу да вытворчасці апалітычнага кантэнту – згаданыя вышэй вычарпанасць палітычнай сюжэтыкі і стомленасць траўматычнымі тэмамі.
Гэта ўсё вырашальна?
Дзве траціны культурніцкіх дзеячоў сёння ацэньваюць сітуацыю беларускага культурніцкага сектару як «перасамавызначэнне і перазбор». Траціна кажа, што мы назіраем крызіс і пераход у падполле. Большая частка творцаў, якія прынялі ўдзел у апытанні Рады культуры, зазначылі, што найбольш іх сёння непакоіць нястача рэсураў для развіцця, а іхныя арганізацыі альбо ў няўстойлівым стане, альбо на мяжы выжывання.
Фінансаванне займае першая месца ў рэйтынгу самых сур’ёзных выклікаў сярод беларускіх культурных дзеячоў.
«Так, асноўная праблема – недахоп рэсурсаў, што відавочна, але з гэтай праблемай можна працаваць. Гэта складана, але рэальна», – рэзюмуе кіраўнік Рады культуры Сяргей Будкін.