• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Галоўны наратыў прапаганды — «Калі не галасуеш, то не патрыёт», — Ірына Сідорская

    Мэдыяэкспэртка, даследчыца прапаганды Ірына Сідорская аналізуе асноўныя наратывы дзяржаўных прапагандыстаў падчас сёлетняй выбарчай кампаніі.

    Ірына Сідорская пра наратывы прапаганды на выбарах 2025

    Датэрміновае галасаваньне ў Менску. 23 студзеня 2025. Фота: AFP

    Сьцісла:

    • Ніякія альтэрнатывы, ніякія шляхі разьвіцьця грамадзтва падчас гэтай кампаніі ў дзяржаўных СМІ не абмяркоўваліся.
    • Прапаганда не хавала, што гэта наагул ніякія ня выбары, а толькі рытуал, спосаб прадэманстраваць сваю ляяльнасьць да ўлады.
    • У грамадзтва спрабавалі сфармаваць думку, што ўзяць удзел у выбарчай кампаніі — гэта абавязак сапраўдных патрыётаў.
    • Раней улада падчас такіх кампаній абяцала людзям, што неўзабаве жыцьцё палепшыцца. Цяпер такіх абяцаньняў не гучала.
    Ірына Сідорская. Фота:

    Ірына Сідорская. Фота з яе архіву

    — Як дзяржаўныя СМІ і прапагандысты асьвятлялі гэту выбарчую кампанію? Якія былі асноўныя стратэгічныя пасылы і кірункі? Чым асьвятленьне адрозьнівалася ад папярэдніх кампаній?

    — Адрозьненьні, відавочна, былі. Перш за ўсё — у ступені і маштабнасьці прапаганды. Усё ж у мінулых кампаніях яны імкнуліся паказаць, што гэта сапраўдныя выбары, што ёсьць розныя кандыдаты, якія маюць розныя погляды. А цяпер дзяржаўныя СМІ чытача і гледача падводзілі да думкі, што гэта, агулам кажучы, ніякія ня выбары.

    Гэта такі рытуал, калі людзі ідуць на выбарчыя ўчасткі — зь сям’ёй, суседзямі, пакідаюць там свой голас, ідуць у буфэт, потым глядзяць нейкі канцэрт — гэтым выконваюць свой абавязак.

    Другое, у чым спрабавалі пераканаць людзей, што выбары — гэта спосаб паказаць, што ты сапраўдны патрыёт. Грамадзянін павінен ня толькі прыйсьці і прагаласаваць, але паўдзельнічаць у кампаніі, паразмаўляць пра выбары з калегамі, суседзямі, падпісацца за кандыдата і гэтак далей. То бок фармавалася думка, што ўзяць удзел у выбарчай кампаніі — гэта абавязак сапраўдных патрыётаў.

    А тыя, хто кажуць, што ня хочуць удзельнічаць у кампаніі, ці абыякавыя, ці хочуць галасаваць супраць усіх — гэта не патрыёты, яны ня любяць Беларусь. То бок выбары — гэта нагода згуртавацца вакол дзейнай улады.

    Як прапаганда стварае культ асобы, або Інструкцыя па выкрыцці фэйкаў для чайнікаў

    Таксама традыцыйна было шмат спробаў пераканаць, што вакол ворагі, якія хочуць нас разарваць на шматкі — менавіта тады, калі ў нас кампанія. Але мы гэта ім не дамо зрабіць.

    — Выходзіць, праявіць любоў да краіны — гэта прагаласаваць за Лукашэнку?

    — Так, калі вы хочаце, каб у нас былі мір і спакой. Адрозьненьне яшчэ і ў тым, што раней улада ўсё ж абяцала людзям, што будзе лепей. Маўляў, выбераце Лукашэнку — і ўсё палепшыцца. Гэтым разам наагул няма ніякіх абяцаньняў. Укараняецца ўвесь час ідэя, што зараз так добра, што ня трэба нічога мяняць.

    — Мабыць, гэтым можна патлумачыць і той адметны факт, што выбарчая праграма кандыдата Лукашэнкі была апублікаваная толькі ў ня самых папулярных газэтах «Звязда» і «Рэспубліка» і не была разьмешчаная на дзяржаўных і каляўладных інтэрнэт-рэсурсах? Фактычна самі ўлады яе замаўчалі.

    — Так, я пра гэта і кажу, што ніякага рэальнага палітычнага складніку ў гэтай кампаніі не было. Ніякіх альтэрнатываў, ніякіх шляхоў разьвіцьця грамадзтва падчас кампаніі не абмяркоўваліся.

    Гучала толькі ўвесь час, што мы не дамо «пятай калёне», ворагам паўдзельнічаць у гэтых выбарах. Бо ўсе кандыдаты ў нас у адной каштоўнаснай рамцы.

    — Як, дарэчы, прапаганда ставілася да іншых кандыдатаў, акрамя галоўнага? Можна было заўважыць, што іхныя прозьвішчы замоўчваюць у сюжэтах, іхнія выступы і праграмы не абмяркоўваюцца.

    — Іх нібыта зусім не было. У афіцыйнай агенцыі БелТА, у іншых афіцыйных крыніцах іх практычна ня згадвалі. Калі часам і гаварылі, то ў сувязі з Лукашэнкам. Лукашэнка сказаў, што яму спадабаўся Сыранкоў, вось тады пра Сыранкова і сталі трошкі гаварыць.

    Яны апублікавалі свае праграмы, выступілі па тэлевізіі (тое, што прадугледжана паводле закону) — і на гэтым усё.

    Як беларускія блогеры сталі агітатарамі на «выбарах» і прасоўваюць Лукашэнку: расследаванне «Бюро»

    — Калі сярод кандыдатаў ворагаў не было, то хто быў галоўны праціўнік для прапаганды?

    — Гэта зразумела: тыя, хто за межамі Беларусі, так званыя «беглыя» і іхныя заходнія куратары. Было вельмі ярка прадэманстравана, што ніякай рызыкі ў гэты выбарчы тыдзень ня можа быць, бо ўсе падтрымліваюць уладу і ніякіх апазыцыянэраў няма. Але сілавікі не павінны расслабляцца, бо апазыцыянэры з‑за мяжы рыхтуюцца ў любы момант разарваць краіну на кавалкі. Але мы гэтага не дапусьцім.

    — Лукашэнка апошнія месяцы выбарачна вызваляў палітвязьняў, часам рабіў нейкія ўмоўна прымірэнчыя заявы ў бок Захаду. У сваёй праграме ён казаў пра жаданьне «перагарнуць старонку». Ці адлюстравалася гэта неяк у прапагандзе, ці зьмяніўся градус напружаньня?

    — Не, нічога такога не было заўважана. Мне здаецца, што гэтага не было наагул. Апошні тыдзень перад выбарамі для прапаганды вельмі напружаны час. І яны імкнуцца адпрацаваць максымальна прыкметна для ўлады, каб даказаць сваю патрэбнасьць.

    Бяз пэўных дасьледаваньняў я не рызыкну дакладна ацэньваць эфэктыўнасьць дзеяньняў прапаганды, наколькі яна спрацоўвае. Але вонкава, назіраючы, як яна працуе, я не магу ахарактарызаваць яе як прывабную і эфэктыўную.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці