Галоўны рэдактар “Народнай волі” сустрэўся з магілёўскімі чытачамі (ФОТА)
У грамадскім цэнтры “Кола” ў Магілёве 27 лютага адбылася сустрэча галоўнага рэдактара газеты “Народная воля” Іосіфа Сярэдзіча з чытачамі і мясцовымі грамадскімі актывістамі.
Падчас сустрэчы спадар Сярэдзіч распавёў пра сённяшняе жыццё газеты, падзяліўся планамі выдання на будучыню і адказаў на шматлікія пытанні ўдзельнікаў сустрэчы.
Прыезд галоўнага рэдактара папулярнай газеты выклікаў вялікую цікавасць у жыхароў Магілёва – на сустрэчу сабралася каля сямідзесяці чалавек. Іосіф Паўлавіч грунтоўна адказваў на ўсе пытанні, хаця сярод іх хапала і вострых. На думку рэдактара, “Народная воля” піша пра тое, што сапраўды хвалюе беларусаў, заўсёды стараецца даваць аб’ектыўную інфармацыю і прытрымлівацца нейтральнай пазіцыі.
Іосіф Сярэдзіч выказаў меркаванне, што “Народная воля” магла б рабіць адмысловы рэгіянальны дадатак для жыхароў Магілёўшчыны, калі ў гэтым будуць зацікаўленыя мясцовыя дэмакратычныя грамадскія арганізацыі – гэта дазволіла б павялічыць колькасць падпісчыкаў газеты ў рэгіёне. Таксама галоўны рэдактар “Народнай волі” даў свае парады некалькі магіляўчанам, што звярнуліся да яго з просьбай дапамагчы ў вырашэнні асабістых праблем.
Напрыканцы сустрэчы Іосіф Паўлавіч па просьбе яе ўдзельнікаў пакінуў свае аўтографы ахвотным і сфатаграфаваўся з імі на памяць.
Сустрэча ў Магілёве доўжылася больш за 2, 5 гадзіны. Яе дапамагалі зладзіць мясцовыя актывісты прафсаюза РЭП і сябры ГА “БАЖ” Магілёўшчыны.
Газета “Народная воля” выдаецца з ліпеня 1995 года, ад самага пачатку яе заснавальнікам і галоўным рэдактарам з’яўляецца Іосіф Паўлавіч Сярэдзіч.