Гомельская міліцыя не падзяляе занепакоенасці ГА “БАЖ” лёсам фрылансераў
Аддзелы ўнутраных спраў (АУС) Гомельскага і Калінкавіцкага райвыканкамаў адпісаліся на звароты журналісцкай арганізацыі датычна пераследу фрылансераў. З адказаў вынікае, што міліцыя не збіраецца “садзейнічаць спыненню неабгрунтаванага ўмяшальніцтва” сваіх супрацоўнікаў у працу журналістаў.
6 студзеня ГА “БАЖ” пісьмова звярнулася да начальнікаў Гомельскага і Калінкавіцкага АУС – тых, чые супрацоўнікі складалі пратаколы на аштрафаваных пазней журналістаў Кастуся Жукоўскага і Ларысу Шчыракову.
Арганізацыя выказвала занепакоенасць у сувязі з аднаўленнем пераследу журналістаў і заклікала міліцэйскае начальства садзейнічаць спыненню такой практыкі з боку сваіх падначаленых.
Да пасланняў было прыкладзена падрыхтаванае юрыстамі ГА “БАЖ” Абгрунтаванне неправамернасці прыцягнення да адказнасці журналістаў-фрылансераў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ.
Часовы выканаўца абавязкаў начальніка аддзела Калінкавіцкага АУС Аляксандр Сівак паінфармаваў, што зварот БАЖ фактычна дублюе скаргу самога Жукоўскага, якую накіравалі ў суд разам з яго справай.
А начальнік АУС Гомельскага райвыканкама Васіль Краўцоў паведаміў толькі, што “для абскарджання прынятага рашэння па ч.2 арт. 22.9 КаАП… неабходна звяртацца ў суд Гомельскага раёна”.
Нагадаем, што адначасова ГА “БАЖ” напісала і ў Адміністрацыю Прэзідэнта, заклікаючы “садзейнічаць спыненню неабгрунтаванага ўмяшання супрацоўнікаў органаў унутраных спраў у права журналістаў на свабоднае атрыманне, захаванне і распаўсюд інфармацыі, свабоду выказвання меркаванняў і перакананняў, гарантаваныя артыкуламі 33 і 34 Канстытуцыі Беларусі”.
Адказу ад гэтага ведамства пакуль няма. Між тым, суды над журналістамі-фрылансерамі працягваюцца.
ГА “БАЖ” звярнулася ў Адміністрацыю Прэзідэнта з нагоды пераследу журналістаў-фрылансераў
Абгрунтаванне неправамернасці прыцягнення да адказнасці журналістаў-фрылансераў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ