• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Генадзя Мажэйку накіравалі ў папраўчую калонію «Віцьба‑3»

    У віцебскай папраўчай калоніі № 3 палітзняволены былы журналіст «Комсомольскай правды» в Беларуси» Генадзь Мажэйка мусіць адбыць прысуд — 3 гады пазбаўлення волі — паводле абвінавачання за абразу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (арт. 368 Крымінальнага кодэкса) і распальванне варожасці ці варажнечы (арт. 130 Крымінальнага кодэкса).

    Пакаранне 23 сакавіка 2023 года прызначыла журналісту суддзя Мінскага гарадскога суда Таццяна Фалькоўская.  

    Генадзя Мажэйку затрымалі 1 кастрычніка 2021 года ў маскоўскім аэрапорце, адкуль ён спрабаваў вылецець у Варшаву, вярнулі ў Беларусь нібыта як асобу, уезд якой у Расію непажаданы, і перадалі беларускім сілавікам. Пазней высветлілася, што ў спісах неўязных у РФ журналіста не было.

    Падставай для затрымання стаў артыкул пра рэзананснае здарэнне ў Мінску 28 верасня — так званую «справу Зельцара». Пра ўварванне ўзброеных байцоў спецпадраздзялення КДБ у кватэру да праграміста Андрэя Зельцара, які застрэліў кадэбіста, а потым і сам быў забіты, напісалі ўсе беларускія і шмат якія замежныя медыя.

    Генадзь Мажэйка пагутарыў з аднакласніцай Зельцара, якая станоўча ахарактарызавала сябра дзяцінства. Артыкул з яе аповедам выйшаў увечары 28 верасня. У той жа дзень Міністэрства інфармацыі неадкладна заблакавала сайт «КП в Беларуси» за «гераізацыю тэрарыста».

    Пасля затрымання ў Маскве і дэпартацыі ў Мінск дома ў журналіста правялі ператрус і выставілі яму абвінавачанні паводле двух артыкулаў: «Распальванне варожасці» (арт. 130 КК) і «Абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК). Генадзя Мажэйку спачатку адвезлі ў ІЧУ на Акрэсціна, потым змясцілі ў следчую турму № 8 у Жодзіна, а ў канцы снежня 2021 года перавялі ў мінскі СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага.

    Падчас следства ў абвінавачанні змянілі артыкул «Абраза прадстаўніка ўлады» на «Абразу прэзідэнта» і вылучылі гэта ў асобную крымінальную справу. Абвінавачанне будавалася на эпізодзе падчас сустрэчы з выбарцамі дэпутата Палаты прадстаўнікоў Валерыя Варанецкага ў верасні 2020 года. Генадзь Мажэйка прысутнічаў там як журналіст, і сілавікі знайшлі адпаведны запіс на ягоным дыктафоне.

    На падставе пачутага следчыя заявілі, што журналіст абражаў Аляксандра Лукашэнку: «падтрымліваючы апазіцыйна настроеных удзельнікаў сустрэчы, праводзіў агітацыю супраць дзеючай улады, парушаючы агульначалавечую мараль». Следства і суд не прынялі да ўвагі той факт, што адвакат Мажэйкі меў відэазапіс сустрэчы, і на ім відаць, што журналіст маўчыць у той момант, калі фразу «…хіба можа нармальны чалавек з аўтаматам бегаць? Гэта ж звар’яцелы вырадак!», якую палічылі абразлівай, прамаўляе іншы мужчына.

    Дзяржаўны абвінаваўца запатрабаваў для журналіста тры гады зняволення. Менавіта такое пакаранне прызначыла журналісту суддзя Таццяна Фалькоўская.

    16 чэрвеня суддзя Вярхоўнага суда Уладзімір Чаравач, адхіліў апеляцыйную скаргу Генадзя Мажэйкі і пакінуў прысуд у сіле. Услед 29 чэрвеня КДБ РБ дадаў палітзняволенага журналіста ў «тэрарыстычны спіс», 30 чэрвеня МУС РБ унесла яго ў «спіс экстрэмістаў».

    Чытайце яшчэ:

    Ларыса Шчыракова адмовілася пісаць апеляцыю на прысуд

    Родным Анджэя Пачобута ўручылі медаль 75-годдзя місіі Яна Карскага

    «Размаўляем на чатырох мовах». Жонка зняволенага журналіста расказала, як абжываецца на новым месцы сярод Атлантыкі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці