Gazeta Wyborcza назвала Чалавекам года ўкраінскага пісьменніка Сяргея Жадана
Украінскі пісьменнік, паэт, сябра Украінскага ПЭНа і ганаровы сябра Беларускага ПЭНа Сяргей Жадан стаў Чалавекам года па версіі польскага выдання Gazeta Wyborcza.
Першым Чалавекам года Gazeta Wyborcza назвала Вацлава Гавела ў 1999 годзе, летась гэты тытул рэдакцыя прысвоіла Святлане Ціханоўскай.
Чалавекам года Gazeta Wyborcza стаў пісьменнік, паэт, актывіст і валанцёр Сяргей Жадан з Харкава.
«24 лютага 2022 года наша жыццё перавярнулася з ног на галаву. Апошнія 30 гадоў мы пражылі ў часы міру, стабільнасці і адноснага дабрабыту. Мы бесклапотна глядзелі ў будучыню, плануючы чарговыя адпачынак, адлічваючы бліжэйшыя гады пагашэння крэдыту за кватэру. Нашу польскую лодку патрасалі ўлады ПіС, але мы меркавалі, што гэта часовыя праблемы. Што мы перажывем гэта. Бо павінна быць толькі лепш. Эх… Вось ужо два месяцы мы назіраем жахлівыя выявы з Украіны, якая абараняецца ад расійскай агрэсіі. Мы бачым гераізм украінскіх салдат, якія паспяхова супрацьстаяць «другой арміі свету», разбураючы яе планы хуткага заваявання Украіны. Мы бачым дзіўную арганізацыю ўкраінскай дзяржавы, якая, нягледзячы на бамбёжкі, працягвае функцыянаваць. Мы бачым неверагоднае адзінства ўкраінскага грамадства, а з іншага боку, небывалае адзінства Захаду, які, памятаючы пра трагічныя памылкі гісторыі, не арганізаваў другую канферэнцыю ў Мюнхене, не паддаўся на шантаж, але падтрымлівае ўкраінцаў сучаснай зброяй і грашыма», — гаворыцца на сайце рэдакцыі.
«У гэтым годзе ўвесь свет глядзіць на Украіну. Няма цяпер важнейшай краіны, чым Украіна, няма важнейшага палітыка, чым прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Цэлым сэрцам мы з Украінаю. Цяперашні канфлікт — гэта канфлікт са светам дэмакратыі, талерантнасці, павагі свету дыктатуры і рэпрэсій», — адзначыў Адам Міхнік, галоўны рэдактар Gazeta Wyborcza.