“Газеце Слонімскай” зноў адмовілі ў падпісцы і распаўсюдзе. Адказы — як пад капірку
Днямі галоўны рэдактар “Газеты Слонімскай” і “Отдушины” Віктар Валадашчук атрымаў чарговыя адмовы на свае звароты ў РУП “Белпошта” і ГРУП “Белсаюздрук” аб уключэнні слонімскіх недзяржаўных выданняў у падпісны каталог “Белпошты” і сістэму распаўсюду праз кіёскі “Саюздруку” на другое паўгоддзе 2016 года.
На свае запаты пра вяртанне газеты ў дзяржаўную сістэму распаўсюду галоўны рэдактар атрымлівае адказы-адмовы, напісаныя як пад капірку. Так адбываецца пачынаючы з 2006 года, калі пасля прэзідэнцкіх выбараў “Газету Слонімскую” выкінулі з падпіскі на пошце і з газетных кіёскаў.
“…РУП “Белпошта” лічыць немэтазгодным уключэнне ў падпісны каталог выданняў “Газета Слонімская” і “Отдушина”, бо Вашы патрабаванні не грунтуюцца на нормах заканадаўства”, — у чарговы раз піша сп-ру Валадашчуку гендырэктар Белпошты. А дырэктар ГРУП “Белсаюздрук” прапаноўвае звярнуцца па пытаннях рэалізацыі ва УП “Гроднааблсаюздрук”, адкуль з 2006 года прыходзяць усё тыя ж адпіскі-адмовы.
Віктар Валадашчук звяртаўся з запытам у Міністэрства сувязі і інфарматызацыі і Міністэрства інфармацыі. Ён спрабаваў высветліць, што яму як выдаўцу і галоўнаму рэдактару трэба зрабіць, каб “Газета Слонімская” і “Отдушина” трапілі ў падпісны каталог і кіёскі.
“…У выпадку нязгоды з дзеяннямі РУП “Белпошта”, наконт выканання (невыкананння) абавязкаў па прыёму падпіскі, дастаўцы і пераадрасацыі друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, Вы маеце права звярнуцца з позвай у суд…”, — гаворыцца ў лісце з Мінсувязі.
“ …Мінінфарм не мае права ўмешвацца ў дзейнасць самастойных суб’ектаў гаспадарання і прымушаць іх заключыць дамову”, — піша Міністэрства інфармацыі на чарговы зварот па пытаннях падпіскі і распаўсюду выданняў ПУП “Газета Слонімская”.
“Відавочна, што гэта пытанне палітычнай волі, а не справа суб’ектаў гаспадарання, — пракаментаваў сітуацыю для baj.by галоўны рэдактар-дырэктар ПУП рэдакцыя газеты “Газета Слонімская” Віктар Валадашчук. – Хаця адказу па сутнасці на свае запыты я зноў не атрымаў. Калі толькі будзе галосны ці негалосны загад зверху — і “Белпошта”, і “Саюздрук” прымуць нашы газеты ў свае абдымкі, як тое ўжо было ў свой час з “Народнай воляй” і “Нашай Нівай”. Але пакуль такога загаду, відаць, не было”.
Звяртацца з позвай у суд, як тое раіць Мінсувязі, Віктар Валадашчук не бачыць сэнсу.
Разам з тым, недзяржаўная газета “Борисовские новости” на свой зварот у “Мінаблсаюздрук” наконт аднаўлення супрацоўніцтва атрымаў не адпіску, а пералік дакументаў, неабходных для разгляду прапановы. У прыватнасці, у рэдакцыі запыталі копію пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі, выпіску са Статута, узор выдання і г.д. У газеце спадзяюцца, што гэта добры знак.