Газета ў Маларыце правяла апытанку наконт Хэлоўіна: сярод «выпадковых жыхароў» — ідэолаг, святар, завуч гімназіі
Напярэдадні Хэлоўіна маларыцкая раённая газета «Голас часу» вырашыла пацікавіцца ў мясцовых жыхароў пра іх стаўленне да гэтага святкавання. Сярод тых, каго апытвалі, выпадковых людзей чамусьці не аказалася.
Пра Хэлоўін выказалася, у прыватнасці, старшы інспектар аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Маларыцкага райвыканкама Клаўдзія Буян. Паводле яе слоў, гэты Дзень усіх святых не мае ніякага дачынення да беларускай нацыянальнай культурнай і духоўнай традыцыі.
«Заканадаўчая база нашай дзяржавы замацоўвае прыярытэт традыцыйных беларускіх каштоўнасцяў, неад’емнай часткай якіх з’яўляюцца каштоўнасці хрысціянскай культуры, маралі і маральнасці. Каляды, Радаўніца, Вадохрышча, Вялікдзень, 9 Мая, Новы год і іншыя — гэта наша гісторыя, якую неабходна беражліва захоўваць і перадаваць маладому пакаленню», — адначае маларыцкі ідэолаг.
Паводле яе слоў, Хэлоўін святкуюць у Беларусі толькі тыя, хто «бачыць у заходнім свеце эталон усяго». А гэта нібыта вядзе да таго, што «мы не толькі губляем самапавагу, але і навучыліся грэбаваць уласнай культурай і нават верай, стварылі ўласны комплекс непаўнавартаснасці ў імкненні да еўрапейскай цывілізацыі, якая ў апошні час усё больш і больш скочваецца да першабытнага амаральнага быцця».
Яшчэ адным «голасам» з народа, што выказалася ў дзяржаўнай газеце на тэму Хэлоўіна, была намеснік дырэктара па выхаваўчай працы Маларыцкай раённай гімназіі Наталля Асіпук. Яна перакананая, што «нават калі людзі зусім нічога не ўкладаюць у Хэлоўін, ён можа быць небяспечны тым, што адбываецца скажэнне традыцыйнага ўспрыняцця дабра і зла».
Педагог зазначыла, што гэтае свята «з’яўляецца сродкам дэгуманізацыі і дэманізацыі дзіцячай свядомасці, уводзячы моду на атрыбутыку і адзенне з выявай смерці, разбурэння, дысгармоніі, паэтызуючы жорсткасць». Кажа, што гэта не міне бясследна ні для псіхічнага стану дзяцей, ні для асабістага развіцця.
«Выпадковым жыхаром» для апытанкі стаў і святар праваслаўнай царквы ў Маларыце Віктар Паляціла. Ён адразу адзначыў, што «Руская Праваслаўная Царква згадванне Хэлоўіна не ўхваляе», бо мае свой Дзень усіх святых.
«Хэлоўін — гэта спроба пасябраваць з нячыстай сілай. Гэта віток акультызму. Яго спрытна выкарыстоўвае д’ябал, усяляючы людзям, што гэта выдатнае бяскрыўднае мерапрыемства, на якім проста весела і цікава, — кажа праваслаўны святар. — Калі бацькі апранаюць сваё дзіця ва ўборы дэманаў, вампіраў, вядзьмарак ды іншай нечысці, то яны выхоўваюць супернікаў дабра, наносяць шкоду юнай душы… Што ж дзівіцца потым: адкуль у дзяцей столькі жорсткасці ў стасунках адзін з адным, у адносінах да жывёл і наогул да прыроды».
Іншых меркаванняў людзей з Маларыты наконт святкавання Хэлоўіна мясцовая дзяржаўная газета не выкладае, таму ў чытачоў можа скласціся ўражанне, што сапраўды гэта свята нясе суцэльны негатыў і мае выключна адмоўныя рысы.
Чытайце яшчэ:
«Пазл склаўся». Ігар Ільяш пракаментаваў гіпотэзу, якая пралівае святло на другі прысуд Кацярыне Андрэевай
Пагрозы, харасмент, судовыя цяжбы. Журналісты краін Балтыі — пра выклікі для медыя
Махачкала — Менск. Як прапаганда прыводзіць да пагромаў. Тлумачаць экспэрты