Гісторыі пра непаўнагадовых: як пісаць?
Сітуацыя з нападам мінскага гімназіста на настаўніцу папоўніла шэраг няпростых для журналістаў гісторый. Далікатны ўзрост герояў публікацыі, нежаданне траўмаваных фізічна і маральна людзей даваць каментары – вось далёка не поўны пералік цяжкасцяў, з якімі даводзіцца сутыкацца журналістам у падобных выпадках.
Пісаць пра траўмы, канфлікты і катастрофы – цэлая навука. Таму і займаецца ёй сур’ёзная ўстанова – Дарт-цэнтр журналістыкі і траўмы, ён заснаваны ў 1991 годзе і цяпер функцыянуе на базе Калумбійскага ўніверсітэта.
Прэс-служба ГА “БАЖ” распачынае серыю публікацый, у якіх будзе знаёміць з парадамі Дарт-цэнтра на розныя “выпадкі журналісцкага жыцця”. А беларускіх калег, якім даводзілася асвятляць праблемныя тэмы, мы папросім ацаніць прыдатнасць гэтых парадаў у нашых умовах і падзяліцца ўласным досведам.
Нашыя першыя суразмоўцы – Арцём Гарбацэвіч з “Нашай Нівы” і Алесь Пілецкі з “Еўрарадыё”, якія пабывалі на месцы інцыдэнту у мінскай гімназіі №74.
Абодвух мы папрасілі ацаніць парады Дарт-цэнтра наконт асвятлення траўматычных падзеяў з удзелам дзяцей.
Агульныя парады Дарт-цэнтра пры правядзенні інтэрв’ю з дзецьмі:
- Намагайцеся атрымаць інфармаваную згоду бацькоў або апекуноў, перш чым браць інтэрв’ю ў дзіцяці ці фатаграфаваць яго/яе. Растлумачце дарослым і дзіцяці, чаму вы хочаце пагаварыць з імі і як будзе выкарыстана ваша інтэрв’ю.
- Разам вызначце правілы правядзення інтэрв’ю. Выразна акрэсліце, што будзе пад запіс, а што – не.
- Забяспечце прысутнасць кагосьці з бацькоў або іншых адказных дарослых. Калі гэта немагчыма, атрымайце згоду дарослага перад публікацыяй або трансляцыяй інтэрв’ю.
- Дайце зразумець, што вы – журналіст, які асвятляе навіны. Будзьце асцярожныя, каб не выступаць у якасці “сябра”. Не давайце абяцанняў дапамагчы, калі вы не зможаце іх выканаць.
- Знайдзіце ціхае месца для інтэрв’ю і рабіць ўсё магчымае, каб супакоіць дзіця. Размаўляйце шчыра, як з дарослым.
- Калі інтэрв’ю скончана, узгадніце ўсе цытаты, якія вы хочаце выкарыстаць, з адказным дарослым.
На месцы злачынства ці катастрофы:
- Пазбягайце інтэрв’ю з дзецьмі на месцы здарэння. Яны, верагодна, знаходзяцца ў шоку і маюць патрэбу ў суцяшэнні.
- Калі інтэрв’ю ўсё ж можна правесці на месцы, знайдзіце ціхі закуток, каб пагаварыць у баку ад мітусні сярод аварыйных службаў і іншых ахвяраў.
- Не публікуйце фотоздымкі дзяцей без папярэдняга дазволу адказнага дарослага. Фотаздымак траўмаванага дзіцяці драматычны і ўзрушальны, але ён жа можа прыносіць боль і засмучаць саму ахвяру.
- Задавайце адкрытыя пытанні, кшталту “Што адбылося далей?” Пазбягайце задаваць наводзячыя пытанні, тыпу “Вы спалохаліся?”
- Траўмаваныя людзі часта маюць праблемы з прыняццем рашэнняў. Будзьце гатовыя, што і дарослыя, і дзеці могуць змяніць сваё меркаванне пасля таго, як інтэрв’ю скончана. Калі такое адбудзецца, не выкарыстоўвайце матэрыял.
- Пачакайце, пакуль бацькі і дзіця не будуць гатовыя гаварыць – нават калі гэта адбудзецца праз некалькі тыдняў ці месяцаў пасля крызісу. Верагодна, інтэрв’ю атрымаецца значна лепш.
Дайце дзіцяці як мага больш кантролю ў інтэрв’ю:
- Падкрэсліце, што ён/яна можа не адказваць на нейкае пытанне ці папрасіць вас не выкарыстоўваць канфідэнцыйную інфармацыю.
- Трымайце ноўтбук або дыктафон у полі зроку, каб суб’ект інтэрв’ю мог бачыць, якія словы запісваюцца.
- Усведамляйце, што дзеці могуць быць няшчырымі, могуць казаць тое, што вы, па іх меркаванні, жадаеце ад іх пачуць.
- Задавайце адкрытыя пытанні: “Які быў самы цяжкі момант?” а не “Вы спалохаліся?” Пытанні не павінныя ўтрымліваць ў сабе адказаў. Пазбягайце пытанняў, на якія можна адказаць толькі “так” або “не”.
Інтэрв’ю з дзецьмі пра ранейшую траўму:
- Даведайцеся ўсю магчымую інфармацыю пра гэты інцыдэнт да пачатку інтэрв’ю, пагаварыце з бацькамі, кансультантамі, выкладчыкамі і медыцынскімі работнікамі. Пачытайце дакументы – напрыклад, паліцэйскія справаздачы і пратаколы судовых пасяджэнняў, якія распавядаюць факты.
- Распытайце бацькоў і іншых пра тэмы або дэталі, асабліва цяжкія для дзіцяці.
- Дазвольце дзіцяці і бацькам выбраць знаёмую абстаноўку для інтэрв’ю.
- Не размаўляйце з дзіцём звысоку, незалежна ад таго, наколькі яно малое. Паважайце яго пачуцці і манеру выкладання падзеяў. Будзьце гатовыя да ўсяго – дзеці могуць і не гараваць у тых момантах, дзе вы чакаеце гэтага.
- Падагульніце, што вы пачулі, і дайце шанец выправіць памылкі.
- Пачытайце навучальную літаратуру або звярніцеся да кансультантаў наконт таго, якія пытанні лепш задаваць дзецям рознага ўзросту. Напрыклад, дзіця меншага ўзросту можа не ўзгадаць храналогію падзеяў, але, магчыма, апіша цацку, з якой гуляўся, калі наляцеў ураган.
- Не трэба чакаць ад дяцей, якім менш за 13 гадоў, падрабязных фактычных расповедаў. Шукайце факты ў дакументах і іншых крыніцах.
- Не задавайце пытанняў, якія могуць нарадзіць пачуццё віны: тыпу “Ці былі вы прышпілены рамянём бяспекі?” або “Вы заўсёды ходзіце адзін/адна па начах?”
- Майце на ўвазе, што пераказ траўматычнай падзеі можа выклікаць моцныя эмоцыі ў суразмоўцы нават праз шмат гадоў. Будзьце гатовыя мець справу з моцнымі рэакцыямі або забяспечце прысутнасць побач таго, хто можа падтрымаць – напрыклад, чальца сям’і ці кансультанта.
- Працягласць інтэрв’ю павінна суадносіцца з узростам: не больш за 30 хвілін для дзяцей да 9 гадоў, 45 хвілін для дзяцей ва ўзросце ад 10 да 14 гадоў і адну гадзіну – для падлеткаў.
- Рабіце перапынкі, калі дзіцяці робіцца сумна і яго ўвага рассейваецца. Магчыма, такім чынам дзіця паказвае вам, што яно эмацыйна знясіленае.
- Не выкарыстоўвайце інфармацыю, якая можа збянтэжыць ці пакрыўдзіць дзіця – нават з яго дазволу. Дзеці раскажуць вам проста ні пра што, але гэта не значыць, што трэба пісаць усё (калі толькі гэта дэталь не займае цэнтральнае месца ў гісторыі) – напрыклад, пра начное нетрыманне мачы або незаконнае ўжыванне наркотыкаў.
- Пераправерце з бацькамі і старэйшымі дзецьмі матэрыял пасля інтэрв’ю, пакажыце, якія цытаты будуць выкарыстоўвацца і калі адбудзецца публікацыя. Дашліце ім выніковы матэрыял.
Арцём Гарбацэвіч: Не заўсёды ёсць магчымасць узяць дазвол у бацькоў
– На мой погляд, рэкамендацыі Дарт-цэнтра вельмі добрыя, але на практыцы падаюцца занадта ідэальнымі.
Напрыклад, калі браць выпадак у гімназіі №74, у нас быў адзін суразмоўца, які пагадзіўся падрабязна распавесці пра здарэнне. У гэтай сітуацыі ў нас не было магчымасці ўзяць у бацькоў дазвол, хоць Дарт-цэнтр рэкамендуе журналістам рабіць менавіта так. І тым больш не было магчымасці праверыць з бацькамі матэрыял, які быў напісаны потым. Таму мы проста вырашылі здымаць школьніка са спіны, каб не раскрываць яго асобу.
Таксама сярод парадаў ёсць прапанова адвесці чалавека куды-небудзь з месца здарэння. Але мне падаецца, гэта таксама маларэальна і наогул можа падацца чалавеку падазроным: зусім нядаўна вось тут адбылося нешта драматычнае, а нейкія людзі, што называюцца журналістамі, адводзяць цябе кудысьці ўбок. На мой погляд, гэта акурат можа выклікаць стрэс і недавер дзіцяці, а не прынесці карысць.
Бывае, што людзі ў стрэсавай сітуацыі кідаюцца на журналістаў, пытаюць: Навошта гэта вам, навошта вы лезеце сюды? І словы пра тое, што праца журналістаў – інфармаваць грамадства, іх не пераконваюць. Для гэтага выпадку я выкарыстоўваю такі падыход: кажу, што журналісты пішуць пра здарэнне, каб засцерагчы ад паўтарэння сітуацыі. І што героі, расказаўшы нешта, дапамогуць іншым.
Яшчэ адзін важны момант, на які варта звяртаць увагу з усімі суразмоўцаў у стрэсавай альбо драматычнай сітуацыі, – гэта праўдзівасць іх слоў. Вельмі часта бывае, што чалавек і праўду, і домыслы, і думкі змешвае ў адно. Таму на месцы такіх падзеяў вельмі важна цвяроза і крытычна ацэньваць кожнае слова і ўдакладняць усе моманты… Але ў цэлым парады добрыя.
Алесь Пілецкі: Да інфармацыі ад дзяцей трэба ставіцца вельмі крытычна
– Парады Дарт-цэнтра выглядаюць вельмі прыгожа і ідэальна. Было б выдатна прытрымлівацца такіх норм. Прычым, на маю думку, яны не толькі дзяцей павінны датычыць, але наогул любога інтэрв’ю.
Але на практыцы бывае не так проста. Напрыклад, падчас апошняга здарэння ў гімназіі №74 я размаўляў з некаторымі вучнямі. Некаторыя з іх былі з бацькамі, некаторыя – без. Натуральна, я прадстаўляўся журналістам. Але, каб атрымаць інфармацыю, мне трэба было спыняць людзей, можна сказаць, “чапляцца” да іх. Каб сабраць першасную інфармацыю, я наогул не вымаў дыктафона, а проста размаўляў з людзьмі. Зразумела, што ў гэтым выпадку я не папярэджваў чалавека пра інтэрв’ю, не рыхтаваў яго ніякім чынам.
А вось што яшчэ варта было б дадаць да парадаў Дарт-цэнтра – дык гэта неабходнасць правяраць факты, якія расказваюць дзеці. Яны не заўсёды падаюць аб’ектыўную інфармацыю, і нават не з жадання схлусіць. Проста яны часам не могуць аддзяліць нейкія выдумкі ад таго, што насамрэч бачылі.
Напрыклад, ты пытаешся ў вучня чацвёртага класа пра нейкія падзеі, ён табе расказвае, расказвае… А потым ты ўдакладняеш, ці ён насамрэч нешта бачыў. А ён гаворыць: “Не, я нічога сам не бачыў, я ўсё прачытаў у інтэрнэце…” Таму, працуючы з дзецьмі, трэба быць вельмі пільнымі адносна любой інфармацыі і ўсё ж імкнуцца паразмаўляць з дарослымі.